Жыхары Бялыніч змагаюцца з гідраэлектрастанцыяй, каб выратаваць раку Друць
Жыхары Бялыніч змагаюцца з гідраэлектрастанцыяй, каб выратаваць раку Друць, якая паступова пераўтвараецца ў балота. Мясцовы грамадскі актывіст Пётр Шымбалёў 27 студзеня дайшоў да старшыні Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Асіпёнка. Чыноўнік прызнаў праблему з экалогіяй на рацэ Друць і паабяцаў удакладніць сітуацыю ў прыродаахоўных органах, а пасля даць афіцыйны адказ.
Раней жыхары горада накіравалі два звароты ў падтрымку экалогіі ракі, у Бялыніцкі Савет дэпутатаў і Круглянскі райвыканкам. Неабыякавыя жыхары патрабавалі ад уладаў спыніць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. У звароце людзі скардзіліся на тое, што ў выніку няправільнай эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС адбываецца перапад узроўню вады ў рацэ Друць. З-за гэтага гіне расліннасць і іхтыяфаўна, рака на тэрыторыі Бялыніцкага раёна паступова ператвараецца ў балота.
Па словах актывістаў, рацэ Друць наносяцца велізарныя экалагічныя страты, якія цяжка ацаніць дакладна. Адпаведныя прыродаахоўныя органы і арганізацыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў чамусьці не звяртаюць ўвагі на гэтую экалагічную праблему.
26 студзеня грамадскі актывіст Пётр Шымбалёў атрымаў адказ з Круглянскага райвыканкама на калектыўны зварот жыхароў. Па словах актывіста, гэта была проста адпіска. Вось, як Пётр Шымбалёў пракаментаваў гэтую сітуацыю праваабарончаму сайту “Вясна”:
"Бялынічан гэтая праблема вельмі хвалюе, таму мы прасілі адказаць, якія меры будуць прынятыя для выпраўлення існуючай катастрафічнай сітуацыі на рацэ Друць. Нам жа распавялі пра тое, якія добрыя круглянскія чыноўнікі і як яны клапоцяцца пра выкананне прыродаахоўнага заканадаўства”.
Значна больш канструктыўнай, па словах Пятра Шымбалёва, атрымалася размова са старшынёй Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Асіпёнкам.
Цяпер грамадскія актывісты маюць намер дачакацца афіцыйнага адказу на іх калектыўны зварот ад дэпутатаў Бялыніцкага райсавета. Калі там не прыслухаюцца да скаргаў грамадзян, актывісты распачнуць збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аўтар фота: Ігар Субач