Вытворца бялізны: Супакойцеся, трусы з карункамі будуць!

Студэнтку Марыну знаходжу ў ГУМе: дзяўчына выбірае сабе бялізну.

“Я па прыгожасці выбіраю бялізну, а не па якасці. Што падабаецца, тое і бяру”, — прызнаецца Марына.

Як дзяўчына дзяўчыне тлумачу Марыне, што трусы з сінтэтычнымі карункамі знікнуць з прылаўкаў, бо такія нормы тэхрэгламента.

Згодна з нормай тэхрэгламента Мытнага саюза, карункавая бялізна з сінтэтычных матэрыялаў будзе забаронена да вытворчасці, увозу і продажу на тэрыторыі Мытнага саюза.

Тлумачу і тое, што, згодна з нормамі, гіграскапічнасць тканін, з якіх пашыты трусы, павінна быць не меней за 6%. А вось нейлон, поліэстар ды поліамід не маюць такіх паказчыкаў. Марыну не прабіць:

“Будзем купляць што ёсць. Хоць мне болей з карункамі падабаецца, канечне”, — кажа дзяўчына і выбірае на зале бялізну.

Тут у аддзеле находжу трусы і з карункамі, і проста з бавоўны. Выглядаюць прыгожа, калі выбіраць з бялізны для моладзі, але з карункамі даражэйшыя. Калі трусы з бавоўны каштуюць прыкладна 39 тысяч рублёў, дык з карункамі — 45 тысяч рублёў.

Прадавец-кансультант заўважае, што жанчыны звычайна выбіраюць самае розныя трусы: хто з бавоўны, хто з карункамі — не прадугледзіш.

“Мы ж жанчыны, ну як тут сказаць, розныя ёсць мэты!” — кажа прадаўшчыца Анжэла.

Што рабіць: ці закупляцца карункавай бялізнай?

Беларускі вытворца бялізны “Bravo” пакуль з гэтай шуміхай не разабраўся: на прадпрыемстве заўважаюць, што для іх, магчыма, будзе праблема — тут цэлая лінейка трусоў з сінтэтычных валокнаў!

“Мы рабілі цэлую лінію, якая рабілася з такіх палотнаў. Не хочацца адмаўляцца, бо і знешні выгляд добры, не такі, як з бавоўны, і бяруць іх лепей. Мы ў чаканні”.

У “Bravo” кажуць, што кожную тканіну, якую купляюць (а гэта звычайна з Францыі, бо ў Беларусі не робяць добрых тканін для бялізны), правяраюць.

“Кожную новую сыравіну аддаём на экспертызу, каб усё ўласцівасці вывучыць. Няхай экспертыза і за свой кошт, але хочам, каб было без памылак, каб мы не шылі бялізну з гэтага шкла!” — на прадпрыемстве спадзяюцца, што ўсё будзе добра.

Вытворца бялізны "Serge" заўважае Еўрарадыё, што іх бялізна адказвае ўсім патрабаванням, сертыфікатам, пратаколам і нормам. Таму для іх з 1 ліпеня — а менавіта з таго моманту прадукцыя з поліэстрам, нейлонамі ды поліамідамі знікне з прылаўкаў — нічога не зменіцца.

Да канкурэнтаў далучаецца і вытворца бялізны “Мілавіца”. Кажуць, што сенсацыі няма — такія патрабаванні існуюць ужо мінімум паўтара года. У вытворцы ёсць усе сертыфікаты ды экспертызы.

“Я паглядзела публікацыі, што былі ў СМІ, і магу паспрачацца, што да неадпаведных валокнаў прылічаны і поліамід (згодна з тэхрэгламентам, поліамід, поліэстар і нейлон не маюць узровень гіграскапічнасці ў 6%, а таму з іх не могуць шыцца трусы. — заўв. Еўрарадыё). Гэта не так! Поліамідныя палотны насамрэч вельмі добра выконваюць патрабаванні па гіграскапічнасці. Што датычыцца поліэстара і нейлона, то ён і сапраўды не выконвае нормаў, але ў нас ён не выкарыстоўваецца”, — не разумеюць, з чаго сыр-бор, на “Мілавіцы”.

Вытворца бялізны “Марк Формэль” тлумачыць Еўрарадыё: трусы з карункамі будуць! І самі карункі ні пры чым. Справа ў валокнах. Тут заўважаюць: калі толькі пайшла шуміха, яны з тэхнолагам усё вывучылі і супакоіліся.

“Галоўнае, каб гіграскапічнасць палатна была не меней за 6%, калі паказвае — яно праходзіць і атрымлівае сертыфікат. Ёсць жа карункі і з бавоўны, і ніколі не скажаш, што яны з бавоўны. А вось калі нехта рабіў трусы з поліакрылу, які зусім не ўтрымлівае вільгаць, яго трусы прападуць з прылаўкаў. Трусы з карункамі будуць — нікуды не дзенуцца!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі