За пяць гадоў колькасць скрадзеных ровараў павялічылася ў пяць разоў

Колькі ровараў крадуць і колькі знаходзяць

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” заяўляе, што за апошнія гады у Мінску колькасць роварных крадзяжоў значна павялічылася: "Калі ў мінулым было 270 крадзяжоў ровараў, то ў гэтым ужо 330. Для параўнання 5 гадоў таму — усяго 80".

Знаходзіць міліцыя толькі 25% скрадзеных ровараў. То бок у мінулым годзе з 270 скрадзеных ўладальнікам вярнулі толькі каля 65 ровараў. Зусім нягуста.

Што адбываецца са скрадзенымі роварамі

Кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі расказвае Еўрарадыё, што нейкага арганізаванага крымінальнага бізнэсу па крадзяжы і перапродажы ровараў у Беларусі няма. Вельмі часта гэта адбываецца спантанна, а скрадзены ровар прадаецца на бліжэйшым рынку:

“На рынках прадаюць, на барахолках. Прадаюць па заніжаным кошце, вядома. Гэта адбываецца неарганізавана часцей за ўсё. Ровары крадуць і адразу ж спрабуюць прадаць, часта за невялікую суму”, — гаворыць Ластоўскі.

Адкуль крадуць ровары, і як абараніцца

90% крадзяжоў адбываецца з пад’ездаў. То бок пакідаць ровар у горадзе, ля кавярні ці крамы можна адносна спакойна. А вось у сваім пад’ездзе — ужо не. Пазбегнуць непрыемнасцяў можна некалькімі спосабамі: захоўваць ровар у кватэры, карыстацца надзейным замком альбо прамаркіраваць ровар з дапамогай адмысловай тэхналогіі.

Замок: Эксперты раяць карыстацца так званымі U-Lock замкамі, у выглядзе літары U. Іх робяць з якаснага металу, які, у адрозненне ад гнуткіх замкоў, немагчыма перакусіць кусачкамі. Можна толькі перапілаваць добрай нажоўкай па метале, што даволі праблематычна.

Маркіроўка: Гэты спосаб не ўратуе ад крадзяжу, аднак можа дапамагчы ў пошуку ўжо скрадзенага ровара. Тэхналогія прыйшла з аўтамабільнай сферы — на розныя часткі ровара нябачным спрэем наносяцца кодавыя пазнакі, якія бачныя толькі з дапамогай спецыяльных прыбораў. Пазнакі ўносяцца ў базу МУС і міліцыя потым даволі лёгка можа адрозніць скрадзены ровар ад любога іншага. Пазнакі не сціраюцца падчас мыцця і ніяк не ўплываюць на знешні выгляд — пазбавіцца ад іх можна толькі зачысціўшы ровар наждачкай ад фарбы. У Мінску такая паслуга каштуе каля 250 тысяч.

У міліцыі таксама раяць хаця б перапісаць сабе нумар рамы. У сучасных роварах усё амаль як у аўтамабіляў, і кожная рама мае свой унікальны нумар. Зрэшты, ён указаны і на гарантыйным талоне на ровар, так што, яго варта захоўваць.

Што пагражае за крадзеж ровара

Гэта залежыць ад віду злачынства і кошту ровара. У большасці выпадкаў гаворка ідзе менавіта пра крадзеж — завалоданне маёмасцю падчас адсутнасці яе ўладальніка і без прымянення фізічнай сілы. За такое злачынства можна трапіць у турму ажно на тры гады. Гэта максімальны тэрмін за крадзеж значнага памеру — маёмасці на суму больш за 30 базавых велічынь.

Калі ж ровар у вас забралі сілай (рабаўніцтва), альбо пагражаючы вашаму здароўю ці жыццю (разбой), то пакаранне больш строгае. Да 4 гадоў у першым выпадку і нават да 10 у другім. Але гэта здараецца рэдка. У большасці выпадкаў ровары проста ціха крадуць, не прыцягваючы лішняй увагі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі