У дзіцячы садок гатовыя браць выхавацеляў з псіхічнымі праблемамі?

Жахлівае забойства свайго трохгадовага сына мінчанка Іна Зубовіч тлумачыць вялікай пазыкай і цяжкім матэрыяльным становішчам. Грошай не хапала, бо жанчына працавала ў садку памочнікам выхавацелькі — працавала з дзецьмі. Экспертыза прызнала, што абвінавачаная цалкам ўсведамляла свае дзеянні, калі паіла сына алкаголем і выкідвала з балкона. Але пасыл да суіцыду быў у абвінавачанай і раней, і нават не аднойчы.

Мінчанка, якая выкінула 3-гадовага сына, два месяцы была без заробку

Можна спрачацца наконт таго, што ў выхавацеляў маленькі заробак, што працуюць яны шмат і існуе псіхалагічнае выгаранне, але цікава, ці праходзяць выхавацелі псіхалагічныя тэсты для працы з дзецьмі? Вось касіраў пры прыёме на працу ў банк чакае сумоўе з псіхолагам.

Спачатку тэлефануем у 24−ю спецыялізаваную паліклініку — там звычайна праходзяць прафмедагляды будучыя супрацоўнікі школ, дзіцячых садкоў, кіроўцы.

“Кроў на сіфіліс, стаматолаг, аналіз кала, тэрапеўт, дэрматавенеролаг, нарколаг. Псіхолаг не патрэбны”, — даюць даведку ў паліклініцы. Ніякіх псіхалагічных тэстаў для працы з дзеткамі праходзіць не трэба!

Але ці возьмуць на працу ў садок чалавека з яўнымі псіхалагічнымі праблемамі, да прыкладу, у лёгкім дэпрэсіўным стане, гэтае пытанне задаю загадчыцы сталічнага садка № 375 Анжэле Васільеўне. Тут патрэбны памочнік выхавацелькі, заробак з усімі прэміямі складае не больш за 3 мільёны.

“З лёгкім дэпрэсіўным станам? Трэба падумаць. Не ведаю”, — сумняваецца Анжэла Васільеўна. Я працягваю:

“Вось перыядычна хочацца паплакаць… Расстройваюся па дробязях, потым сябе накручваю”, — малюю яркую карціну дэпрэсіўнага расстройства.

“Паплакаць? У нас і так усе тут плачуць. Калі вы яшчэ пачняце, я тут увогуле рыдаць пачну”, — кажа мне заведуючая… і запрашае на сумоўе. Раіць захапіць з сабой дакументы — дыплом аб адукацыі і працоўную кніжку.

Выхавацелька з Мінска: працую за 2,2 мільёны, але працу змяняць яшчэ думаю…

Наступная вакансія — выхавацелькі ў мінскім дзіцячым садку № 73 у Серабранцы.

“Мы бяром любога спецыяліста-педагога, хоць прадметніка, хоць не. І прадметнікі працуюць. Гэта нічога. У нас ёсць людзі, якія працуюць без адукацыі”, — кажа мне намесніца загадчыцы садка Іна Іванаўна.

Пасля агульных фраз кажу, што ў мяне неўрастэнія. Сімптомы захворвання чытаю проста з манітора камп’ютара: у мяне і дэпрэсія, і клаўстрафобія, і навязлівыя думкі, эмацыйная нестабільнасць і ўсё тыя ж слёзы па повадзе і без.

“Вы ж самі павінны вырашыць, ці можаце працаваць, бо праца эмацыйна напружаная, — папярэджвае Іна Іванаўна. — Вы ж нармальная, не будзеце крычаць, істэрыць на… бацькоў? У вас вытрымка павінна быць — гэта праца з людзьмі. Калі вы сябе кантралюеце, прыйдзіце, пагаварыце”, — зноў запрашаюць у садок.

Я збянтэжаная: прафесійна−псіхалагічнае сумоўе праходзяць нават абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці "дзяржупраўленне і права", "дзяржупраўленне і эканоміка", "міжнародныя адносіны”, "міжнароднае права”, “прававодства”, "эканамічнае права", "журналістыка”, “мытная справа”, а педагагічных спецыяльнасцяў — няма! У садок мяне гатовыя браць без сумоўя, проста па тэлефоне.

Вось яшчэ адна вакансія ў яслях-садку Гродна, заробак спецыялісту з вышэйшай адукацыяй прапаноўваюць не вышэй за 3,5 мільёны. Размаўляем з загадчыай Марынай Вацлаваўнай — яна распавядае пра атэстацыю, пра ўмовы працы і патрабаванні, мы знаходзім поўнае паразуменне.

Але тут я празнаюся ў жахлівым: “У мяне была спроба самагубства, няшчаснае каханне…”

Загадчыца: "Гэта недзе зафіксавана?"

— “Так…”.

— “Але ж вы раскайваецеся? І калі ў нас гэта не паўторыцца, чаму і не ўзяць вас?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі