Як кантралёры будуць выбіваць штраф ў 50 тысяч рублёў

Кантралёры яшчэ не ацанілі, як людзі рэагуюць на павышаны да 50 тысяч рублёў штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце. 

З 28 жніўня штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце падымаюць з 20 да 50 тысяч. На прыгарадных маршрутах штраф вырас да 70 тысяч рублёў (было 50 тысяч), а ў цягніках і аўтобусах міжнародных і міжрэгіянальных ліній — да 100 тысяч рублёў.

У дырэктара філіяла агенцтва “Мінсктранс” Аляксандра Ярахаўца пытаемся, як кантралёры цяпер выбіваюць штрафы з безбілетнікаў, калі нават за 20 тысяч на іх наляталі з кулакамі!

“Як людзі рэагуюць? Ніяк! Бо большасць з пасажыраў проста не ведалі пра гэта. Мы самі толькі нядаўна даведаліся! Звычайна, калі гаворка ідзе пра павышэнне штрафаў, тэма мусолілася, груба кажучы, месяцамі, а цяпер — цішыня. Кантралёрам трэба хоць пару змен адпрацаваць, каб нейкае меркаванне склалася”.

Нагадваем пра выпадак у Наваполацку, калі кантралёра за штраф у 20 тысяч цягалі за валасы пасажыры!

Але ў “Мінсктрансе”да гэтага ставяцца па-філасофску, спадзяюцца на адэкватнасць людзей.

“Ну, бываюць такія людзі, але ж гэта асобныя выпадкі. Але я вам скажу, што на нашых кантралёраў стала значна меней зваротаў-скаргаў”.

На дыспетчарскай станцыі “Дружная” брыгада кантралёраў запаўняе нейкія паперкі. Пытаюся, як ім цяпер даводзіцца “выбіваць” штраф у 50 тысяч, але там неахвотна кідаюць “нармальна рэагуюць” і адмаўляюцца ад ўсіх каментарыяў — звяртайцеся да начальства.

На вуліцы на пытанне Еўрарадыё, ці ёсць у вас 50 тысяч на штраф за безбілетны праезд у кашальку, толькі адзін з 10 чалавек сказаў, што мае такую суму.

“Я прывыкла ўжо карткай разлічвацца. Я не ведаю, што б рабіла — прасіла б, каб не штрафавалі”.

“У мяне няма 50 000 рублёў у кашальку. Калі б мяне штрафавалі? Я б прасіла прабачэння і каб мне квітанцыю выпісалі б — я б потым аплаціла”.

50 тысяч на штраф мінчане ў кашальках знаходзяць рэдка. Ды што казаць, карэспандэнт Еўрарадыё і сама моцна задумалася пра гэтыя дзяжурныя “штрафныя” грошы!

Мала таго, навіна пра тое, што штраф ў гарадскім грамадскім транспарце вырас адразу ў 2,5 разы мінчан сапраўды здзіўляла:

“Ой, дзякуй, што сказалі! Мяне, канешне, не аштрафуюць — у мяне праязны, але ўсё ж…”, — дзякуе мінчанка.

У агенцтве “Мінсктранс” на пытанне Еўрарадыё, што рабіць кантралёру з безбілетнікам, у якога няма грошай, нагадваюць пра супрацоўніцтва з міліцыяй.

“У нас з міліцыяй цесная сувязь, у іх ёсць базы. Па базе прабіваюць”.

Але ў сітуацыі, калі няма ні грошай, ні дакументаў, а сваё імя ён не называе, у агенцтве ёсць метад — высадка пасажыра.

“Давайце не будзем браць крайнасці, але ў нас ёсць мера — адмова ў паездцы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі