Украінскія бежанцы: жанчыны вярнуліся, мужчыны засталіся, баючыся прызыву

З пачатку года ў Беларусь пераехалі каля 30 тысяч украінцаў. Натуральна, у вялікай ступені з-за вайны.

“Па Гомельскай вобласці з 1 верасня лічба людзей, якія прыбылі з Данецка і Луганска, ― пад тысячу чалавек, ― дзеліцца звесткамі начальнік дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей БягунГэта асобы, якія маюць урэгуляваны прававы статус: від на жыхарства, часовае пражыванне па блізкіх сваяках, валоданне нерухомасцю на праве прыватнай уласнасці. Па краіне мы прынялі 20 рашэнняў па адмове ў падачы статуса бежанцаў альбо дадатковай абароны”.

Нагадаем, што з пачатку восені ў Беларусі запрацаваў указ, які дазваляе прыстройваць украінскіх дзяцей у нашы школы, нават калі праз аб’ектыўныя прычыны не хапае ўсіх дакументаў. Таксама ўкраінцы вызваленыя ад выплачвання некаторых пошлін за афармленне дакументаў. Разгляд іх спраў у міграцыйнай службе займае не больш за пяць дзён.

Для уцёкаў ад вайны Беларусь ― далёка не найгоршае месца. Хоць людзі жывуць і не багата, але з голаду памерці не дадуць.

Дапамагаюць мігрантам з Украіны і ў “Чырвоным крыжы”. У гомельскім філіяле гэтай арганізацыі распавядаюць, што ўцекачам купляюць лекі першай неабходнасці і нават…квіткі дадому. Грошы на спецыяльныя рахункі пералічваюць неабыякавыя беларусы. Назбіралі каля 360 мільёнаў.

“Лекі ― гэта інсулін альбо супрацьсутаргавыя прэпараты для дзяцей-інвалідаў. Часам грошы ідуць на аплату экстраных аперацый”, ― тлумачаць у гомельскім “Чырвоным крыжы”.

Еўрарадыё: Аперацыі звязаныя з раненнямі, атрыманымі ў Данецку і Луганску?

“Чырвоны крыж”: Не, звычайныя аперацыі. Была жанчына, напрыклад, у якой была гангрэна нагі і была патрэбная дапамога. Таксама мы купляем білеты тым, хто жадае вярнуцца назад у Данецкую і Луганскую вобласці. Штотыднёва білеты купляем. Нават вы тэлефануеце, і ў дадзены момант у суседнім кабінеце людзі сядзяць і складаюць заяву на набыццё квіткоў.

Еўрарадыё: Чаму хочуць вярнуцца?

“Чырвоны крыж”: Усё адно Радзіма ёсць Радзіма. Людзі вяртаюцца ў свае кватэры, у свае дамы, якія там пакінулі. Гэта не масава, але перыядычна здараецца.

Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскага аблвыканкама па магчымасці працаўладкоўвае украінцаў. Але відавочна, што гэтага чынавенскага рэсурсу не хапае. Да прыкладу, намеснік старшыні Камітэта Леанід Мальчук паведаміў Еўрарадыё, што яму нават не вядома апошняя лічба па асобах, якія звярнуліся па дапамогу наконт працы.

А соладка прыходзіцца далёка не ўсім перасяленцам з Украіны.

“У сярэдзіне верасня я, мама, бабуля і сястра прыехалі ў Беларусь, ― распавядае Алена, якая пераехала ў Беларусь з горада Зугрэс Данецкай вобласці. ― Знялі кватэру на месяц за 250 долараў. Танней варыянта мы не знайшлі. Грошы давялося займаць у сваякоў з Латвіі. Перад гэтым адзін чалавек прытуліў нас на тыдзень. Ён адгукнуўся праз інтэрнэт”.

Еўрарадыё: А чаму прыехалі ў Мазыр?

Алена: У нас сваяк працуе на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры, жыве ў інтэрнаце. Таму і мы выправіліся туды, каб хоць нехта родны быў побач. Хадзілі ў выканкам, зарэгістраваліся, але ніякай асабліва карыснай інфармацыі мы не атрымалі. Аднак нас даслалі ў сацабарону. Там далі дываны, падушкі. У Чырвоным крыжы дапамаглі адзеннем. Што тычыцца працы, то ў службе занятасці насельніцтва нам прапанавалі самім яе шукаць. Ездзілі нават па вёсках, але пакуль нічога тут не знайшлі.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас статус бежанцаў?

Алена: Мы гэта не афармлялі. Там умовы, што цягам года з Беларусі нікуды нельга выязджаць. А мы хацелі б вярнуцца дадому.

Еўрарадыё: А чаму вы пазычалі грошы на жыллё? Няўжо не было ашчаджэнняў?

Алена: Грошы ў нас былі толькі на праезд і харчаванне. Мы звычайныя мірныя жыхары, якія працавалі на звычайных работах. Назбіралі грошы і прыехалі. Запасу ніякага не было. Днямі валанцёры з Гомеля перадалі нам два пакеты прадуктаў. Ну і ўсё. А сёння патэлефанавалі валанцёры з Мінскай вобласці і прапанавалі жыллё, плануем туды перабірацца, там жа і шукаць працу.

Сайт Савета міністраў на прыкладзе Гомельскай вобласці паведамляе, што там па рэгістрацыю на дадзены момант звяртаецца прыкладна кожны другі перасяленец з Украіны. 1580 чалавек прыйшлі па медагляд. Каля 554 дзіцяці прыладзілі ў школы і садкі.

Часта эфектыўна ўладкавацца ў Беларусі перасяленцам дапамагаюць не чыноўнікі, а звычайныя валанцёры, якія дзейнічаюць праз сацыяльныя сеткі. Звяртаемся да Андрэя Мамантава, акурат такога добрага чалавека з Рэчыцкага раёна. Ён тлумачыць, што як правіла ўкраінцы ўладкоўваюцца там, куды неахвотна едуць маладыя беларускія спецыялісты.

“У асноўным усіх рассяляюць па вёсках, дзе ім маглі даць жыллё і працу. Хаты звычайна такія, што трэба рабіць капітальны рамонт. Але як бы там ні было, ёсць дах над галавой і бомбы не падаюць. Наколькі я валодаю сітуацыяй, да нас прыехала каля 20 сямей, ― распавядае Андрэй Мамантаў. ― Ёсць людзі з Марыупаля, па-мойму, з Днепрапятроўска, а ў асноўным ― Данецкая і Луганская вобласці. Некалькі сем’яў прыехалі да беларускіх сваякоў. Ведаю маладую пару (хлопцу 20, дзяўчыне 19). У іх нікога няма. Ім людзі з вуліцы далі жыллё. Ён знайшоў працу на заводзе. Яна яшчэ ў пошуках. Тут у іх нікога няма. І такіх сем’яў палова. Ёсць такія, якія катэгарычна не хочуць ехаць у вёску”.

Еўрарадыё: Ці ёсць такія, хто вяртаецца назад?

Андрэй Мамантаў: Ведаю дзве такія сям’і. Пры гэтым мужчыны пазаставаліся, а жанчыны вярнуліся. Яны натхніліся звесткамі, што скончыліся баявыя дзеянні. Можа быць, дарма. Мужчыны засталіся, бо баяцца прызыву у воінскія фармаванні. Ёсць у нас тут адзін міліцыянер, які пабыў спачатку на Майдане, папаліў пакрышкі. Потым вярнуўся ў Луганск, але падпісаўся за апалчэнцаў. Паляжаў пад градамі і кулямётамі. Падумаў, што “ну вас, хлопцы”. Трапіў у чорныя спісы Кіева. З’ехаў у Расію, адтуль ― да нас. Знайшоў працу ў калгасе, вырашыў застацца на ўвесь час. Два дзіцяці ў яго, жонка. Ну так, нібыта прыладзіліся яны.

Фота hronika.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі