Гібель веласіпедысткі ў Мінску: перад сваякамі так ніхто і не выбачыўся
Еўрарадыё згадвае выпадкі, калі пацыенткі беларускіх лячэбных устаноў раптоўна паміралі. Чым скончыліся праверкі па тых гучных справах?
Нагадаем, што 24 траўня Наталля Сак сутыкнулася з 40-гадовым веласіпедыстам, зляцела з транспартнага сродку і стукнулася галавой аб асфальт. Шлема на дзяўчыне не было, хто вінаваты ў сутыкненні, незразумела — сведак, якія б гэта бачылі, не знайшлося. Але не гэтыя акалічнасці аказаліся самымі скандальнымі.
Наташа пасля аварыі паднялася на ногі, яе забралі ў бальніцу хуткай дапамогі. Па словах сведак, траўмаваная дзяўчына губляла арыентацыю ў прасторы, забывалася, дзе яна і што здарылася. Але медыкі не сталі рабіць ёй тамаграфію галавы і адправілі ў звычайную палату, куды не пусцілі сваякоў. А раніцай блізкім паведамілі, што дзяўчына нежывая. Юрый, родны брат Наталлі Сак, нядаўна даведаўся пра жахлівыя акалічнасці яе апошняй ночы:
“Я сустракаўся з тымі, хто ляжаў з ёй у палаце. Яны кажуць, што дапамогі ёй не аказвалі, не сачылі належным чынам за яе станам. Прычым паклікала медсястру дачка яшчэ адной пацыенткі. Яна прыйшла прыкладна а восьмай раніцы ў палату і пабачыла, што Наталля ляжыць ужо сіняя. Пасля гэтага прыбеглі медыкі, і Наташу забралі”.
Еўрарадыё: Ці ўдалося вам паразмаўляць з чалавекам, з якім сястра сутыкнулася на веласіпедзе? Ці мелі вы сустрэчу з кіраўніцтвам бальніцы?
Брат загінулай: “Не, ён так і не аб’явіўся, так і не выказаў ніякіх спачуванняў. Хто ён — мы не ведаем. Сустрэча з кіраўніцтвам бальніцы і прадстаўнікамі Камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама яшчэ адбудзецца. Я напісаў скаргу ў Генпракуратуру, Следчы камітэт і ў Мінздароўя. Але пакуль ніякай рэакцыі не было. У сярэдзіне ліпеня мяне выклікалі, даваў паказанні адносна маіх заяваў”.
Хоць з моманту трагедыі прайшло больш за два месяцы, праверка па факце смерці Наталлі Сак працягваецца (звычайная праверка займае 10 дзён).
“Рэч у тым, што была прызначаная дастаткова складаная экспертыза, якая доўга робіцца. Чакаем вынікаў, ад іх вельмі шмат што залежыць”, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксандр Герасімаў, афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску.
Журналіст Еўрарадыё звязаўся з маладым доктарам Андрэем Т., які праводзіў агляд Наталлі Сак і не адправіў дзяўчыну на тамаграфію галавы і ў рэанімацыю. Медыку было прапанавана абвергнуць аргументы пра яго некампетэнтнасць і вінаватасць. Выказвацца Андрэй Т. не стаў.
За пяць дзён да гібелі Наталлі Сак яшчэ адна неабавязковая смерць маладой дзяўчыны здарылася пасля наведвання філіялу прыватнага медцэнтра “ЛАДЭ” ў Брэсце.
21-гадовая Ірына Тромза прыйшла на звычайны прыём. Ёй увялі лекавы прэпарат, а праз некалькі гадзін пацыентка памерла ў дзяржаўнай клініцы ад “анафілактычнага шоку”. Была неправераная інфармацыя, што рэанімацыйнага абсталявання ў медцэнтры не было, а хуткую дапамогу туды выклікалі несвоечасова. Дагэтуль ніхто з чыноўнікаў ад медыцыны гэта не абверг. Але не толькі пазначаныя дэталі выклікаюць здзіўленне.
Еўрарадыё даведалася пра тое, што доктар-гінеколаг Алена Г., якая праводзіла прыём пацыенткі, не ўсю сваю энергію аддае медыцыне. Яна, як выявілася, кіруе буйной фірмай па прадукаванні трыкатажу. Пасля здарэння прафайл Алены Г. прыбралі з афіцыйнага сайта медцэнтра “ЛАДЭ”. Праверка, як і ў выпадку са смерцю веласіпедысткі ў Мінску, дагэтуль працягваецца.
“Яшчэ не праведзены шэраг экспертыз”, — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Упраўлення следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук.
P.S. Еўрарадыё працягне сачыць за ходам праверак па смерцях пацыентаў. Заўтра дапамога дактароў можа спатрэбіцца кожнаму з нас. А згаданыя трагедыі паказваюць, што ў нашай сістэме аховы здароўя, верагодна, ёсць сур’ёзныя хібы, якія ўпарта замоўчваюцца.