Вынікі ШАС: у беларускай апазіцыі ёсць час перахапіць Кітай у Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская і Сі Цзіньпін / калаж Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская і Сі Цзіньпін / калаж Еўрарадыё

Адным з вынікаў пасяджэння Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва стаў пачатак працэдуры прыёму Беларусі ў ШАС. Акрамя таго, пасля "абмену меркаваннямі" Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна апублікавана "Сумесная дэкларацыя аб усталяванні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства".

У перакладзе з "кітайскай дыпламатычнай" гэта значыць, што цяпер узровень адносін Беларусі і Кітая заяўлены вышэйшы, чым з Расіяй, — калі ацэньваць фармулёўку дэкларацыі па шкале класіфікацыі партнёрскіх адносін КНР.

Як расшыфраваць такія хады з боку Кітая?

Итоги ШОС: у белорусской оппозиции есть время перехватить Китай у Лукашенко
Итоги ШОС: у белорусской оппозиции есть время перехватить Китай у Лукашенко
Старшыня КНР Сі Цзіньпін з Лукашэнкам, які прыехаў на ШАС, верасень 2022 года / russsian.news.cn

Дэкларацыя не роўна імгненныя фінансавыя ўліванні ў Беларусь

Ігар Тышкевіч лічыць, што пасля апублікавання дэкларацыі рэзкага "залівання грашыма" Беларусі з боку Кітая не прадбачыцца. Прынамсі, у агляднай будучыні.

— Да завяршэння вайны ва Украіне альбо выхаду на нейкі варыянт, калі будзе відавочны вынік, Кітай усё яшчэ будзе трымаць паўзу. Хоць пэўнага павелічэння кантактаў, прынамсі з Беларуссю, можна чакаць, — кажа аналітык. — На фоне вайны ва Украіне Кітай у адносінах да Расіі заняў цікавую пазіцыю. З аднаго боку, ён вядзе працу па прывязцы расійскай эканомікі да сваёй. Аплатныя сістэмы, купля сыравінных тавараў, павелічэнне гандлю. Але, з іншага боку, не перадае тэхналогіі, не ўзмацняе рэсурс на РФ. Чакае палітычнага аслаблення Расіі, каб перафарматаваць сістэму адносін ужо нават не з раўнапраўнай, а на "Кітай плюс хтосьці яшчэ".

Для КНР выгадна, калі рускі мядзведзь сунуў сваю лапу ва ўкраінскі капкан. Калі мы гаворым пра Беларусь, то тут сам афіцыйны Мінск вінаваты. Таму што разам з лапай расійскага мядзведзя яны ўсунулі і ўласную галаву (або нейкае іншае месца).

Итоги ШОС: у белорусской оппозиции есть время перехватить Китай у Лукашенко
Пасля нападу на Украіну "рускі мядзведзь" трапіў у пастку глабальных санкцый / Rick McKee / counterpoint.com

Апазіцыя мае (пакуль што) шанец перахапіць увагу Кітая

"Дэкларацыя стратэгічнага партнёрства" адлюстроўвае інтарэсы КНР у дачыненні да Беларусі. Ці зможа цяперашні беларускі рэжым нейкім чынам павярнуць сітуацыю сабе на карысць?

— Тэарэтычна так. Гэта заяўка на вельмі высокі ўзровень супрацоўніцтва, — расказвае Ігар Тышкевіч. — Гэта заяўка на атрыманне дадатковай падтрымкі з боку КНР. Ці ёсць гэта гарантыяй ужо сёння? Наўрад. Таму што Кітай умее чакаць. Кітай пазначыў зону ўплыву і будзе чакаць, што адбудзецца. Пры гэтым пасылаць сігнал, што "хлопцы, тут ужо мае інтарэсы". Пасылаць сігнал у тым ліку і Расіі.

Итоги ШОС: у белорусской оппозиции есть время перехватить Китай у Лукашенко
Злабадзённая карыкатура на спробу Расіі выбудоўваць адносіны пасля ўварвання ва Украіну / Ferguson

Ці рэальна беларускай апазіцыі завалодаць "кітайскім кірункам", у якім не будзе месца Лукашэнку?

— Кітаю, увогуле кажучы, пляваць на прозвішчы. Галоўнае, каб была інстытуцыянальная памяць і каб дамоўленасці выконваліся, — кажа палітычны аналітык. — Яшчэ ў 2020-м, пачатку 2021 года я казаў, што апаненты Лукашэнкі як мінімум павінны спрабаваць выйсці на кітайскіх дыпламатаў. Пытанне: у новым Кабінеце [магчыма, маецца на ўвазе Пераходны кабінет на чале са Святланай Ціханоўскай. — Еўрарадыё] будзе хоць бы адзін чалавек, які ўмее хай не гаварыць, але хоць бы чытаць па-кітайску? Прааналізаваць, што, напрыклад, нават з гэтага дакумента [Дэкларацыі] важна Беларусі як такой, што можа быць рэалізавана без Лукашэнкі.

Ці можна Кітай зацікавіць? Натуральна. Хоць бы проста [адпраўленай у Пекін. — Еўрарадыё] аналітыкай. Як у выпадку, напрыклад, дэмакратызацыі Беларусі гэтыя пункты апераджальнымі тэмпамі могуць быць рэалізаваны з тымі ж самымі ўкладаннямі Кітая, але з большай выгадай. Але для гэтага трэба трошкі папрацаваць, трэба параскінуць мазгамі. Гэта крыху іншае, чым рабіць заявы. Я вельмі спадзяюся, што такая праца будзе праведзена, улічваючы, што ідуць размовы ў тым ліку пра інтэлектуальнае ўзмацненне Кабінета.

Ужо да лета наступнага года стане зразумелы фінал вайны (хутчэй за ўсё, без лішняга аптымізму для Расіі). Будзе новы фармат супрацоўніцтва Кітая. І ў такім выпадку новыя пасылы будуць даходзіць вельмі складана. Цяпер у запасе ёсць акно магчымасцяў, прыкладна 5-6 месяцаў, калі можна паспець прааналізаваць, падрыхтаваць, прапанаваць. Для таго каб працаваць, неабходна прыцягнуць цікавасць да сябе. Тым больш што фору ў выглядзе тупасці часткі беларускіх чыноўнікаў атрымаць можна. Паколькі адна рэч — дэкларацыя на найвышэйшым узроўні, а другая рэч — рэалізацыя і канкрэтны інвест-праект, — падкрэслівае палітычны аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі