Чаму беларускія яблыкі па коштах такія ж, як і польскія?

Збор яблыкаў у разгары, а ў мінскіх крамах прадаюць імпартныя. Ва ўніверсаме “Васількі”, да прыкладу, толькі польскія і галандскія. Ва ўніверсаме “Цэнтральны” айчынныя яблыкі ёсць — 8000 за кіло, а ў “Радзівілаўскім” тутэйшая садавіна ляжыць побач з польскай. І ў вочы кідаецца, што кошты імпартных і айчынных яблыкаў амаль аднолькавыя! Але польскія… таннейшыя! Кіло беларускіх каштуе 9900-10600 рублёў, польскія на 200 рублёў таннейшыя.

“Ад пастаўшчыка залежыць, які кошт!” — кажуць прадаўшчыцы ў краме.

На “Камароўцы” яблыкаў не так і шмат — бабулек са свойскай садавіной можна пералічыць на пальцах адной рукі, з большага яблыкамі гандлююць перакупшчыкі. Яблыкі ў іх роўныя — адно да аднаго! Пытаюся, адкуль тавар.

“У мяне ўсё беларускае. Вось дакументы. Усё напісана ў накладной”, — кажа прадаўшчыца.

Пытаюся, ці прадаюць польскія яблыкі пад выглядам беларускіх. Тая ківае:

“Бывае і такое. Тады не паказваюць накладных, прадаюць так”, — кажа жанчына.

Іду далей, яблыкі ў каробках з надпісамі “Бананы” і, на дзіва, усе роўныя і прыгожыя.

“100% беларускія ў мяне яблыкі, пакаштуйце”, — заахвочвае яшчэ адна гандлярка. Пытаюся пра дакументы, тая чамусьці паказвае этыкетку, напісаную… ад рукі. Але калі фокус, разлічаны на дурачку, не праходзіць, паказваць накладныя адмаўляецца — “у мяне няма”.

“Ну а што вы хочаце, падаткі за беларускія ніжэйшыя, а прадаўцы і за месца заплацяць, і грузчыку заплацяць, ім трэба і сабе нешта пакінуць”, — тлумачыць законы беларускага рынку бабулька, што прадае свойскія антонаўкі па 6000 рублёў.

Кошт яблыкаў таварнага выгляду яшчэ большы — 10000-12000 за кіло, на аптовым рынку гэты ж яблык купляюць па 4000-5000 рублёў. Для параўнання, нектарыны на “Камароўцы” зараз абыйдуцца ў 18 тысяч рублёў, вінаград прадаюць і за 15 тысяч рублёў.

“Глядзіце, сартавы яблык для гандлю ў насельніцтва мы бяром па 5000 рублёў, а на прылаўку ён будзе каштаваць 6900-7000”, — тлумачаць у Лёзненскім раённым спажывецкім таварыстве, што закладзена ў кошт на яблыкі. Атрымліваецца, прывезці яблык з Польшчы танней, чым купляць тут!

У Брэсцкім раённым спажывецкім таварыстве спасылаюцца на неўраджай, маўляў, таму і кошты на яблыкі высокія.

“Танней за 10000 рублёў за кіло яблыкаў няма! Любы завод з рукамі яблыкі вашыя адарве!”.

Тут на сёння нарыхтавалі толькі 8000 тон яблыкаў, а ў мінулым годзе былі 33000 тоны.

Дарэчы, як прызнаюцца закупшчыкі, невысокі ўраджай яблыкаў паўплывае на "чарніла", дзіцячае харчаванне і гэтак далей…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі