Беларус уцёк з Кіева. Чаму гэта не гарантуе статусу ваеннага ўцекача
Стас Цыбінскі / August2020
Беларус Станіслаў Цыбінскі выбраўся з Кіева і паспрабаваў атрымаць статус уцекача ў Германіі. У адміністрацыі горада здзівіліся:
— Але ж вы беларус! Чаму ў Германію? Едзьце дадому, у вас жа няма вайны!
Стас расказаў і чыноўнікам, і журналісту Еўрарадыё, чаму не можа вярнуцца дадому. А адвакаты растлумачылі, чаму атрыманне статусу ўцекача — не самая хуткая працэдура. І ці звязана гэта з тым, што змянілася стаўленне да нас еўрапейскіх чыноўнікаў.
"Калі выйшла інтэрв'ю, я не ведаў, куды падацца"
Калі два тыдні таму мы размаўлялі са Стасам Цыбінскім, ён жыў у закрытым кіеўскім рэстаране. У гэтым рэстаране Стас працаваў да вайны, там яго і заспела раніца 24 лютага. У наступныя некалькі дзён з прадуктаў, якія засталіся ў рэстаране, ён гатаваў абеды для ўкраінскіх нацгвардзейцаў, якія ахоўвалі блокпасты зусім побач з рэстаранам. Проста так — таму што паспачуваў хлопцам.
— Калі выйшла інтэрв'ю, я яшчэ не ведаў, куды падацца. Ехаў у аўтобусе. І тут мне прыходзіць паведамленне ў фэйсбуку: мяне пазналі. І абсалютна незнаёмыя людзі мне напісалі і прапанавалі дапамогу і часовае жыллё.
Цяпер Стас жыве ў адным з невялікіх нямецкіх гарадкоў у чужой сям'і. У сям'і — сямёра чалавек, Стас — восьмы. Тыдзень таму ён карміў украінскіх вайскоўцаў. Цяпер частуе ўкраінскім баршчом і беларускай выпечкай гасцінных уладальнікаў свайго часовага дома.
Застаюцца дзве праблемы. Маленькая: канчаюцца цыгарэты. І грунтоўная: Стас пакуль не можа атрымаць ніякага афіцыйнага статусу ў Германіі. І ўпэўнены, што праблема — у беларускім пашпарце.
"Едзьце дадому, у вас жа няма вайны!"
Калі Стас прыехаў, у горадзе было яшчэ не вельмі шмат уцекачоў. Ён паспеў атрымаць бясплатныя прадукты: дзве бутэлькі алею, тры пачкі масла, дзве бутэлькі малака, два кіло мукі, кілаграм цукру, кансервы, гарбату, каву, па кілаграме розных круп, паўкіло фаршу, а яшчэ садавіну і гародніну. Стас кажа, што, калі б ён прыехаў цяпер, не атрымаў бы ўжо нічога: горад перастаў прымаць уцекачоў.
— Адразу па прыездзе я прыйшоў у адміністрацыю горада. Хацеў легалізавацца як ваенны ўцякач. Гэта значыць, што мне б далі рэгістрацыю на год і праз год яе можна было б падоўжыць. У мяне было б права працаваць, горад аплачваў бы мне пражыванне і плаціў дапамогу — каля 400 еўра ў месяц.
Але ў легалізацыі як ваеннаму ўцекачу мне адмовілі. Я думаю, праз беларускі пашпарт.
Калі ў адміністрацыі ўбачылі мой пашпарт, вытарапілі вочы і кажуць: у вас у Беларусі ўсё добра! Едзьце дадому, там няма вайны! Навошта вы ўвогуле сюды прыехалі?
Стаса Цыбінскага затрымалі ў Мінску 10 жніўня 2020 года. Пасля гэтага затрымання яго прывезлі ў БХМД, але Стас адмовіўся ад шпіталізацыі — яму трэба было ісці на працу. З гэтай працы яго звольнілі ўжо на наступны дзень. І зноў затрымалі — гэтым разам не на мітынгу, а ў рэстаране.
Стас пераказаў гэтую гісторыю ў адміністрацыі нямецкага горада.
— Я пачаў усё ім тлумачыць. Я паказаў афіцыйны ліст ад Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. У ім гаворыцца, што я стаў ахвярай катаванняў і жорсткага абыходжання. Дзякуючы гэтаму лісту яны з горам папалам прынялі ў мяне дакументы. Пачаўся працэс афармлення.
А ўчора мне патэлефанавалі і сказалі, што не ведаюць, што са мной рабіць. У выніку мае дакументы і дакументы іншых беларусаў — тут некалькі чалавек — прыбралі ў канец чаргі. Апрацуюць дакументы ўкраінцаў — будуць з намі разбірацца.
Калі зараз я паспрабую легалізавацца як палітычны ўцякач, у мяне забяруць пашпарт — без пашпарта давядзецца жыць ад васьмі месяцаў да паўтара года. Я не змагу з'ехаць з горада далей чым на 30 кіламетраў. Дазволу на працу мне не дадуць. Нейкая хатняя хімія.
Вядома, мне б усяго гэтага не хацелася — мне хацелася б адразу ісці працаваць, не сядзець на шыі ў людзей, — кажа Стас.
Грошай у яго няма, зарплаты з рэстарана не будзе, пакуль не вернецца ў Кіеў. Збор дапамогі Стасу, які арганізаваў адзін з фондаў, застопарыўся.
А тут яшчэ і да палітычных уцекачоў з Беларусі немцы сталі ставіцца з падазрэннем.
— Бывала, што прыязджалі людзі, у якіх не было ніякіх дакументаў аб затрыманні, аб збіцці, аб штрафах. Ёсць толькі фатаграфія на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Немцы гэтыя фатаграфіі як доказ палітычнага пераследу, як я зразумеў, ужо не прымаюць — ім патрэбны рэальны пацвярджальны дакумент, які даказвае, што чалавек пацярпеў ад рэжыму. Позву ў Следчы камітэт таксама могуць не прыняць як доказ — скажуць, маўляў, вас маглі выклікаць як сведку, вам нічога не пагражае.
І многія не ведаюць, што рабіць. Вяртацца ў Беларусь людзі баяцца, легалізавацца — не могуць.
"Атрыманне статусу ўцекача — працэс даказвання, праз які трэба прайсці"
Члены Савета Еўрапейскага саюза дамовіліся актываваць дырэктыву пра часовую абарону для ўцекачоў з Украіны. Гэта значыць, што ўкраінцы атрымаюць права на пражыванне, працу, медычныя паслугі ў краінах Еўропы.
Па змоўчанні "ўцякач з Украіны" разумеецца як чалавек з украінскім пашпартам або з украінскім відам на жыхарства, кажа адвакат Алесь Міхалевіч. Але ж беларусы і ўласна Стас ведаюць, што гэта не заўсёды так проста.
Калі пачалася вайна, Цыбінскі жыў у Кіеве толькі два месяцы. Як і ў шмат якіх уцекачоў з Беларусі, у дзень пачатку вайны віду на жыхарства ў яго не было.
— Любы чыноўнік любіць прымаць рашэнні ў адпаведнасці з вельмі простымі схемамі. Простая схема выглядае так: ёсць еўрапейская дырэктыва, якая дазваляе легалізавацца чалавеку з украінскім пашпартам. Любыя дадатковыя пытанні ў межах гэтай схемы для любога чыноўніка з’яўляюцца цяжкімі. Ён павінны глядзець дадатковыя дакументы, вывучаць дадатковыя фактары, прымаць індывідуальныя рашэнні. Для любога чыноўніка ў любой краіне гэта з’яўляецца цяжкім момантам.
Еўрапейская дырэктыва прадугледжвае, што ваеннымі ўцекачамі будуць звацца грамадзяне і рэзідэнты Украіны. І што тая ці іншая краіна будзе разумець пад рэзідэнцыяй, вялікае пытанне. Дагэтуль тое няясна і трактуецца па-рознаму.
Далёка не ўсе беларусы рабілі сабе ва Украіне від на жыхарства, а пастаянны від на жыхарства быў увогуле ў адзінак. У большасці — “посвідка на тимчасове проживання”, то бок гадавы від на жыхарства.
Беларусы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны без віду на жыхарства, хутчэй за ўсё, не будуць трактавацца як рэзідэнты Украіны, і да іх будзе іншае стаўленне. А “іншае стаўленне” — гэта звычайная працэдура атрымання статусу палітычнага бежанства. І тады той факт, што яны збеглі ад вайны, будзе адыгрываць вельмі невялікую ролю. Даследуецца, ці ім штосьці пагражае ў Беларусі.
І так, вам давядзецца даказваць чыноўнікам, што вы сапраўды ўцякач. Міхалевіч кажа, што любы дэпартамент міграцыі, які прымае заявы на атрыманне статусу ўцекача, ставіцца да людзей так, нібыта яны хлусяць.
Вас будуць намагацца злавіць на хлусні, на тым, што вы не арыентуецеся ва ўнутранай сітуацыі ў краіне.
— Бо гэта дастаткова масавая з’ява ва ўсім свеце. Напрыклад, арабы масава выдавалі сябе за сірыйскіх уцекачоў. І ў Еўропе выпрацоўваліся спецыяльныя метады высветліць, ці сапраўды чалавек належыць да таго рэгіёна. Ці гаворыць ён з адпаведным акцэнтам? І гэтак далей.
Але гаварыць пра моцную дыскрымінацыю беларусаў я б не стаў. Баюся, што ў нас ёсць сіндром “дзяцей Чарнобыля”. Маўляў, нам усе абавязаны дапамагаць. На вялікі жаль, атрыманне статусу ўцекача — гэта працэс даказвання, праз які трэба прайсці.
Беларусам можа здавацца, што ўкраінцы цяпер маюць лепшыя ўмовы ў параўнанні з імі [напрыклад, украінцам не абавязкова падавацца на бежанства ў першай краіне ўезду. — Еўрарадыё]. Так, маюць. Але звычайна сапраўдны ўцякач радуецца і першай бяспечнай краіне і не будзе прад'яўляць прэтэнзій.
Так, вайна змяніла імідж Беларусі і беларусаў. І працэс легалізацыі можа ўжо не быць такім простым. Раней у той жа Польшчы беларусы былі галоўнымі людзьмі, якім патрэбна дапамога.
— Цяпер у параўнанні з тым, што адбываецца ва Украіне, нашыя праблемы сталі ў вачах грамадства нашмат менш значнымі. А больш далёкія краіны могуць і не размяжоўваць Беларусь і Расію. Блакаваць рахункі, адмаўляць у відах на жыхарства. Хаця большасць краін дзейнічаюць у адпаведнасці з правам, і прававых падстаў для дыскрымінацыі беларусаў я пакуль не бачу.
6 жыццёвых парад ад юрыста: прасіце дапамогі ў дыяспар і не чакайце хуткага выніку
Галоўнае — звяртацца па дапамогу і не разлічваць толькі на сябе, кажа юрыст, сябра НАУ Арцём Праскаловіч. І прапануе беларусам хутчэй не юрыдычныя, а жыццёвыя парады:
Не панікуйце
— У дачыненні да беларусаў (у адрозненне ад расіян), наколькі мне вядома, ніякія абмежаванні не ўводзіліся — за выключэннем адмены выдачы турыстычных віз некаторымі краінамі. Атрымаць гуманітарную візу магчыма, як і раней. Усе астатнія адмовы ў прыняцці дакументаў, выдачы рашэння і г. д. павінны грунтавацца на заканадаўстве. Калі ж гэта асабістае стаўленне канкрэтнай дзяржаўнай асобы, то можна абскардзіць яе дзеянні або звярнуцца ў арганізацыі, якія займаюцца праблемамі абароны правоў чалавека і супрацьдзеяннем дыскрымінацыі.
Уважліва чытайце дакументы
— Калі вы выбралі нейкую канкрэтную дзяржаву для таго, каб знайсці там часовы ці пастаянны прытулак, азнаёмцеся з афіцыйнай інфармацыяй на сайтах міграцыйных службаў, яна там актуальная і падрабязная. У той жа Польшчы нават на рускай мове. Таксама знайдзіце адпаведныя групы ў ФБ ці ў тэлеграме. Зноў жа Польшча: група беларусаў налічвае больш за 26 000 чалавек і пастаянна павялічваецца (на жаль), там ёсць адказы на 99% пытанняў.
Падрыхтуйцеся, што лёгка не будзе. І хутка — таксама
— Ні ў адной краіне свету нельга атрымаць статус уцекача за тыдзень, а разам з ім прыдбаць аўтаматычна ўвесь пакет дакументаў на ўсе выпадкі жыцця, жыллё і сярэдні па краіне заробак. Паўсюль ёсць бюракратычныя працэдуры, і з-за вайны яны ўсе запаволіліся, а ў якасці дапамогі даецца толькі нейкі мінімальны набор даброт.
Асабіста сутыкнуўся з тым, што мае дакументы не паспелі разгледзець за адведзены час, праз гэта атрымаў паперу, што тэрмін будзе працягнуты і з абгрунтаваннем, на якой падставе, з-за чаго ўзнікла затрымка. Калі чалавек лічыць, што аб'ектыўных падстаў няма — ён мае права скардзіцца ў вышэйстаячую ўстанову, суд або звяртацца ў адмысловыя арганізацыі, якія адсочваюць выпадкі дыскрымінацыі.
Не страчвайце надзеі стаць выключэннем
— Запускаць працэдуру міжнароднай абароны па базавых правілах неабходна ў першай краіне, у якую вы прыехалі пасля ўцёкаў з Беларусі. Але кожны выпадак разглядаецца асобна, і мне вядома мноства прыкладаў, калі чалавек шматразова пераязджаў з Украіны ў Грузію, потым у Літву, нарэшце запытаў статус уцекача ў Польшчы і яму не адмовілі.
Тое самае з доказамі таго, што на радзіме існуе пагроза жыццю або здароўю: падыдуць любыя паперы і сведчанні, фотаздымкі і допісы ў сацсетках, але нават калі іх не будзе, ніхто аўтаматычна вам не адмовіць, вы ўсё зможаце расказаць падчас спецыяльнага інтэрв'ю.
Разлічвайце на дыяспару
— Калі ваш выпадак зусім крытычны і вам патрабуецца экстранная дапамога, я б раіў звяртацца ў "Байсол". У іншых сітуацыях, хутчэй за ўсё, вам дапамогуць мясцовыя аб'яднанні дыяспары.
НАУ разам з іншымі палітычнымі прадстаўнікамі дэмакратычнага руху штодзённа працуе над тым, каб максімальна палегчыць юрыдычныя моманты, звязаныя з сітуацыяй у Беларусі і Украіне. Але не займаюцца непасрэдна ўладкаваннем уцекачоў. Мы трымаем сувязь з гуманітарнымі арганізацыямі і дыяспарай і на падставе іх інфармацыі адстойваем інтарэсы беларусаў перад мясцовымі ўладамі.
Не саромейцеся звяртацца па дапамогу
— У любым выпадку галоўнае — звяртацца па дапамогу, не разлічваць на самога сябе, не маўчаць, не саромецца. Тысячы беларусаў разам з жыхарамі тых краін, дзе яны апынуліся, дапамагаюць адно аднаму і ў большасці выпадкаў ужо маюць адказы на ўсе пытанні.
Можаце разлічваць, што вашую справу разгледзяць грунтоўна
— Сапраўды, юрыдычна ў Беларусі няма вайны. Але беларусы могуць прасіць прытулак на агульных падставах з-за таго, што на радзіме ім пагражае небяспека з-за іх поглядаў (не толькі палітычных, але, напрыклад, рэлігійных ці сексуальных) або грамадскай пазіцыі.
Улічваецца абсалютна ўсё: калі чалавек упершыню выехаў (напрыклад, у жніўні 2020-га ва Украіну), чаму, дзе працаваў да гэтага, як звольніўся, да якіх адміністрацыйных і крымінальных спраў, якія мелі месца ў Беларусі, падобная яго сітуацыя, ці засталіся ў Беларусі сваякі, як ён паводзіў сябе ў сацсетках, чым займаўся ва Украіне і г. д. Справу разглядаюць прафесіяналы, думаю, што яны змогуць зрабіць абгрунтаваную выснову, ёсць пагроза ці не.
Трэба разумець, што ніхто не рыхтаваўся да вайны, не чакаў такіх яе наступстваў, дзяржслужачыя Германіі, Польшчы, Літвы ці Даніі такія ж людзі, якія бачаць навіны, ведаюць, што Беларусь — краіна-агрэсар, перажываюць за лёс украінцаў. Трэба спакойна тлумачыць усім, што Лукашэнка і беларусы — гэта не адно і тое ж.
Так, нам будзе складана вярнуць станоўчую рэпутацыю, але ніхто не зробіць гэта за нас. Толькі сваімі паводзінамі, асабістым прыкладам мы зможам змяніць сітуацыю. Зноў жа, усе палітычныя і грамадскія структуры працуюць над тым, каб не было дыскрымінацыі беларусаў. Але гэта не хуткая справа.
Кіеў на сувязі
Яшчэ некалькі дзён таму былыя калегі Стаса — бармены і афіцыянты — вярталіся на працу. Ужо былі складзеныя графікі рабочых змен. У агульным чаце хлопцы перасылалі адзін аднаму відэа з рэстарана — там ішла прыборка. Стас па відэароліках вывучаў, як выглядае бар, які вось-вось павінен быў адкрыцца для наведвальнікаў. Учора ў агульным чаце ён убачыў іншае відэа — разбітыя шыбы. Недалёка ад бара прагрымеў выбух, хлопцы паспелі схавацца ў сутарэнне, у якім яшчэ нядаўна хаваўся Стас.
— А памятаеце, мы жартавалі, што Стас можа пайсці ваяваць за Украіну з беларусамі? Вось ужо не смешна, — абмяркоўваюць яго калегі ў агульным чаце.
І Стасу не смешна: на пытанне пра тое, чаму не застаўся ваяваць за Украіну, яму ўжо давялося адказваць у аўтобусе, які вывозіў яго з Кіева.
— Калі мы выходзілі з аўтобуса на перакур, я разгаварыўся з украінцам. Каб лепш разумець адзін аднаго, перайшлі на рускую. Да мяне падышла жанчына з дзіцем і назвала баязліўцам, спытала, чаму я не пайшоў ваяваць за ўкраінскае войска.
Я кажу: паслухайце, я грамадзянін іншай краіны, я беларус. Расказаў, што ў часе затрымання на пратэстах у Беларусі мне зламалі рэбры, паказаў дакументы, расказаў, што я сам уцякач, што быў вымушаны пакінуць краіну. Стаўленне трошкі змянілася.
А потым да мяне падышла пажылая сямейная пара. Угаварылі пачаставацца бутэрбродамі: перад выездам яны зрабілі больш, каб падзяліцца з усімі. Папрасілі не крыўдзіцца, растлумачылі, што цяпер усе на ўзводзе, усіх грабуць пад адзін грэбень.
Я супраць вайны, я не пайду страляць. Ні ў расіян, ні ў беларусаў, ні ва ўкраінцаў. Я зброі ў руках не трымаў і ў гэтым я нічога не разумею.
Ужо ў Германіі некалькі начэй запар Стасу сніліся кашмары — "з адарванымі галовамі і нагамі".
— Цяпер быццам бы больш-менш нармальна. Часам, калі побач грыміць грузавая машына, тузаюся. Лёгкая паніка. Потым успамінаю, што гэта не Кіеў, што бамбіць не будуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.