“Ёсць цікавасць і да рэгіёнаў Расіі”. Дзе і як гэтым летам адпачываюць беларусы

Беларусы 

Беларусы  / 1proof.by

Ужо канец чэрвеня — перыяд адпачынкаў у разгары. На якія курорты сёлета едуць беларусы, ці ёсць у іх грошы на якасны адпачынак? І, з іншага боку, чаму скарачаецца плынь расійскіх турыстаў у Беларусі? 

Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з прадстаўніком дзяржаўнага сектара туріндустрыі. Яго імя мы не называем з меркаванняў бяспекі.  

— Наколькі беларусы ў гэтым сезоне актыўныя ў плане адпачынку?

— Статыстыка будзе пазней, але вось што можна заўважыць ужо цяпер. Калі мы гаворым пра выезд за мяжу, дык турыстычная актыўнасць беларусаў не дасягнула дапандэмійнага ўзроўню. Але з 2021 года гэта кірунак паказвае паступовы рост. Можна меркаваць, што выязных турыстаў з Беларусі ў сезоне 2024 года будзе больш, чым летась, аднак паказчыкі 2019 года застаюцца недасягальнымі.

 — Ці ёсць у беларусаў грошы на якасны адпачынак? І колькі яны ў сярэднім гатовыя на яго выдаткаваць?

— Турызм стаў значна даражэйшым. Асабліва калі ехаць з сям'ёй. Аднак патрэба існуе, і людзі не гатовыя адмаўляцца ад мора. Ашчаджаюць, збіраюць грошы. Ёсць растэрміноўкі і крэдыты на туры. У сярэднім за пляжны тур аддаюць 3000 рублёў за чалавека.

— Калі казаць пра напрамак знешняга турызму, куды сёння людзі імкнуцца трапіць? Расія, Заходняя Еўропа, краіны Азіі і Афрыкі? І якія чыннікі ўплываюць на рашэнне?

— Апошнія некалькі гадоў папулярныя кірункі застаюцца без зменаў: Турцыя, Егіпет, ААЭ, Грузія. Гэта адпачынак на моры.

Ёсць цікавасць і да рэгіёнаў Расіі. Яны цікавыя ў плане экскурсійным, прыродным. Дагестан мае добры патэнцыял як кірунак пляжнага адпачынку, з мінулага года туды пачалі ездзіць беларусы. Але ёсць свае істотныя асаблівасці. Гэта і пытанні бяспекі, і недастаткова развітая пляжная інфраструктура.

Галоўныя чыннікі ў выбары туру: даступнасць (транспартная, візавая), цана.

 — Наколькі карыстаецца попытам унутраны турызм? Я маю на ўвазе адпачынак на прыродзе, у прыватных сядзібах, у санаторыях. 

— Унутраны турызм карыстаецца попытам. Гэты кірунак паказвае ўстойлівы рост з часоў пандэміі. Праз разнастайныя абмежаванні людзі, можа, і вымушана, але звярнулі ўвагу на сваю краіну і яе турыстычныя магчымасці. Многія толькі цяпер для сябе адкрылі, што ў Беларусі ёсць турызм, ёсць розныя варыянты адпачынку. І санаторыі, і аграсядзібы не страчваюць сваіх кліентаў. 

Сярод турыстаў на аграсядзібах пераважаюць беларусы, іх цяпер каля 90%. Пераважна гэта сем'і ці кампаніі сяброў. Істотна расце папулярнасць актыўнага адпачынку на прыродзе, а менавіта рачных сплаваў, аднадзённых ці на выхадныя дні. Тая ж Іслач у суботу-нядзелю нагадвае магістраль з актыўным рухам.

Паводле статыстычных звестак, у 2023 годзе колькасць унутраных турыстаў склала 1 млн 759 тысяч чалавек. Гэта, як можна меркаваць, самы высокі ўзровень за ўсю нашу гісторыю. Прынамсі, што можна прасачыць статыстычна. Пры гэтым трэба разумець, што тут улічваецца толькі арганізаваны паток. У рэальнасці ён вышэйшы за кошт  індывідуальных турыстаў, але іх пакуль немагчыма падлічыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі