Бялынічане занепакоеныя экалагічнай сітуацыяй на рацэ Друць

Бялынічане занепакоеныя экалагічнай сітуацыяй на рацэ Друць

Грамадскія актывісты з Бялыніч 29 снежня накіравалі калектыўны зварот на імя старшыні Круглянскага райвыканкама Анатоля Шчуплянкова з патрабаваннем спыніць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплуатацыі гідраэлектрастанцыі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна, паведамляе ПЦ "Вясна".

У звароце бялынічане скардзяцца на тое, што, у выніку непрадуманых дзеянняў пры эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС перапад узроўню вады ў рацэ Друць на працягу дня часцяком складае больш за адзін метр. У выніку гэтага гіне расліннасць і іхтэафаўна, рака на тэрыторыі Бялыніцкага раёна паступова ператвараецца ў балота. Рацэ Друць наносіцца велізарныя экалагічныя страты, якія цяжка падлічыць. Грамадскія актывісты здзіўлены тым, што адпаведныя прыродаахоўныя органы і арганізацыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў чамусьці не звяртаюць на гэта ўвагі, хоць кантроль за станам навакольнага асяроддзя і выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства – іх непасрэдны абавязак.

Ніякіх мер па выпраўленню існуючай сітуацыі не прымаюць і органы выканаўчай улады Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў, хоць неабыякавыя грамадзяне неаднаразова ўздымалі перад імі пытанне аб захаванні флоры і фаўны ракі Друць.

Грамадзяне просяць старшыню Круглянскага райвыканкама паведаміць ім, якія меры прымаюцца Круглянскім РВК для забеспячэння выканання прыродаахоўнага заканадаўства і захавання флоры і фаўны ракі Друць. Таксама ў звароце кажацца пра тое, што адказ старшыні Круглянскага райвыканкама быдзе абавязкова накіраваны ў розныя экалагічныя арганізацыі, каб тыя маглі даць яму належную ацэнку.

Грамадскі актывіст з Бялыніч Пётр Шымбалёў, які быў ініцыятарам напісання звароту ў Круглянскі райвыканкам, кажа, што копія калектыўнага звароту будзе таксама накіраваная ў Бялыніцкі раённы Савет дэпутатаў. Па словах грамадскага актывіста, многія з бялынічан абураны тым, што мясцовыя народныя абраннікі ніякім чынам не рэагуюць на парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства на рацэ Друць, і ўсё ж хочуць пачуць іх меркаванне на гэты конт.

Пётр Шымбалёў раней уздымаў праблему з экалагічнай сітуацыяй на рацэ Друць у Бялыніцкім раёне ў 2014 годзе, калі спрабаваў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты раённага Савета, і ў 2015 годзе, калі Цяцерынскае водасховішча наведвала кандыдат у прэзідэнты РБ Таццяна Караткевіч. Аднак мясцовыя ўлады адаюць перавагу таму, каб гэту праблему проста “не заўважаць”.

Фота: pixabay.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі