Выказваем заклапочанасць: сёння гаворым толькі пра Афганістан
Сёння ўвесь свет сочыць за Кабулам / калаж Еўрарадыё
Яшчэ ў пачатку ліпеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што перамога "Талібана" ў Афганістане не прадвызначаная. Прайшло крыху больш за месяц — і Талібы захапілі Афганістан, а экс-прэзідэнт Гані эвакуяваўся.
Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня навіны з Афганістана прыходзілі кожны дзень. Прайшло крыху часу, і вось сусветныя агенцтвы абнаўляюць свае стужкі ледзь не кожныя пяць хвілін, а BBC і CNN вядуць жывыя трансляцыі таго, што адбываецца ў краіне.
Мы не ведаем, ці здолее цяпер хтосьці забраць у "Талібана" кантроль над краінай. Мы паспрабуем узяць пад кантроль хоць бы паток навін з Афганістана.
"Талібан" у Кабуле ўжо суткі
Баевікі "Талібана" разняволеныя і радуюцца, ахоўваючы амбасаду ЗША і прэзідэнцкі палац. Групы баевікоў шпацыруюць па горадзе з амерыканскай зброяй у руках. Мужчыны зафарбоўваюць занадта адкрытыя выявы жанчын ля салонаў прыгажосці. Гэта карэспандэнт СNN апісвае вуліцы Кабула.
Практычна ўсе афганскія тэлеканалы перайшлі на трансляцыю Карана ці расказваюць пра дзеянні "Талібана", заўважае РІА Новости.
Некаторыя талібы расказвалі журналісту СNN, што плануюць правесці спакойную перадачу ўлады. Але карэспандэнтка заўважыла і іншых баевікоў, якія з усмешкамі на тварах скандавалі "Смерць Амерыцы".
Афіцыйны прадстаўнік "Талібана" Сухайль Шахін сказаў, што ў новы ўрад возьмуць не толькі талібаў. Усе, хто здасць зброю і далучыцца да "Талібана", будуць амніставаныя, а іх жыццям і маёмасці нічога не будзе пагражаць. Палітыка ў дачыненні да адукацыі для жанчын не зменіцца. А замежныя дыпламаты і журналісты змогуць працягнуць працу, у тым ліку ў амерыканскай амбасадзе.
Але мяркуючы па кадрах з аэрапорта, супакоілі гэтыя словы не ўсіх.
Кадры з аэрапорта
Талібы запэўніваюць, што нікому не трэба ўцякаць з краіны, што яны не будуць помсціць.
Але раніца пачалася з шакавальных кадраў з аэрапорта Кабула. Некалькі чалавек спрабавалі пакінуць краіну, зачапіўшыся за люкі шасі. Пазней у СМІ з'явіліся кадры, на якіх відаць, як людзі падаюць на зямлю з велізарнай вышыні.
Гэта толькі адна з адчайных спробаў пакінуць Кабул. Дзясяткі людзей беглі па ўзлётнай паласе следам за амерыканскім самалётам, некаторыя чапляліся за ашалёўку судна. Цяпер камерцыйныя рэйсы з аэрапорта прыпыненыя, але эвакуацыя працягваецца. Пентагон, магчыма, размесціць у краіне да 30 000 саіскальнікаў афганскай спецыяльнай іміграцыйнай візы на дзвюх вайсковых базах.
РІА Новости піша, што сотні людзей без пашпартоў і білетаў спрабавалі трапіць на рэйсы. Тым, у каго было легальнае права паляцець, далі спецыяльныя бранзалеты. Але ў дзясяткаў тысяч афганцаў, якія гадамі дапамагалі ЗША, такіх бранзалетаў пакуль няма.
"Мы стаміліся"
Афіцыйны прадстаўнік "Талібана" сказаў, што рух падтрымліваюць у народзе — і гэтым тлумачыцца такі хуткі захоп краіны. А што кажуць у народзе? CNN паразмаўляла з адным з жыхароў Кабула:
"На самай справе цяпер я нічога не адчуваю. Мы хочам міру. Мы стаміліся ад гэтай бесперапыннай вайны, якую нам навязваюць замежныя краіны апошнія 45 гадоў. Усе афганцы стаміліся".
Чаго чакаць ад будучыні, гэты чалавек не ведае. І адмаўляецца даваць прадказанні нават на хвіліну наперад.
Між тым сусветныя СМІ працягваюць вылучаць уласныя версіі маланкавай перамогі "Талібана".
Французская Le Monde са спасылкай на неназванага заходняга дыпламата, які працаваў у Кабуле, піша пра неймаверную карупцыю ў афганскім войску.
"46 батальёнаў-прывідаў, па 800 чалавек у кожным", — гэта падлікі "мёртвых душ", якія найвышэйшыя чыны нібыта стваралі на паперы, каб атрымліваць на іх грошы ад амерыканцаў. Некаторыя эксперты нават лічаць, што на самай справе колькасць сілавых структур празаходняга ўрада Афганістана не дацягвае і да паловы з намінальных 350 тысяч чалавек.
Дзе прэзідэнт?
Гэтага ніхто не ведае. Ашраф Гані пакінуў краіну ў нядзелю. New York Times са спасылкай на неназванага сябра афганскай дэлегацыі на перамовах у Досе пісала, што экс-прэзідэнт паляцеў ва Узбекістан са сваёй жонкай Рулай і двума дарадцамі. Аl-Jazeera са спасылкай на асабістага ахоўніка Гані паведамляла, што ён эміграваў у Ташкент.
Але ўжо тры краіны — Узбекістан, Таджыкістан і Казахстан — сказалі, што Гані ў іх няма.
У сваім развітальным паведамленні на фэйсбуку ён напісаў, што вырашыў сысці, каб унікнуць праліцця крыві.
"Сёння я сутыкнуўся з цяжкім выбарам: стаць вочы ў вочы з узброеным "Талібанам", які хацеў пранікнуць у палац, або пакінуць дарагую краіну, абароне і клопату пра якую я прысвячаў сваё жыццё на працягу дваццаці гадоў", — напісаў Гані.
ЗША шкадуюць?
Афганістан абмяркоўваюць не толькі ў сацсетках. Брытанскі парламент перапыніў вакацыі, каб пагаварыць пра Афганістан. Кіраўнікі МЗС краін ЕС збяруцца заўтра на пазачарговую відэаканферэнцыю. Уладзімір Пуцін пакуль абмежаваўся званком прэзідэнту Узбекістана.
Кітай наогул максімальна спакойны: там ужо заявілі, што Пекін гатовы да паглыблення "дружалюбных і кааператыўных" адносін з Афганістанам, паважае выбар афганскага народа, але працягне сачыць за сітуацыяй.
А што ЗША? Байдэн абяцае хутка звярнуцца да народа. У яго камандзе запэўніваюць, што прэзідэнт "глыбока ўцягнуты" ў сітуацыю. Але не шкадуе пра сваё рашэнне вывесці войскі.
Замест Байдэна пакуль што выказаўся яго дарадца па нацбяспецы Джэйк Саліван:
"Ён [Джо Байдэн. — Еўрарадыё] думаў, што афганскія нацыянальныя сілы бяспекі могуць выступіць і змагацца, таму што мы патрацілі 20 гадоў, дзясяткі мільярдаў долараў, навучаючы іх, даючы ім найлепшае абсталяванне, аказваючы ім падтрымку сіл ЗША на працягу 20 гадоў, а калі справа дайшла да сутыкнення, яны вырашылі не выступаць і не змагацца за сваю краіну. <...> Такім чынам, пытанне, якое стаяла перад прэзідэнтам яшчэ ў красавіку, заключаецца ў тым, ці павінны амерыканскія мужчыны і жанчыны апынуцца ў эпіцэнтры грамадзянскай вайны ў іншай краіне, калі іх ўласнае войска не будзе змагацца, каб абараніць іх. І яго адказ на пытанне быў: не".
Што кажуць мясцовыя жыхары, ад якіх амерыканцы чакалі, што яны будуць змагацца? Яны кажуць, што стаміліся ад бесперапыннай вайны, якая расцягнулася і/або якую ім навязваюць 45 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.