Як Літва спраўляецца з патокам мігрантаў і ці гатовая на перамовы з Лукашэнкам?
"Не ўсе мігранты разглядаюць Літву толькі як транзітны пункт" / pixabay
Не ўсе літоўцы аднолькава ставяцца да мігрантаў, і не ўсе мігранты разглядаюць Літву толькі як транзітны пункт, лічыць выкладчык Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта палітолаг Віціс Юрконіс.
"З самых першых дзён мігранты здзяйснялі спробы з'ехаць з Літвы. Учора выйшла расследаванне нацыянальнага канала LRT з расследаваннем пра кампаніі, якія ўдзельнічаюць у далейшым транспартаванні мігрантаў. Ёсць і добрыя прыклады: людзі застаюцца і інтэгруюцца. Іх не так шмат, але і часу не так шмат прайшло. Патрэбны індывідуальны падыход", — кажа Юрконіс.
Ён лічыць, што Літву можна назваць краінай, у якой рашэнне пра атрыманне прыстанішча прымаецца даволі хутка.
Адказ муніцыпалітэтаў быў разнастайны, кажа Юрконіс. Адны адмаўляліся прымаць мігрантаў, іншыя казалі, што ахвотна дапамогуць ім інтэгравацца ў літоўскае грамадства.
Ці гатовыя літоўскія палітыкі пайсці на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам? Юрконіс сцвярджае, што такой пазіцыі прытрымліваюцца толькі некаторыя палітыкі.
"Гэта шантаж. Учора гэта была Астравецкая АЭС, сёння — гэта мігранты. А "Вялікая размова" паказала, што ёсць яшчэ шэраг момантаў для шантажу. Жывём у суседстве з рэжымам, і гэта асноўная праблема. Мігранты — наступства дзеянняў рэжыму. Трэба, каб было з кім размаўляць у Мінску, а не проста бясконцы тэрор і шантаж", — мяркуе Юрконіс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.