Воўк, які напаў на людзей у вёсцы на Гомельшчыне, быў шалёны
Менавіта гэтым спецыялісты патлумачылі неадэкватныя паводзіны драпежніка.
Воўк, які напаў на жыхароў вёскі Мядзведаў Светлагорскага раёна, быў шалёным. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Светлагорскай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, жывёла з’явілася ў вёсцы позна ўвечары. Спачатку звер напаў на мужчыну, які ішоў па вуліцы. Мужчына адбіўся ад ваўка пры дапамозе суседа. Затым воўк забег у двор аднаго з дамоў, дзе пакусаў гаспадароў — мужа і жонку. Ім на дапамогу прыбег яшчэ адзін вясковец, і ўтраіх яны змаглі забіць звера.
Галаву драпежніка накіравалі на абследаванне ў абласную ветэрынарную лабараторыю. Аналізы паказалі, што жывёла хварэла на шаленства. Гэтым і можна патлумачыць яго неадэкватныя паводзіны.
Пацярпелыя ад укусаў атрымліваюць лекаванне ў цэнтральнай раённай лякарні.