Былы трэнер зборнай Беларусі па біятлоне працуе на нафтавай платформе
Знакаміты французскі біятланіст Рафаэль Пуарэ ўладкаваўся звычайным рабочым і мае графік 2 тыдні праз 4.
У інтэрв’ю нарвежскім журналістам Рафаэль Пуарэ расказаў, што пасля разрыва кантракта з Беларускай федэрацыяй біятлона ён 9 месяцаў сядзеў без працы. А потым раптам уладкаваўся… на нафтавую платформу ў Нарвегіі. “Мне хацелася новых выклікаў, акунуцца ў новае асяроддзе. І мне трэба было больш часу на дзяцей, я хацеў стаць сапраўдным бацькам”, — цытуе словы Пуарэ сайт tribuna.com.
У выніку Рафаэль Пуарэ падпісаў кантракт з кампаніяй Aker Solutions. Ён працуе ў Паўночным моры на платформе рознарабочым. Пракладае кабелі і рамантуе абсталяванне, удзельнічаючы ў праекце, які працягнецца да лютага 2016 года.
“Мне ўсміхнулася ўдача, я апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Гэта паўнавартасная праца з 7 раніцы да 7 вечара, 12 гадзін цяжкай працы. Але гэта ўнікальнае асяроддзе. Мне ніколі не даводзілася знаходзіцца ў такіх працоўных умовах, я вельмі камфортна сябе адчуваю. Але... я памятаю першы дзень. Гэта было ў лістападзе, цемра апраметная, я сядзеў у верталёце па дарозе на нафтавую платформу. Пражэктары, усякія агрэгаты, шалёны шум. Тады я падумаў: Што я нарабіў?” — расказвае Пуарэ.
Старшым трэнерам беларускай зборнай па біятлоне Рафаэль Пуарэ працаваў у сезоне 2012—2013 гадоў. Кантракт з ім быў разарваны датэрмінова па згодзе бакоў. Пуарэ восем разоў станавіўся чэмпіёнам свету, а таксама чатыры разы выйграваў Кубак свету.
Фота Alexander Hassenstein/Bongarts