Карняенка: Унесеныя ў заканадаўства змены — не гарантыя сумленных выбараў
Створаная па ініцыятыве дэпутата парламента ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай працоўная група прадставіла 25 траўня свае прапановы па змене выбарчага заканадаўства.
Як паведаміў у эфіры Еўрарадыё удзельнік працоўнай групы па распрацоўцы зменаў у выбарчае заканадаўства, каардынатар кампаніі назірання “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка, прапанаваных зменаў тры: абавязковае прадстаўніцтва ва ўчастковых выбарчых камісіях прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты, дакладная рэгламентацыя працэсу датэрміновага галасавання і адкрыты, зразумелы падлік галасоў. Тым не менш Карняенка прызнае, inj нават калі іх прапановы ўлады прымуць, гэта не гарантыя, што наступныя выбары будуць свабоднымі і справядлівымі.
Карняенка: “На жаль, гэта не гарантыя. Але гэта крок у кірунку да свабодных і справядлівых выбараў. Фактычна, можна сказаць так: калі сёння выбарчыя камісіі не праводзяць празрысты падлік галасоў — яны нічога не парушаюць. Але калі такая норма будзе замацаваная ў законе, то гэта ўжо будзе парушэнне, якое можа пацягнуць за сабой пэўныя праблемы ў будучыні. Таму гэта вельмі важны крок, але не гарантыя”.
Па словах дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандра Чарненкі, змены ў заканадаўства, якіх сёння дамагаецца беларуская апазіцыя, яны ўнеслі яшчэ 10 гадоў таму. Але не дзякуючы “палітычнай волі” ўлады, а пад ціскам патрабаванняў грамадскасці. Тое ж украінскі палітык раіць і беларусам: не чакаць, што свабоду выбару ім нехта дасць, а патрабаваць яе. Але мірным шляхам.
На дыскусію наконт распрацаваных апазіцыяй зменаў у выбарчае заканадаўства сабраліся як беларускія палітыкі і эксперты, так і замежныя. Запрашалі арганізатары мерапрыемства і старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, але ніхто з іх магчымасці ўзяць удзел у мерапрыемстве не знайшоў.