Белстат атрымаў права афіцыйна хаваць статыстыку
Хаваць статыстычныя звесткі Белстат пачаў яшчэ падчас пандэміі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Белстат цяпер атрымаў законнае права адмовіць у выдачы статыстычных звестак. На Нацыянальным прававым партале апублікаваная інструкцыя аб распаўсюдзе такой інфармацыі. У дакуменце ёсць пункт, які дазваляе чыноўнікам хаваць асобную інфармацыю. Гаворка ідзе пра звесткі, распаўсюд або выдача якіх "можа зрабіць шкоду" нацбяспецы Беларусі, а таксама "грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асоб".
Хто будзе вырашаць, ці здольная публікацыя звестак зрабіць шкоду, у дакуменце не ўдакладняецца.
Адзначым, што Белстат і раней закрываў статыстыку. Так, падчас эпідэміі каронавіруса ведамства перастала публікаваць звесткі аб смяротнасці і нараджальнасці. Пасля ўвядзення санкцый недаступнай зрабілася інфармацыя пра гандаль Беларусі з іншымі краінамі, стан дзяржаўнай запазычанасці, колькасць пенсіянераў у Беларусі, а таксама колькасць прынятых і звольненых айцішнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.