Вінаватых у смерці штангіста, які скардзіўся на высокі ціск, не знайшлі

Штангіст Яўген Шрамко, які, па словах блізкіх, ніколі не скардзіўся на здароўе, раптоўна памёр у лютым 2013-га года. Прама ў нумары гатэля алімпійскага комплексу “Стайкі”, з-за “раптоўнага спынення сэрца”.

Міліцэйскую праверку па факце трагедыі правялі паспешліва. Нібыта раптоўная смерць спартсмена ― нармальная з’ява.

Еўрарадыё даведалася, што за два дні да смерці Яўген скардзіўся сябру на дрэннае самаадчуванне і высокі ціск. Таксама ён паведаміў, што звяртаўся да ўрача, які “насаваў таблетак”. Пасля некалькіх нашых сюжэтаў Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў праверку. Потым усе матэрыялы перадалі ў аддзел СК па Кастрычніцкім раёне сталіцы. Агулам, праверкі цягнуліся амаль год.

“На наступны дзень пасля гадавіны па сыне я атрымала ліст, што справа закрытая. Я так і не даведалася сапраўдную прычыну, з-за чаго памёр Жэня, магу толькі здагадвацца, ― кажа Наталля, маці загінулага цяжкаатлета. ― Меркаванняў вельмі шмат. Нехта кажа, што ўрач вінаваты, нехта, што трэнер, нехта вінаваціць анаболікі. Але ў яго крыві не знайшлі нічога забароненага. Таксама сын ніколі не скардзіўся на здароўе…”

Наталля лічыць, што кампетэнтныя ведамствы не зрабілі належных высноў са смерці Яўгена і з-за абыякавасці некаторых медыкаў такія трагічныя выпадкі могуць паўтарыцца.

“У выніку я не патрабавала ад следчых у любым выпадку знайсці вінаватага. Але прасіла праверыць тых жа ўрачоў у “Стайках”, ― працягвае маці Яўгена Шрамко. ― Казала, што трэба звярнуць увагу на тое, каб за маладымі спартсменамі быў належны дагляд. Урач павінен па-чалавечы звярнуць увагу на тое, што дзіця сябе нядобра адчувае. Бо некаторыя медыкі раўнадушныя, яны прывыкаюць і да трупаў у моргу. Такое стаўленне да жывых людзей непрымальнае”.

***

Нешта падобнае адбываецца з праверкамі травеньскіх смярцей маладых дзяўчат. Гэтыя выпадкі таксама ператварыліся ў гучныя скандалы, звязаныя з нашай медыцынай.

Нагадаем, што ў траўні Ірына Тромза запісалася на прыём да гінеколага ў брэсцкім філіяле медцэнтра “ЛАДЭ”. Пасля ўвядзення лекавага прэпарату дзяўчына загінула ад анафілактычнага шоку.

Паводле неправеранай інфармацыі, рэанімацыйнага абсталявання, якое магло б ўратаваць Ірыну, у медцэнтры не было, а “хуткую” выклікалі запозна.

Праверка па факце смерці цягнецца ўжо больш за тры месяцы.

“Цяпер праводзіцца камісійная судова-медыцынская экспертыза, праверачные мерапрыемствы з мэтай высвятлення ўсіх прычынаў таго, што адбылося", ― тлумачыць афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук

Па тым жа сцэнарыі правяраюцца матэрыялы па факце смерці Наталлі Сак у Мінску. Ужо больш за тры месяцы праводзіцца праверка, робяцца экспертызы. Нагадаем, што дзяўчына ўпала з веласіпеда і стукнулася галавой. Яна здолела падняцца на ногі, пры гэтым відавочцы заўважылі, што Наталля перыядычна страчвае памяць. Але ў бальніцы дзяўчыне, па словах яе сваякоў, не зрабілі тамаграфію галавы, паклалі ў звычайную палату. На раніцу наступнага дня Наталля памерла.

Унутраную праверку праводзілі і ў Міністэрстве аховы здароўя. Але адтуль Еўрарадыё не атрымала адказ на афіцыйны запыт.

Блізкіх Наталлі Сак наконт унутранай праверкі таксама не праінфармавалі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі