У беспрацоўных беларусаў засталося пяць дзён, каб не стаць дармаедамі

За год колькасць беспрацоўных вырасла ўдвая. У красавіку 2014 года ўзровень беспрацоўя быў 0,5%, у красавіку 2015-га — ужо 0,9%. Але за травень дадалося толькі 0,1%. Нават чыноўнікі звязваюць рост афіцыйнага беспрацоўя з прэзідэнцкім дэкрэтам аб дармаедах. Ці не стрымліваюць чыноўнікі гэты працэс?

У Мінску кожны шосты беспрацоўны здымаецца з уліку за тое, што тры месяцы не з’яўляецца ў службы занятасці, ці за тое, што два разы адмовіўся ад прапанаванай працы, гаворыць начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна Кудзевіч.

Супрацоўніца Кобрынскага цэнтра занятасці просіць не называць імя і распавядае пра законныя прафесійныя хітрыкі:

“Маёй супрацоўніцы сястра ў іншай вобласці спрабавала стаць на ўлік на біржу працы. Там ёй кажуць: у нас дзве прапановы на працы — прыбіральшчыцы. Мы прымаем вас на біржу, прапаноўваем вам гэтыя вакансіі, вы адмаўляецеся — і мы адразу вас здымаем з уліку”.

Колькасць беспрацоўных у сацыяльнай дзяржаве можна дазіраваць і кантраляваць. Ці падыходзіць месца беспрацоўнаму, вызначае супрацоўнік біржы працы. Зразумела, кіруючыся “Законам аб занятасці”.

Вось што кажуць Еўрарадыё ў Кобрынскім цэнтры занятасці:

“Калі ў вас, да прыкладу, вышэйшая адукацыя, але вы год не працавалі і вам прапаноўваюць быць дворнікам, а вы не пагаджаецеся два разы — вас здымуць з біржы працы”.

Пры гэтым у Кобрыне гавораць, што проста так з біржы працы не здымаюць, на нізкі рэспубліканскі ўзровень беспрацоўя не раўняюцца. Таму тут самая вялікая колькасць беспрацоўных — 1,7%:

“Чэргі з мужчын, іх тут 60%! Здаровых, моцных мужчын, якія нідзе не працавалі. Вось статыстыка: у студзені 2015 года знялі 20 чалавек, у траўні — 29, у лютым — 10 чалавек. Гэта ніяк не залежыць ад Дэкрэта, месяц на месяц не прыходзіцца”.

На гарачай лініі Міністэрства па падатках і зборах дадаюць, што крайняя дата — 2 ліпеня. Менавіта да гэтага часу трэба ці стаць на ўлік на біржу працы, ці знайсці працу. Бо акурат 2 ліпеня будзе 183 дні, якія згодна з дэкрэтам трэба адпрацаваць за год, каб не лічыцца дармаедам. Нават калі працу вы знайшлі 2 ліпеня, а аформілі вас 5 ліпеня — падатак на дармаедства давядзецца заплаціць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі