Беларускія памежнікі праганяюць мігрантаў у Латвію (відэа)
Беларускія памежнікі не пусцілі мігрантаў у Беларусь.
Латвійскія сілавікі знялі на відэа беларускіх памежнікаў, якія гоняць групу бежанцаў па чыгунцы і не даюць ім вярнуцца ў Беларусь.
Відэа з'явілася на афіцыйным сайце міністэрства абароны Латвіі і датавана 13 жніўня. Спачатку памежнікі вядуць невялікую групу мігрантаў па чыгунцы ў бок Латвіі. Характэрна, што група сядзіць на рэйках каля знака «Беларуская чыгунка». Пасля яшчэ адна група сядзіць на кантрольна-следавай паласе, а сілавікі ў экіпіроўцы і са шчытамі стаяць з боку беларускай мяжы і не пускаюць уцекачоў назад у Беларусь. Аднак, ні на адным відэа нябачна, што мігранты перасякаюць мяжу Латвіі.
Нагадаем, што з 11 жніўня Латвія ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю паліцыянтам спецназам. На ўмацаванне аховы мяжы накіравалі і 36 супрацоўнікаў паліцыі Латгальскага раёна.
У жніўні 2021-га Латвія сутыкнулася з праблемай мігрантаў, якія нелегальна прыходзяць з Беларусі. 6-10 жніўня затрымалі амаль 300 чалавек. Таксама ўрад Латвіі вылучыў 1,7 млн еўра на пабудову плота на мяжы з нашай краінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.