Элегантныя перамогі: стабільная гісторыя рэферэндумаў у Беларусі

Мітынг супраць рэферэндуму ў 1996-м / БДАКФФД
Мітынг супраць рэферэндуму ў 1996-м / БДАКФФД

У постсавецкай Беларусі ўжо прайшлі тры рэферэндумы, пасля якіх уносіліся змены ў Канстытуцыю і, як вынік, расла ўлада Аляксандра Лукашэнкі. Чарговы плебісцыт прызначаны на 27 лютага. Але ці добра мы памятаем, як праходзілі папярэднія? Бо дзецям, якія нарадзіліся ў 2004 годзе — калі прайшоў апошні на цяперашні момант канстытуцыйны рэферэндум, — у 2022-м спаўняецца па 18 гадоў…

Еўрарадыё ўспамінае кароткую (і сумную, але стабільную) гісторыю беларускіх рэферэндумаў.

 

1995: мова, сімволіка і інтэграцыя

Лукашэнка ўсяго паўгода прабыў прэзідэнтам, а ўжо ініцыяваў рэферэндум. У пачатку 1995-га ён заявіў, што плануе ўнесці папраўкі ў Канстытуцыю. Планавалася абмеркаваць змену дзяржаўнай сімволікі, надаць рускай мове статус дзяржаўнай, даць прэзідэнту права распускаць Вярхоўны Савет і атрымаць народнае ўхваленне на інтэграцыю з Расіяй.

Правядзенне рэферэндуму павінны былі ўхваліць дэпутаты Вярхоўнага Савета — што і зрабілі, прызначыўшы яго на 14 траўня таго ж года. Вось толькі з трыма з чатырох прапанаваных Лукашэнкам пытанняў дэпутаты не пагадзіліся: фармулёўкі супярэчылі Дэкларацыі аб суверэнітэце, Канстытуцыі і законам. У адказ на гэта кіраўнік дзяржавы, які нядаўна ўступіў на пасаду, прыгразіў прыпыніць працу Вярхоўнага Савета.

Элегантные победы: стабильная история референдумов в Беларуси
Галадоўка дэпутатаў у Авальнай зале / Reuters

Група дэпутатаў на чале з Зянонам Пазняком і Алегам Трусавым 11 красавіка абвясціла галадоўку і адмаўлялася пакідаць Авальную залу. Вырашылася сітуацыя "элегантна": уначы ў будынак парламента прыбылі сілавікі і мужчыны без апазнавальных знакаў. Яны нібыта рэагавалі на паведамленне пра бомбу (знаёма, так?). Дэпутаты адмовіліся пакідаць залу. Іх збілі і сілай выдварылі — нібыта дзеля выратавання іх жыццяў.

Па факце збіцця дэпутатаў нават пачыналася крымінальная справа — але скончылася нічым. Пракуроры не змаглі атрымаць плёнкі з запісамі таго, што адбывалася.

Ужо 13 красавіка, пасля каментароў Лукашэнкі пра тое, што здарылася, і невыразнай рэакцыі спікера Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, дэпутаты паўторна (у парушэнне рэгламенту) прагаласавалі па пытаннях рэферэндуму — і зацвердзілі. На самім плебісцыце ўсе прапанаваныя Лукашэнкам змены былі падтрыманыя.

Быў у галасаванні парадокс: рэферэндум праходзіў адначасова з першым турам выбараў у парламент. Аднак на 141 акрузе з 260 выбары ў парламент не адбыліся праз нізкую яўку. Пры гэтым яўка на рэферэндуме была цалкам здавальняючая.
 

1996: будуем вертыкаль

Ужо ў 1996-м Лукашэнка захацеў правесці яшчэ адзін рэферэндум, пры гэтым прыкметна змяніць Канстытуцыю. Рэч у крызісе паміж прэзідэнтам і парламентам: за год ён толькі ўзмацніўся.

Вярхоўны Савет на рэферэндум пагадзіўся і вынес свае пытанні. Калі гаварыць проста, то пытанні Лукашэнкі заключаліся ў ператварэнні Беларусі з парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі ў выключна прэзідэнцкую, Вярхоўнага Савета — у парламенцкую. Акрамя таго, па ініцыятыве Лукашэнкі вырашаліся пытанні свабоднага продажу зямлі, пераносу Дня незалежнасці на 3 ліпеня, выбарнасці кіраўнікоў мясцовай улады і смяротнага пакарання.

Канстытуцыйны суд большасць пытанняў Лукашэнкі адхіліў, прызнаўшы незаконнымі. Але гэта не перашкодзіла правесці рэферэндум. З мноствам парушэнняў.

Элегантные победы: стабильная история референдумов в Беларуси
На акцыі пратэсту ў 1996-м / БДАКФФД

Яшчэ ў часе падрыхтоўкі Лукашэнка звольніў кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара, замяніўшы яго на Лідзію Ярмошыну. Папярэднічаў гэтаму канфлікт з Ганчаром: насуперак заканадаўству, бюлетэні друкаваў не ЦВК, а Кіраўніцтва справамі (таму іх дакладная колькасць не вядомая), а ў часе датэрміновага галасавання не быў надрукаваны тэкст паправак, і людзі "галасавалі", наогул не ведаючы, за што.

Акрамя таго, звольніць кіраўніка ЦВК мог толькі Вярхоўны Савет. Але гэта не перашкодзіла службе аховы Лукашэнкі сілай заняць памяшканні Цэнтрвыбаркама і літаральна вынесці адтуль і Ганчара, і кіраўніка парламента Сямёна Шарэцкага, і генпракурора Васіля Капітана.

У дзень асноўнага галасавання парушэнняў было яшчэ больш: пачынаючы ад перашкод у працы назіральнікаў і агітацыі проста на ўчастках і заканчваючы "метамарфозамі" з яўкай.

Паводле афіцыйных звестак, прапанаваны Лукашэнкам праект Канстытуцыі зацвердзілі, смяротнае пакаранне падтрымалі, выбарнасць мясцовай улады і дазвол на продаж зямлі адкінулі. Усе пытанні, вынесеныя Вярхоўным Саветам, былі адмеценыя.

Элегантные победы: стабильная история референдумов в Беларуси
Акцыя перад рэферэндумам 2004-га / Reuters

Сітуацыя з правамі чалавека тады была наступная: улады ліквідавалі аддзяленні партый, праваабарончыя арганізацыі (напрыклад, Беларускі хельсінкскі камітэт) і змагаліся з мірнымі акцыямі пратэсту. Цалкам кантраляваліся рэспубліканскія СМІ.

За некалькі тыдняў да рэферэндуму сацыёлагі з The Gallup Organization/Baltic Surveys правялі даследаванне: 39% былі гатовыя падтрымаць змену Канстытуцыі, 32,5% выступалі супраць, а астатнія не вызначыліся. Але афіцыйныя звесткі ЦВК былі зусім іншыя: падтрымалі змены 79,42% выбаршчыкаў.

Пасля гэтага рэферэндуму Лукашэнка змог пайсці на выбары яшчэ чатыры разы: у 2006, 2010, 2015 і 2020 гадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі