Кошты на бананы ды лімоны адпусцілі, але яны не падаражэлі!

Са спісу прадуктаў і паслугаў, гандлёвыя надбаўкі на якія кантралюе дзяржава, выключаныя кава, гарбата, соль, мяса, рыба, сыры, бананы, апельсіны ды лімоны. А таксама дзіцячыя каляскі, коўдры ды ложкі.

З 1 лістапада кошты на тую ж каляску могуць быць любымі. У аддзеле дзіцячых тавараў у ГУМе паказваюць дзіцячую каляску, маўляў — вунь у куце стаіць. Прадаўшчыца нават не памятае, калі на гэту каляску перапісвалі кошты.

“Ужо год стаіць з гэтым коштам. А што? Яна ў нас адна, таму і кошт не мяняецца. Чалавеку ж трэба паглядзець, выбраць, а тут што выбіраць? Я сама на кірмашы купляла”, — прадаўшчыца дзіцячых тавараў упэўненая: калі каляску не купяць, дык яна так і прастаіць з коштам ў 1,6 мільёна.

А вось у прыватнай інтэрнэт-краме дзіцячых калясак ды ложкаў кіраўніцтва заўважае, што будуць арыентавацца на імпарцёра. Пакуль што тут прытрымліваюцца пазіцыі… сацыяльнай.

“Усё будзе залежаць ад нашых імпарцёраў: калі яны падымуць, тады і мы. Але мамы на сёння з такім нізкім даходам, што калі падымем кошты,  гандлю ўвогуле не будзе!” — кажуць мне ў інтэрнэт-краме.

У аддзеле з пасцельнай бялізнай для дзетак — гэтыя тавары таксама перасталі быць сацыяльна значнымі — прадаўшчыца не такая катэгарычная.

“Пакуль са склада атрымліваем. Калі на складзе закончыцца і новыя паступяць, мо будуць іншыя кошты, а пакуль нічога не перапісваем”.

Ва ўніверсаме “Цэнтральны” ў прадаўшчыц пытаюся пра лімоны, апельсіны ды бананы. Але нават па коштах бачу, што ніякіх зменаў няма — як каштавалі бананы 10-12 тысяч за кіло, так і каштуюць.

У краме “Ласунак” трапляю проста на працэс перапісвання цэннікаў. Такая ўдача! І толькі выхапіла фотаапарат, каб зафоткаць інфляцыйны момант, з расчараваннем бачу, што прадаўшчыца піша зусім іншы прадукт — сацыяльнае малако.

Не мяняліся кошты і ў сетцы крамаў “Суседзі”:

“Бананы каштуюць 11 300, лімоны — 20 тысяч роўна. Мы ж насупраць “Камароўскага рынка”, дык да нас пакупнікі прыходзяць і кажуць, што ў нас танней, чым на кірмашы! Ці будуць расці — не ведаем, але звычайна пастаўшчыкі папярэджваюць. Тут ніяк — сёння заказвала садавіну”.

Абзвоньваю крамы і проста цуд: не змяніліся кошты на фарш ды рыбу, а лімоны, бананы ды апельсіны нават не думалі даражэць, хоць ужо чатыры дні як можна!

У буйнейшай фірме-пастаўшчыку садавіны ў Беларусі “Фрутпоінт” заўважаюць, што наўрад ці можна чакаць суперзмен у коштах.

“Гэтыя прадукты былі выключаны са спіса, але кошты на гэты спіс рэгулюе выканкам. У нас было рашэнне, што на бананы дзейнічае 30% аптовая надбаўка, і дзейнічалі абмежаванні на гандлёвую надбаўку. Пакуль ніякіх зменаў няма, выканкам павінен ці выключыць нас са спіса, ці адпусціць гандлёвую надбаўку і пакінуць аптовую. Трэба чакаць рашэння Мінгарвыканкама, яго яшчэ няма”.

Пастаўшчык заўважае, што гнаць кошты за бананы да 15 000 рублёў замест 11 000 рублёў не мае сэнсу: ніхто не купіць бананы па такім кошце.

У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Еўрарадыё кажуць, што рашэнне па коштах пакуль прымаецца. І пакуль яно пройдзе ўсе інстанцыі — міне не адзін тыдзень. Але і пасля прыняцця чакаць звышросту не трэба.

“Крамы самі будуць вырашаць, якую ўстанаўліваць гандлёвую надбаўку. Але гледзячы па крамах, яны кажуць, што на сёння ў нас садавіна і так дарагая. Таму я сумняваюся, што там будуць падымаць кошты. Гэта прадукт, які хутка псуецца. Яго трэба хутчэй прадаць, таму наўрад ці кошты рэзка вырастуць”, — кажуць у Мінгарвыканкаме. 

У Мінэканомікі Еўрарадыё тлумачаць, што наўрад ці кошты пачнуць расці — тут усё вырашыць канкурэнцыя.

Навошта тады было дагэтуль кантраляваць тыя бананы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі