“Каму крымчане прададуць персікі, калі ўзброеныя людзі блакуюць дарогі?”

Украінцы на Берлінскай турыстычнай выставе актыўна рэкламуюць крымскія курорты і чарнаморскія круізы, нават нягледзячы на напружанасць на паўвостраве, паведамляе “Франс Прэс”.

“Мы спадзяемся на добры сезон. Сітуацыя ў краіне нестабільная, але гэта і не вайна. Будзем глядзець, што адбываецца, ужо падчас турыстычнага сезона, які пачынаецца ў красавіку і заканчваецца ў кастрычніку”, — кажа Кацярына Супровіч, якая адказвае за развіццё турызму ў Крыме.

Тым часам дырэктар Інстытута Кенана пры Цэнтры Вільсана (Кіеў) Яраслаў Пылінскі ў інтэрв’ю USA Today нагадвае: крымская эканоміка на 75% падтрымліваецца ўкраінскай дзяржавай. І задаецца пытаннем: як паўвостраў будзе зарабляць, пакуль у ім стаяць расійскія салдаты?

Яраслаў Пылінскі: “Цяпер усе жалезныя і шасэйныя дарогі заблакаваныя. Крым мае харчы на пэўны час, але куды яны збіраюцца прадаваць персікі ў летні час? Асноўны даход насельніцтва Крыма   турызм. Але хто будзе адпраўляць сваіх дзяцей, бабуль і дзядуляў, калі дарогі блакуюць людзі са зброяй?”

Аналітыкі кажуць, што ў гэты час года звычайна тураператары і індывідуальныя кліенты ўжо рэзервуюць месцы ў гатэлях на сезон з 50% перадаплатай. Але сёлета гэта рабіць асабліва ніхто не спяшаецца.

Зразумела, расійская вайсковая кампанія адаб’ецца і на адпачынку беларусаў у Крыме, які з’яўляецца адным з самых папулярных кірункаў сярод нашых суайчыннікаў. Згодна з Дзяржаўнай службай статыстыкі Украіны, у 2013 годзе суседнюю краіну наведалі больш за 3,353 млн беларусаў. З іх 18 320 прыехалі з мэтай “турызм”. Але турысты, хіба, ёсць і сярод 3,12 млн наведвальнікаў “па асабістых справах”: напрыклад, тыя, хто едзе “дзікунамі”.

Цяпер жа некаторыя беларусы могуць увогуле застацца без адпачынку — такую думку нядаўна выказала ў эфіры Еўрарадыё галоўная рэдактар газеты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік:

“Мы назіралі крызіс на егіпецкім напрамку, так гэта кветачкі ў параўнанні з тым, што адбываецца цяпер. Дарма мы думаем, што мы знаходзімся на востраве спакою. Гэта нас зачэпіць. Усе тыя людзі, якія б маглі адпачыць, яны не змогуць дзякуючы расійскаму ўмяшанню. У Беларусі мы адпачываць не можам, бо інфраструктура не гатовая.

У сваю чаргу прадстаўнікі беларускіх турфірм кажуць, што крымскія падзеі негатыўна адаб'юцца і на адпачынку ў Балгарыі і Румыніі. Большасць маршрутаў у гэтыя краіны праходзяць акурат па ўкраінскіх дарогах, якія цяпер не самыя бяспечныя. Калі ж везці праз краіны Еўрасаюза — гэта значна даражэй. Ды і не зразумела, як уязджаць у тую ж Польшчу па балгарскіх візах.

Фота: ahenobarbus

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі