Беларусы бяднейшыя, чым думаюць?

Белстат упершыню пралічвае медыянны заробак беларусаў і аказваецца, што ў лістападзе ён складае 4,4 мільёна рублёў. Гэта менш за сярэдні заробак (5,3 мільёна рублёў).

Белстат тлумачыць, што паняцці сярэдняга і медыяннага заробку параўноўваць нельга:

 “Зусім розныя методыкі разліку, але яны дзве маюць права на існаванне, таму мы зрабілі такія разлікі. І тое, што медыянны заробак адрозніваецца ад сярэдняга прыкладна на 20%, — гэта не шмат насамрэч. У Расіі гэты паказчык дасягае каля 38%”.

Медыянны заробак — гэта заробак сярэдняга работніка. За медыяну бярэцца той заробак, што ідзе менавіта пасярэдзіне, і размяркоўваецца па меры ўзрастання заробкаў. Але што дае гэты медыянны заробак звычайнаму беларусу?

На думку эканаміста Сяргея Чалага, гэта больш праўдзівы паказчык, чым сярэдні заробак:

“Сярэдні заробак мае вельмі маленькае практычнае значэнне, бо гэта не столькі заробак, колькі сярэднія выдаткі дзяржавы на работніка. А вось як гэтыя выдаткі дзеляцца на людзей, тут вельмі залежыць ад ступені няроўнасці. Чым яна меншая, тым медыяльны заробак вышэйшы, і наадварот. Чым няроўнасць большая — тым больш медыянны заробак будзе адрознівацца ад сярэдняга. Гэта болей паказчык расслаення насельніцтва па даходах”.

Згодна са статыстыкай, амаль 10% беларусаў, ці адзін правінцыйны беларускі горад, атрымліваюць заробак у 200 долараў і меней. Яшчэ 5,7% грамадзян зарабляюць болей за 10 мільёнаў.

Найбольшы прыклад перавышэння заробкаў самых высокааплатных работнікаў у параўнанні з самымі нізкааплатнымі назіраецца ў сферы прадастаўлення  камунальных паслуг, сацыяльных і персанальных паслуг (4,7 разу), сельскай гаспадаркі (4,5 разу), палявання і лясной гаспадаркі (4,3 разу), а таксама здабычы энергетычных выкапняў (4,3 разу). Найменшыя хістанні — у заробках чыноўнікаў, транспартнікаў ды ў фінансавай дзейнасці.

На думку Сяргея Чалага, медыянны заробак мае большую псіхалагічную праўдзівасць:

“… медыянны заробак больш праўдзівы, бо гэта тое, што ў асноўным людзі бачаць вакол сябе, і сябе, сярод іх”.

Сярэдні заробак і медыянны, па меркаванні вядомага эканаміста Леаніда Заікі, — тэма для дысертацыі, якая мала мае адносін да рэальнага жыцця. Найбольш адэкватна — пералічыць заробак у коштах на той ці іншы прадукт.

 “Каб ацаніць свае даходы, дастаткова пералічыць свае заробкі ў нейкія прадукты, самае лепшае — у паліва. У савецкі час настаўнік ВНУ мог на свой заробак купіць 3,2 тоны паліва, зараз — 500-600 кілаграм. Гэта найбольш правільны падыход”, — кажа Леанід Заіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі