"Дата генератар": 9 кастрычніка ў гісторыі Беларусі — стварэнне Сярэдняй Літвы

"Дата генератар": 9 кастрычніка ў гісторыі Беларусі — стварэнне Сярэдняй Літвы

На Еўрарадыё з'явіўся "Дата генератар" — новы праект пра беларускую гісторыю. Працуе ён так: мы выбіраем дату, а пісьменнік Анатоль Тарас распавядае пра важную падзею, якая шмат гадоў таму адбылася ў гэты дзень у Беларусі ці ў нашых суседзяў.

Сённяшні выпуск прысвечаны стварэнню Сярэдняй Літвы:

9 кастрычніка 1920 г. літоўска-беларуская дывізія Войска Польскага ўвайшла ў Вільню. Яе камандзір, генерал Люцыян Жалігоўскі, абвясціў пра стварэнне новай дзяржавы — Сярэдняй Літвы.

Каб зразумець сутнасць гэтай падзеі, кінем позірк у ранейшы час.

У першыя дні 1919 г. нямецкія акупацыйныя войскі пакінулі Вільню. Уладу ў горадзе 5 студзеня захапілі ўзброеныя аддзелы мясцовых бальшавікоў, якія складаліся галоўным чынам з яўрэяў ды расейцаў. Аднак праз 2,5 месяца (19 красавіка) у Вільню ўвайшлі часці Войска Польскага.

Улетку 1920 г. ў выніку наступу Чырвонай Арміі палякам пакінулі ўсю Віленшчыну. Урад Леніна ў тым жа ліпені падпісаў дамову з Летувай, па якой Віленскі край адыходзіў да яе. Аднак пасля разгрому Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні польскае войска распачало маштабны наступ. Вельмі хутка (27 жніўня) палякі ўступілі ў баі з летувісамі пад Сувалкамі. А 7 кастрычніка палякі і літоўцы дамовіліся пра спыненне агню і дэмаркацыю размежавальнай лініі. Пры гэтым Вільня апынулася на літоўскім баку. Дамова павінна была ўступіць у дзеянне з раніцы 10 кастрычніка 1920-га.

Але Юзаф Пілсудскі, які сам паходзіў з Віленшчыны, не збіраўся аддаваць сваю радзіму летувісам-жамойтам. І вось ягоны сябар, генерал Жалігоўскі (які родам з Ашмяншчыны) стварыў групоўку “Беняконі” (15 393 чалавекі): гэта 1-я Літоўска-Беларуская дывізія і два палкі 2-й Літоўска-Беларускай дывізі. 8 кастрычніка ён павёў сваю групоўку на Вільню, быццам бы без згоды Пілсудскага. Усе салдаты і амаль усе афіцэры Жалігоўскага былі выхадцы з Вільні і Віленскага краю. Гэта рэдкі ў гісторыі выпадак, калі стыхійнае імкненне людзей, якія жадалі вярнуцца гаспадарамі ў родныя мясціны, супала з планамі палітыкаў (Пілсудскага і яго паплечнікаў).

Хутка пераадолеўшы 50 км, часці 9 кастрычніка занялі горад. Ужо ўвечар Жалігоўскі па радыё апавясціў урады суседніх краін і Лігу Нацый пра тое, што салдаты з Віленскага краю адмовіліся падпарадкоўвацца Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Войска Польскага, што ён прыняў камандаванне над імі і стварыў урад — Часовую выканаўчую камісію новай дзяржавы — Сярэдняй Літвы. Адначасова быў апублікаваны заклік салдатаў і афіцэраў групоўкі “Беняконі”. Яны пакляліся, што, пакуль трымаюць зброю, магілы іх продкаў не захопіць "літовец, бальшавік ці немец" і што "ангелец" не будзе вырашаць іх лёс.

Дэкрэтам ад 12 кастрычніка 1920 г. Жалігоўскі ўсталяваў тэрыторыю Сярэдняй Літвы ў межах, вызначаных ліпеньскай расійска-літоўскай дамовай і літоўска-польскай лініяй дэмаркацыі. Гэта Ашмянскі, Свянцянскі і Віленскі паветы, ды тры гміны Трокскага павета (13 014 кв. км), разам — траціна цяперашняй Эстоніі, аднак у 5 разоў больш за такую сучасную дзяржаву, як Люксембург. Акрамя Вільні, у Сярэдняй Літве былі яшчэ Смаргонь, Ашмяны, Свянцяны і Трокі.

Вядома, жамойты не жадалі чуць ні пра якую Сярэднюю Літву. Таму ізноў пачаліся баі. Аднак пад ціскам Лігі Нацый 29 лістапада супраціўнікі склалі перамір'е і стварылі нейтральную паласу паміж сваімі войскамі.

Насельніцтва Сярэдняй Літвы пад канец 1921 г. складала каля 647 тыс. (з іх 147 тыс. у Вільні). Беларусаў было 42%, палякаў — 41%, габрэяў — 11%, летувісаў — 2%, іншых — 4%. У Вільні ж склад быў зусім інакшы: 50,2% — беларусы і палякі, 43,5% — габрэі, 2,5% — летувісы, 4% — іншыя. Раўнапраўнымі мовамі былі абвешчаны польская, беларуская, жамойцкая, габрэйская.

Вярхоўная ўлада належала Жалігоўскаму, выканаўчая — Часовай кіруючай камісіі. Дзяржаўны апарат складаўся з 9 дэпартаментаў. Пяць з іх узначалілі беларусы, старшынёй быў Вітальд Абрамовіч з Гародні. Дэпартамент асветы меў аддзел беларускіх школ на чале з Браніславам Тарашкевічам. Такіх школ у Сярэдняй Літве было 186, у Вільні працавала беларуская гімназія, у Барунах — беларуская настаўніцкая семінарыя. 

Герб Сярэдняй Літвы — тарча з Пагоняй на левай палове і белым Арлом на правай палове. Сцяг быў чырвоны (як у ВКЛ), таксама з Пагоняй і Арлом. Грамадзяне маглі атрымаць пашпарт на польскай і беларускай мовах, ці на польскай і габрэйскай, ці на польскай і жамойцкай. Выпускаліся паштовыя маркі. Ужываліся польскія грошы з надпячаткай Пагоні.

Групу “Беняконі” Жалігоўскі пераўтварыў у войска Сярэдняй Літвы, папоўніўшы яго 2 тыс. добраахвотнікаў з тутэйшых. У сакавіку 1921 г. войска мела 17 343 вайскоўцы (у тым ліку 722 афіцэры), 366 кулямётаў, 13 браневікоў, 2 бронецягнікі, 8 самалётаў. Войска складалася з дзвюх пяхотных і адной кавалерыйскай дывізій (разам 9 палкоў). Палякаў было не больш за 3%, і ўсе яны паходзілі з Заходняй Беларусі. Як бачым, войска было беларускім і яно абараняла ад жамойтаў адвечна беларускія землі — Віленшчыну ды Гродзеншчыну.

Жалігоўскі ў сваім закліку 9 кастрычніка 1920 г. заявіў, што яго мэта — скліканне ў Вільні прадстаўнікоў усіх рэлігійных і сацыяльных груп краю для стварэння Сойма, які выкажа волю насельніцтва.

Аднак у студзені 1921 года ўсе беларусы — сябры Часовай кіруючай каміісіі пайшлі ў адстаўку. Прычына была ў тым, што польскі ўрад моцна ціснуў на ЧВК. каб яна прыняла пастанову аб уваходзе Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. Толькі пад канец года пасаду старшыні ЧКК заняў буйны крэсовы абшарнік Аляксандр Мяйштовіч, які хацеў інкарпарацыі з РП.

Выбары адбыліся 8 студзеня 1922 г. у 12 акругах. Большасць беларусаў, габрэяў, расейцаў і літоўцаў байкатавалі выбары. Таму не дзіўна, што ў Сойме Сярэдняй Літвы 103 мандаты атрымалі прыхільнікі інкарпарацыі ў склад Польшчы ці аўтаноміі ў Польшчы і толькі 3 — прыхільнікі звяза з Літвой. 

І вось на пасяджэнні 20 лютага 1922 г. Сойм 96 галасамі (6 устрымаліся) прыняў рэзалюцыю пра ўваходжанне Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. А 22 сакавіка Сойм у Варшаве прыняў Акт уз'яднання Віленскага краю з Польшчай. Так скончылася спроба аднаўлення ў ХХ стагоддзі часткі былога ВКЛ. Дзяржава Сярэдняя Літва існавала 18 месяцаў.

Але вось што цікава. Праз 25 гадоў пасля стварэння Сярэдняй Літвы, у траўні 1944 года ў Лондане Жалігоўскі публічна выступіў супраць палітыкі лонданскага эмігранцкага ўрада Польшчы. Ён абвясціў, што выратаванне Польшчы — у звязе славянскіх народаў вакол "новага" ВКЛ. Жалігоўскі сказаў:

"Літва не толькі была цэнтрам славянства. Яна была яго сэрцам. Яна адна сярод славянскіх народаў магла лёгка размаўляць з усімі. Як з Польшчай, так і з Расіяй, так і з Украінай. Псіхічная будова літоўскіх народаў дазваляла мірыць усіх. У іх ніколі не было варожасці ні нацыянальнай, ні рэлігійнай, ні культурнай".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі