Закон: Усе назвы гарадоў і вуліц у Беларусі павінны давацца толькі па-беларуску

Закон: Усе назвы гарадоў і вуліц у Беларусі павінны давацца толькі па-беларуску

Пакуль дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім змагаецца з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) за абавязковасць ужывання беларускай мовы на этыкетках тавараў, на вочы Еўрарадыё трапіўся яшчэ адзін вельмі цікавы моўны дакумент. Паводле артыкула № 17 закона “Пра найменні геаграфічных аб’ектаў”, “у Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову”. То бок назвы вуліц, населеных пунктаў, раёнаў і гэтак далей, павінны давацца на беларускай мове і ніякіх перакладаў на рускую існаваць увогуле не мусіць.

“Не, гэты закон не мае зваротнай сілы, — кажа дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, які ўваходзіць у тапанімічную камісію пры Савеце міністраў. — Гэты закон распаўсюджваецца толькі на новыя назвы геаграфічных аб’ектаў і на перайменаванні. Тыя ж назвы, якія былі да прыняцця закона ў лістападзе 2010 года, застаюцца перакладнымі”.

Па словах адказнай сакратаркі тапанімічнай камісіі, супрацоўніцы ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірыны Бародзіч, назвы населеных пунктаў пры гэтым амаль усе транслітараваныя. Што праўда, тут ёсць свае нюансы. Напрыклад, з назвай “Красный Октябрь”.

“Тут слова “красный” мае ідэалагічны сэнс, то бок тут не маецца на ўвазе чырвоны колер, — кажа Ірына Бародзіч. — Тое ж і са словам “Октябрь”. Гэтыя словы тычацца ідэалогіі савецкага перыяду. Таму па-беларуску яно будзе таксама гучаць, як “Красны Акцябр”. Проста аналагаў ні “акцябру” ні “краснаму” ў беларускай мове няма, калі казаць менавіта пра ідэалагічную пазіцыю”.

Атрымліваецца, ідэалагінасць можна надаць любому слову, якое так ці інакш звязанае з савецкім мінулым — тыя ж “армия”, “победа”, “отечественная война” і гэтак далей. Але чаму ж тады ў Мінску існуе “Плошча Перамогі” ды “Кастрычніцкая”? Вельмі дзіўныя правілы!

З моманту існавання закона ў адной толькі сталіцы з’явілася безліч новых вуліц, прыпынкаў, тых жа станцый метро некалькі штук. Праўда, іх назвы чамусьці на абедзвюх мовах вельмі сугучныя, а часам нават пішуцца аднолькава. Але ў законе прапісана, што на рускую мову яны мусяць перадавацца з беларускай шляхам транслітарацыі. А значыць, замест тых жа “Грушевка” ці “Малиновка” павінна быць “Грушаука” і “Малинаука”.

“У законе прапісаць усё немагчыма, таму да яго ёсць інструкцыя, — тлумачыць Ігар Капылоў. — Там напісана, што назвы на рускую мову перадаюцца шляхам транслітарацыі, але з улікам арфаграфічных асаблівасцяў рускай мовы. А гэта значыць, што калі ў рускай і беларускай мовах аднакаранёвыя словы, то на рускую мову перадаецца з улікам яе арфаграфіі. Напрыклад, пасёлак “Сонечны” мы дадзім па-руску “Солнечный”, бо аднакаранёвыя словы. Калі ж яны не аднакаранёвыя, то прымяняецца спосаб чыстай транслітарацыі, то бок літара да літары. Напрыклад, вуліца “Чигуночная” пасля “ч” ідзе “и”, бо арфаграфія рускай мовы не дазваляе пасля “ч” пісаць “ы”. Але пры гэтым аснова назвы застаецца”.

Па словах Ігара Капылова, здараюцца выпадкі, калі чыноўнікі, даючы назву аграгарадкам ці новай вуліцы, спрабуюць абысці закон. Тады даводзіцца шмат спрачацца. Але збольшага парушэнняў на памяці сябраў тапанімічнай камісіі не было. Каб даказаць, што закон працуе, Ірына Бародзіч узгадвае некалькі назваў вуліц, якія з’явіліся пасля 2010 года.

“Калі пашыраліся Баранавічы ў 2013 годзе, там быў шэраг такіх вуліц. Напрыклад, “Зацішная” па-беларуску і “Затишная” па-руску, ці “Мікольская” на рускай мове таксама з літарай “М” – “Микольская”, вуліцы “Барвяная” па-руску таксама “Борвяная” а не “Бордовая”. Ці ў 2011 годзе, атрымліваецца, калі закон толькі набраў моц, у Светлагорску з’явілася вуліца “Вясёлкавая”, якая і на рускай мове таксама “Весёлковая”.

Дэпутатка Алена Анісім у сваю чаргу лічыць, што сітуацыю з назвамі геаграфічных аб’ектаў трэба змяняць. Але спачатку трэба падрыхтаваць глебу, дакументацыю і ўжо пасля высоўваць прапановы па зменах.

“Я пастаянна кажу пра візуальнае афармленне гарадкоў, мястэчак, назвы нашых вуліц, — кажа Алена Анісім. — Бо прыкра, калі ў вёсках назвы напісаныя на рускай мове. Прычым якія назвы! Напрыклад, вуліца “Калхозная”. Як яна прысвойвалася, калі яна прысвойвалася!? Ды і ўвогуле, сёння такая назва гучыць і атавізмам, і ўвогуле з пэўнай двухсэнсоўнасцю. Таму гэтае пытанне варта падняць і рашаць яго ў рэчышчы закона аб назвах геаграфічных аб’ектаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі