Амерыканскія аналітыкі не вераць, што расійскія вайскоўцы пакінуць Крым

Некалькі дзён таму нямецкае выданне Deutsche Welle задавалася пытаннем, якія рычагі ўплыву на Расію мае Еўрасаюз. Тэма паўтараецца: расійскі “Коммерсантъ” адзначае, што, у адрозненне ад радыкальных санкцый, якія прапануюць ЗША, еўрапейскія партнёры не збіраюцца замарожваць эканамічныя адносіны з РФ. Пакуль з боку еўрапейскіх дзяржаў гучаць, у асноўным, заявы пра візы. Пасіўнасць еўрапейцаў адзначае і паўночнаамерыканскі рэдактар BBC Марк Мардэл. Вось што напісаў журналіст, уражаны заявай дзяржсакратара ЗША Джона Керы аб магчымым пашырэнні дыпламатычнай, палітычнай і эканамічнай ізаляцыі Расіі:

“Далёка не зразумела, ці пагодзяцца з такой рыторыкай еўрапейскія саюзнікі Амерыкі. Ціск на Расію з боку амерыканскай адміністрацыі яшчэ не ўсё, і краіны ЕС яшчэ атрымаюць даволі шмат прыдзірлівых тэлефанаванняў з заклікам падысці да пліты”.

Сапраўды, без падтрымкі Еўропы амерыканскія санкцыі не будуць вельмі эфектыўнымі: таваразварот Расіі з ЕС складае 460 мільярдаў долараў, а з ЗША — 40 мільярдаў у год.

Associated Press адзначае, што амерыканскія палітыкі асабліва не вераць у тое, што Пуцін адступіць у Крыме. І прыводзіць цытату Бары Павела, які працаваў у Савеце нацыянальнай бяспекі:

“Рускія нацыяналісты лічаць, што гэта практычна тэрыторыя Расіі. Шансы на тое, што расійскія войскі пакінуць месцы, якія яны занялі, вельмі малыя”.

Тым часам у інтэрв’ю “Аль-Джазіры” Джон Сквайр з “Нацыянальнага фонду дэмакратыі” апісвае сітуацыю, у якую трапіў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін:

“Думаю, што ён загнаў сябе ў кут. Калі ён цяпер зробіць крок назад, то згубіць аўтарытэт сярод расіян у пытанні “бліжэйшага замежжа” краін былога Савецкага Саюза”.

Некаторыя эксперты апошнім часам выказвалі думку, што вайсковай прысутнасцю Расія хоча атрымаць дадатковыя бонусы перад палітычным гандлем з новымі ўкраінскімі ўладамі. У сваю чаргу The New York Times піша, што яшчэ выклікае раздражненне Крамля:

“Крэмль, аднак, наўрад ці пагодзіцца, каб Украіна рухалася бліжэй да Еўропы, у прыватнасці з-за перасцярогаў, што краіна ўрэшце ўступіць у NATO”.

Дарэчы, за апошнія дні расійскія вайскоўцы ўжо паспелі сустрэцца з натаўцамі, калі восем турэцкіх знішчальнікаў F-16 падняліся на перахоп расійскага самалёта назірання, што ляцеў уздоўж узбярэжжа Чорнага мора.

Цікава, што брытанскі тэлеканал Channel 4 непакоіць прыход правых да ўлады ў Кіеве. Журналісты цытуюць дацэнта Універсітэта Лунда (Швецыя) Перса Андэрса Радлінга, які вывучае ўкраінскае пытанне.

Channel 4: “Спадар Радлінг папярэдзіў, што Еўропа мусіць надаваць больш увагі палітыцы новага рэжыму, разам з тым адзначыўшы, што гэта ніяк не ўхваляе дзеянняў Расіі”.

Нагадаем, што ўжо хутка стане вядома афіцыйная рэакцыя Еўрасаюза на дзеянні Расіі ў Крыме: 6 сакавіка ЕС праводзіць экстраную сустрэчу наконт увядзення санкцый супраць Расіі.

Фота: Reuters/Baz Ratner

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі