Дзядзька сепаратыста-беларуса: Ён харошы, толькі, бывае, башню яму сарве

У папярэдніх матэрыялах мы выйшлі на чатырох беларусаў, якія ваююць за так званую "Наваросію". Трое з іх прайшлі падрыхтоўку ў 5-й асобнай брыгадзе спецпрызначэння, якая дыслакуецца ў Мар’інай горцы пад Мінскам.

Ці справядліва называць мар’інагорскую дэсантуру “кузніцай кадраў” для “рускага міру” і наракаць на вайсковых ідэолагаў?

Даваць такія ацэнкі, відаць, няправільна. Але падчас інтэрв’ю з былымі саслужыўцамі “Белага” і Дзмітрыя Макарэвіча (хлопцы адслужылі ў 5-й брыгадзе і засвяціліся ў дэнээраўскім падраздзяленні “Спарта”) праскочыла інфармацыя, што вербавалі многіх дэсантнікаў з Мар’інай горкі (спасылка).

Ад сваякоў “Белага” і Макарэвіча таксама прагучалі звесткі, што ваяваць за Наваросію паехалі не толькі яны, але і іх саслужыўцы. Проста некаторыя “не выстаўляюць фота ў інтэрнэце”.

Да таго ж, слаба верыцца, што на Данбасе не ваююць і іншыя былыя прадстаўнікі вайсковых падраздзяленняў РБ. 

“Я магу скаць, што ніводзін ваеннаслужачы Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь нідзе ў іншых дзяржавах не бярэ ўдзелу ў ваенных дзеяннях”, — пракаментаваў Еўрарадыё прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

Аднак нагадаем, што беларус з Іўя Сяргей Я., які таксама ваюе “за Наваросію”, ацаніў колькасць нашых землякоў на Данбасе ў паўтысячы і сказаў, што “яны паўсюль, не ў адным месцы”. А луганчанін Расціслаў К., які з’яўляецца баевіком "ЛНР", паведаміў наступнае: “Беларусы, я чуў, нібыта былі з самага пачатку ў Славянскай брыгадзе ў Стралкова. Там большасць была — афганцы і былыя ваенныя. Усе з Беларусі і РФ”. Журналісты раней не ацэньвалі колькасць такіх сепаратыстаў з нашай краіны. Але рэпарцёры тэлеканала “Белсат”, калі асвятлялі выбары прэзідэнта Украіны і выехалі на Данбас, наткнуліся там на 45-гадовага Анатоля Малчанава — гамельчука, уладальніка крапавага берэта. Той нават паказаў свой пашпарт і быў цалкам упэўнены, што робіць правільную справу.    

Што падштурхнула беларусаў ваяваць за "Наваросію"

Беларусы, якія ваююць на прарасійскім баку, раз-пораз звязваюцца з блізкімі. “Што падштурхнула хлопцаў ехаць на вайну?” — цікавімся ў сямей “салдатаў удачы”.

Чалавека брудам можна паліваць. А я ганаруся сваім сынам. Яго ніхто не прымушаў туды ехаць, ён паслухаў сваё сэрца, — кажа маці “Белага” (у цывільным жыцці Сяргея С.). — Сказаў, што паехаў туды, каб абараняць такіх самых мацярэй, як я, дзяцей. Канешне, у мяне слёзы, калі я бачу, што там адбываецца. Калі вы бацька, то можаце сабе ўявіць, што такое дзіця на вайне…”

Дзядзька Дзмітрыя Макарэвіча, якога знаходзім у адной з вёсак Гомельскай вобласці, кажа, што не ведаў пра ад’езд пляменніка на вайну.

“Яго дзед родны прайшоў і Чачню, і Афган — усё папраходзіў. Вось і ён хоча такім быць, крутым хлопцам, — абураецца дзядзька. — Але нахрана трэба ў такія маладыя гады паміраць? Ды яшчэ за каго! Сядзеў бы дома! Але не, хочацца яму рамантыкі, зас..нец! Два гады зброю ў арміі патрымаў, павучылі нечаму… Загадала б Радзіма, тады б і пайшоў. А не такім спосабам”.

Пры гэтым Дзядзька Дзмітрыя Макарэвіча падтрымлівае “Расію і Данецк”. 

“Але я яго б туды не паслаў і нават рэменем прывязаў бы. Хай ваююць тыя, што там жыве. Ён хлопец харошы, толькі бывае, башню яму сарве. Такі хлопец, крутаваты! Галоўнае, каб ён нічога не натварыў ды якога мірнага не застрэліў…”

Маці Аляксея Фокава з Гародні (32-гадовы мужчына папоўніў шэрагі войска так званай "ЛНР") кажа, што на погляды сына магла паўплываць Вялікая Айчынная вайна.

“Яго дзядуля ваяваў у тых краях. Можа быць, на ім гэта неяк адбілася, — разважае жанчына. — Я думала, ён у Расіі працуе. А даведалася, што сын там. У розных людзей розныя меркаванні, правільна ён робіць ці не”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі