Улады Літвы і АПК створаць групу для вырашэння пытанняў палітуцекачоў

Перамовы Святланы Ціханоўскай і Агне Білатайце / t.me/tsikhanouskaya
Перамовы Святланы Ціханоўскай і Агне Білатайце / t.me/tsikhanouskaya

4 красавіка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Як паведамляе прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідаркі, Ціханоўская падзякавала Білатайце за тое, што літоўскія ўлады прынялі прапановы беларусаў па зменах у законапраект "Аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны". У новай версіі законапраекта абмежаванні для беларусаў значна больш мяккія ў параўнанні з першапачатковым праектам.

Падчас перамоваў Ціханоўская і Білатайце дамовіліся стварыць працоўную групу па развязанні праблем беларускіх палітуцекачоў. У гэтую групу ўвойдуць прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і МУС Літвы. Такая ж група ў Польчы дамаглася прыняцця гуманітарных ВНЖ і бясплатнага праязнога дакумента замест пашпарта для беларусаў.

Білатайце на сустрэчы заявіла, што Літава і надалей будзе падтрымліваць беларускіх грамадзян і апазіцыю, якую пераследуе рэжым Лукашэнкі. "Мы робім усё для ўзгаднення інтарэсаў нацыянальнай бяспекі і абавязку па прыёме грамадзян суседняй краіны, якія маюць патрэбу ў дапамозе", — цытуе яе словы delfi.lt.

Ціханоўская таксама абмяркоўвала з прадстаўнікамі МУС Літвы магчымасць спрасціць патрабаванні для беларусаў пры падачы на ВНЖ. У прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць не падаваць даведку пра несудзімасць або апастыль для тых грамадзян Беларусі, якія не могуць вярнуцца неа радзіму. Таксама Ціханоўская прапанавала выдаваць ВНЖ па гуманітарных падставах на больш доўгі перыяд часу, што спрасціла б атрыманне пашпарта замежніка.

На сёння ў Літве пражывае каля 49 тысяч грамадзян Беларусі (у 2020 годзе іх было каля 18 тысяч). Паводле апытання 2022 года, каля 86% рэспандэнтаў заявілі, што з'ехалі з Беларусі па палітычных матывах.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі