240 "разумных" прыпынкаў хочуць паставіць у Мінску

240 "разумных" прыпынкаў хочуць паставіць у Мінску

240 "разумных" прыпынкаў плануецца ўсталяваць у Мінску. Пра гэта паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на намесніка дырэктара прадпрыемства "Сталічны транспарт і сувязь" Андрэя Іларыёнава. Месцы для гэтых прыпынкаў ужо вызначаныя.

Па словах Іларыёнава, гэта будуць 120 парных кропак. "У першую чаргу на праспектах Незалежнасці, Пераможцаў, Дзяржынскага, вуліцы Прытыцкага", — пералічыў ён.

Першы "разумны" прыпынак усталяваны каля станцыі метро "Няміга". На прыпынку ёсць сэнсарнае табло з раскладам руху транспарту, з магчымасцю задаць маршрут і выбраць транспарт; USB-порты для зарадкі гаджэтаў; экран для выкліку таксі; вендынгавыя аўтаматы; бясплатны Wi-Fi. Ёсць таксама банкамат і інфакіёск. Каштаваў гэты прыпынак больш за 100 тысяч долараў. Чакаюць, што акупіцца такі прыпынак праз пяць гадоў эксплуатацыі. 

Кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка ў каментары Еўрарадыё кажа, што для бюджэту было б больш выгадна пайсці ў гэтым пытанні на супрацу з дробным бізнэсам.

"Калі б прадпрымальнікам дазволілі гандляваць на прыпынках і зладзілі б аўкцыён-тэндар, яны б за свае грошы іх ставілі і гандлявалі. І не трэба было б выдаткоўваць бюджэтныя грошы. А раней так і было. Ім дазволілі гандляваць на прыпынку — яны цалкам яго добраўпарадкоўвалі, за свой кошт", — заяўляе Шумчанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі