Еўрапейскія лідары выйдуць на марш памяці ў Парыжы

11 студзеня ў Парыжы пройдзе марш, прысвечаны памяці ахвяр тэрарыстаў. Прыняць у ім удзел збіраюцца лідары многіх еўрапейскіх краін. Паводле звестак УНІАН, пра свой намер паўдзельнічаць у акцыі ўжо заявілі канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, кіраўнік іспанскага ўрада Марыяна Рахой, прэм'ер Італіі Матэа Рэнца, кіраўнік урада Фінляндыі Аляксандэр Стуб і прэм'ер Польшчы Эва Копач. Акрамя таго, у Парыж прыбудуць лідары Еўрасаюза Жан-Клод Юнкер, Марцін Шульц, Федэрыка Магерыні і генсакратар NATO Енс Столтэнберг.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сваім Twitter таксама паведаміў, што збіраецца паўдзельнічаць у маршы.

Расійскі бок пакуль не заяўляў, што прадстаўнікі афіцыйнай Масквы прыедуць у Парыж у нядзелю.

Нагадаем, што ў выніку двух тэрактаў у Францыі былі забітыя 17 чалавек. Нападнікі — браты Куашы і Амед Кулібалі, якія заявілі пра сваю сувязь з Ісламскай дзяржавай і Аль-Каідай, — былі застрэленыя падчас вызвалення закладнікаў.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі