Брэсцкі пенсіянер выйграў справу супраць Рэспублікі Беларусь

Гісторыя брастаўчаніна пачалася яшчэ 10 гадоў таму. На той час Павел Казлоў працаў судовым экспертам па транспартных сродках. У 2004 і 2005 гадах ён накіраваў не адзін ліст у разнастайныя інстанцыі з крытыкай у адрас дзяржаўнай страхавой кампаніі "Прамтрансівест".

Як распавядае сам Павел Казлоў, у сваіх зваротах ён скардзіўся на магчымую карупцыю і парушэнне правоў людзей, якія трапілі ў аварыю.

"Супрацоўнікі страхавой кампаніі "Прамтрансінвест" абавязвалі мяне штучна заніжаць памер шкоды транспартных сродкаў ад ДТЗ. Я тлумачыў, што гэта неправамерныя дзеянні! Напрыклад, кошт ветравога шкла — 100$, а яны просяць зрабіць 90. А як я зраблю 90, калі па каталогу 100? Я адмаўляўся..."

Адзін з такіх лістоў стаў нагодай для разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе. Судзілі, праўда, не працаўнікоў страхавой кампаніі, а самога аўтара ліста. Скаргу на Паўла Казлова напісала намесніца дырэктара "Прамтрансінвест". Яна абвінаваціла мужчыну ў паклёпе, які ён нібыта агучыў у яе адрас ў лісце да Міністра фінансаў.

"Так, у сваім звароце я выказаў сваё меркаванне пра тое, што гэтая маладая дзяўчына не ў курсе справы, не мае разумення ў ацэначнай дзейнасці і на працы намесніка кіраўніка яна пусты чалавек з ведамі васьмікласніка".

Словы былога судовага эксперта прызналі абразлівымі і не адпавядаючым рэчаіснасці. Суддзя аргументаваў свае высновы добрымі рэкамендацыямі дзяўчыны з працы і тым факце, што яна скончыла ВНУ.

Паўла Казлова аштрафавалі на 24 тысячы беларускіх рублёў, што на той час складала 12$. Аспрэчыць рашэнне ў Беларусі не атрымалася, і мужчына пачаў дамагацца справядлівасці ў міжнародных інстанцыях. Гэта зацягнулася на некалькі гадоў, але прынцыповы пенсіянер ўсё ж такі давёў справу да пераможнага заканчэння.

У 2014 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прыйшоў да высновы, што беларускія ўлады парушылі артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на свабоднае выказванне меркавання. У сваім рашэнні камітэт удакладняе, што аўтар накіраваў ліст толькі Міністру фінансаў, а не апублікаваў яго ў сродках масавай інфармацыі, і таму любая шкода рэпутацыі супрацоўніцы кампаніі несла абмежаваны характар.

Справу Паўла Казлова пракаментаваў праваабаронца Раман Кісляк, які ў свой час дапамог яму скласці скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

"Юрысты ў нашай краіне ведаюць, што замест таго, каб вырашаць праблемы, чыноўнікі часта ціснуць на саміх заяўнікаў. Справа брэсцкага пенсіянера — акурат адзін з такіх прыкладаў. Камітэт пастанавіў, што такі ціск парушае правы грамадзян. Грамадзяне маюць права выказвацца ў сваіх зваротах нават з жорсткай крытыкай. Крытыка такая мусіць быць разгледжаная".

Цяпер, маючы рашэнне Камітэта на руках, Павел Казлоў можа дамагчыся выплаты кампенсацыі. На думку праваабаронцы, улічваючы мінімальнасць сумы, улады, хутчэй за ўсё, яе выплацяць, каб далей не ствараць прэцэдэнтаў.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі