Цэнтр занятасці: Беспрацоўныя злыя цяпер. Усё з-за гэтага дэкрэта.

Цэнтр занятасці Заводскага раёна Мінска на вуліцы Алтайскай. З дакументамі ля кабінета, дзе рэгіструюць на біржы працы, сядзіць каля 10 чалавек. Чарга рухаецца вельмі марудна,  у калідоры ціха і напружана. У чарзе амаль толькі мужчыны, чакаць для іх — пакута. Яны раз-пораз выбягаюць на вуліцу,  зацягваюцца цыгарэткай ці разварочваюць цукерачку і зноў чакаюць.

Гэты нервовы спакой парушаюць тыя, хто ўжо на біржы працы. Яны па-дзелавому заходзяць у фае, спачатку бяруць газетку з вакансіямі,  а потым кіруюцца да дапатопных кампутараў і шукаюць вакансіі там.

На вуліцы паліць Аляксандр. У цэнтры занятасці ён не першы раз, мае судзімасць.

"Хуліганка, умоўны тэрмін быў, — аднекваецца спачатку Саша і распавядае сваю гісторыю. —  Уладкоўваўся на гароднінабазу, дырэктар паперы падпісаў, яго намеснік. А прыйшоў у аддзел кадраў, а там яўрэішка нейкі сядзіць! Паглядзеў мае дакументы і кажа: "Валі вон адсюль, у цябе судзімасць!". Але ж усе падпісалі", — роспач ад несправядлівасці Аляксандр хавае за чарговай зацяжкай. 

Працу ў Заводскім раёне прапаноўваюць прама на слупах

У Гродне, каб стаць беспрацоўным, трэба адстаяць у чарзе 3 тыдні

Едзем у Маскоўскі міжраённы цэнтр занятасці. Тут людзей значна больш, нягледзячы на тое, што на гадзінніку дзесяць гадзін раніцы.

Тыя, хто ўжо на біржы, шукаюць працу праз камп’ютар.

"Света, што ты глядзіш! Ты не бачыш, што тут мужчынскія прафесіі? Выбірай папрошчэ", —  за камп’ютар садзіцца даволі маладая дзяўчына, але па твары бачна, што яна любіць "адпачыць". Сяброўкі шукаюць працу лёгкую і каб не патрабавалася адукацыі.

Думаю, што знойдуць, бо 80% прафесій, якія ёсць тут, працоўныя. Патрабуюцца грузчыкі, кіроўцы, касіры, кладаўшчыкі, сантэхнікі, плітачнікі.

Сустракаем ля цэнтра занятасці Сяргея, ён беспрацоўны роўна тыдзень. Але неафіцыйна. На біржы працы сёння толькі першы дзень. Звольніўся, бо плацілі мала.

"Працаваў у арганізацыі — прынцып быў такі. Да прыкладу, прыходзіць нарад, патрэбны муляры, грузчыкі на такое-та прадпрыемства, і мы ехалі. Але раней плацілі па 250 тысяч за дзень,  а зараз сталі толькі па 100, яны на нас нажываліся. І я перастаў туды хадзіць. Зараз вось тут нешта пашукаю, мо нешта прапануюць",   — кажа мне Сяргей.

Пётр  — будаўнік, але яго скарацілі — да пенсіі яму засталося 2 гады. На біржу працы прыйшоў таксама першы дзень, каб стаць на ўлік.

"Я ў чарзе стаю, — зацягваецца цыгарэтай Пеця. — Але перада мной хлопец прайшоў, сказаў, што ён за месяц сюды запісаўся. Месяц таму, каб стаць у чаргу! Некаторыя расказваюць, што можна за дзень і не прайсці чаргу, я спадзяюся, што прайду!"

Гэта Пётр, да пенсіі яму заставалася 2 гады, але яго скарацілі

Пеця кажа, што яго мэта  — знайсці працу, каб дацягнуць да пенсіі, а таксама "каб дармаедам не звацца".

"Раней закон аб дармаедстве быў такі — каго злавілі ля крамы, ідзі на працу, а зараз трэба плаціць", — з чаго плаціць, Пеця не ведае.

"Беспрацоўныя злыя ўсё!"

"Мо хто хоча прайсці прафесійнае сумоўе?" — у залу заходзіць псіхолаг цэнтра занятасці. На прапанову адклікаюся толькі я.

Спецыяліст спачатку распытвае, адкуль я і што раблю ў цэнтры занятасці. Даведаўшыся, што па легендзе я настаўніца нямецкай мовы, хачу змяніць працу, бо пачынаецца працэс прафесійнага выгарання. Псіхолаг ад змены працы адгаворвае.

"Шчыра скажу, зараз не час мяняць працу, бо ў краіне крызіс. Ды і куды падзецца чалавеку з вышэйшай адукацыяй, я не ведаю,— разводзіць рукамі псіхолаг. — У нас працоўныя спецыяльнасці: паглядзіце, хто нам патрэбны: маляры, тынкоўшчыкі, плітачнікі, сантэхнікі. Вось да мяне прыходзіў малады чалавек, каб стаць рамеснікам і адкрыць сваю справу.  Але такіх людзей адзінкі".

Псіхолаг кажа, што такога наплыву жадаючых стаць беспрацоўнымі не памятае. У асноўным прыходзяць алкашы ды з месцаў заключэння.

"Вы не ўяўляеце, што апошнія месяцы тут робіцца! Прафесійнае сумоўе у асноўным ніхто не хоча праходзіць, бо яны, беспрацоўныя, злыя ўсе: і з-за чэргаў, і з-за таго, што патрэбна плаціць па дэкрэце аб дармаедстве, з-за скарачэнняў таксама. Раней працу шукалі, адбіралі, што больш падыходзіць па душы. Зараз пра душу ніхто не думае. Ім бы зачапіцца і не плаціць падатак. А нешта ад дзяржавы яшчэ і атрымаць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі