Гарачую ваду ў радзільні носяць вёдрамі

У мінскай радзільні № 2 адключылі гарачую ваду, жонка нарадзіла, акурат калі ў Мінску пачаліся планавыя адключэнні, скардзіцца малады бацька Павел. Зручная на першы погляд радзільня з душавымі ў кожнай палаце стала нязручнай для маладых маці. Пытанне з вадой вырашаюць, як могуць.
 
"На кожным паверсе стаіць такая вялікая каструля — чан, там ёсць гарачая вада. Як я разумею, яны недзе награваюць і потым даліваюць. На кожную палату па 3-4 чалавекі ёсць туалет і душ. І гэта вельмі добра! У некаторых радзільнях такога няма. Але цяпер па гарачую ваду ім даводзіцца хадзіць на калідор, набіраць у сваё вядро і несці ў палату".
 
Намеснік галоўнага ўрача тлумачыць, што на кожнае аддзяленне ёсць бойлеры, якія награваюць ваду. Але па адным-два на аддзяленне.
 
"У нас ёсць воданагравальнікі. Мы ўключаем падагрэў. Вады ў кране няма, але той вады хапае, каб памыць дзіця і маці".
 
У Магілёве гарачая вада цячэ з крана!
 
"У нас кіраваная сістэма, таму мы забяспечаныя гарачай вадой на ўвесь перыяд адключэння", — распавядаюць Еўрарадыё ў радзільні.
 
Тое самае ў рэспубліканскім цэнтры "Маці і дзіця". Тут кажуць, што маюць свае абагравальнікі, і гарачая вада цячэ з крана, нават калі яе няма ў раёне.
 
Карацей, каб мець гарачую ваду, будучым маці трэба альбо радзільню правільную абіраць, альбо нараджаць у правільны час. Бо радзільня № 2 акурат знаходзіцца ў адным з 12 мінскіх участкаў, дзе праводзяцца выпрабаванні водаправода. Іх адключылі 15 траўня.
 
"Цяпер усе выпрабаваныя. Два з іх не прайшлі выпрабаванні. На іх маюцца пашкоджанні, якія зараз ліквідуюць. Пасля гэтага плануем выпрабоўваць іх паўторна 23 траўня", — кажа галоўны інжынер прадпрыемства "Мінскія цеплавыя сеткі" Аляксандр Драгун.
 
На іншых участках, якія прайшлі выпрабаванні, знайшлі 35 пашкоджанняў.
 
Аляксандр Драгун: "Дзе будзе магчымасць, будзем даваць ваду раней. Але не больш чым праз 14 дзён. Магу сказаць, што пашкоджанняў вельмі шмат".
 
Многія не разумеюць, чым займаюцца камунальнікі падчас адключэння вады, і не бачаць, каб праводзіліся нейкія працы. Аляксандр Драгун тлумачыць, што спачатку дамы адключаюць ад сістэмы, пасля чакаюць, пакуль вада астыне да 40 градусаў, затым пачынаюць падвышаць ціск у трубах.
 
Аляксандр Драгун: "Людзі думаюць, што калі адключаюць ваду, значыць павінны нешта рабіць у дамах. Але гэтым займаюцца ЖЭСы. Мы займаемся абсталяваннем, якое адказвае за знешняе водазабеспячэнне. Трубаправоды ў нашым горадзе пракладзеныя ў месцах, недаступных да агляду. Выпрабаванні — гэта адзін з метадаў дыягностыкі цеплавых сетак. Пакуль больш дзейсных спосабаў няма. Таму мы вымушаныя выпрабоўваць іх падвышаным ціскам".
 
Там, дзе прарывае, трубы рамантуюць. Інакш ніяк. Бо ў савецкія часы трубаправоды будавалі, зыходзячы з таго, што будзе планавы рамонт.
 
Аляксандр Драгун: "За мяжой, асабліва ў Заходняй Еўропе, калі б прадавец прыйшоў да спажыўца і прапанаваў бы: "Ты ў мяне купі, але я летам адключу на месяц", — то ніхто б з ім не стаў складаць дамову. Яны будавалі свае сеткі паводле іншага прынцыпу. Мы шмат часу трацім на рэканструкцыі, мадэрнізацыю. Але паставіць, дапусцім, за мэту, каб не адключаць гарачую ваду, то да гэтага трэба ісці паступова і траціць вялікія грошы. А пакуль у нас ёсць трубаправод, які адпрацаваў 25 гадоў, — разліковы тэрмін службы, патрабаваць, каб адключэнняў не было, проста нерэальна".
 
Таму нічога не застаецца, як самім паклапаціцца пра сябе і паставіць воданагравальнікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі