Мастацтва супраць сцен: пра жыццё нямецкіх мастакоў да і пасля лістапада 1989-га

Графіці на рэштках Берлінскай сцяны ў галерэі пад адкрытым небам East Side у Берліне на Мюленштрасэ, Германія, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske
Графіці на рэштках Берлінскай сцяны ў галерэі пад адкрытым небам East Side у Берліне на Мюленштрасэ, Германія, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

Падзенне Берлінскай сцяны 9 лістапада 1989 года стала доўгачаканай і адначасова шокавай падзеяй і для Германіі, і для ўсёй Еўропы. Сцяна, якая 28 гадоў падзяляла Берлін і была адным з галоўных сімвалаў халоднай вайны, яшчэ да падзення стала ператварацца ў арт-аб'ект. Спачатку яна прыцягвала тых, хто звязваў з ёй сваё пратэставае мастацтва. Нядбайныя графіці, а затым і выразныя, больш ідэйныя відарысы акцэнтавалі на абсурднасці бетоннай мяжы ў цэнтры Еўропы.

Вобраз сцены тады актыўна выкарыстоўваўся і ў рок-культуры (Pink Floyd, David Bowie, Sex Pistols), і ў фільмах ("Неба над Берлінам", "Шпіён, які прыйшоў з холаду"). Цяпер жа турысты нізавошта не пакідаюць Берлін без сэлфі на фоне самых вядомых графіці на East Side Gallery. У прыватнасці, гаворка пра выяву знакамітага пацалунку генсакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева і кіраўніка сацыялістычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Эрыха Хонекера, створаную ў 1990-м расійскім мастаком Дзмітрыем Урубелем. Але East Side Gallery — гэта ўжо іншая гісторыя і іншае ўспрыманне. Бо гэтую пастаянную мастацкую галерэю пад адкрытым небам стварылі на рэштках сцены ўжо пасля таго, як межы нарэшце адкрылі.

Як змянілася ўспрыманне нямецкімі мастакамі Берлінскай сцяны пасля яе падзення? І якое значэнне вобраз сцены цяпер мае ў іх творчасці? Пра гэта hromadske пагутарыла з берлінскім мастаком французскага паходжання і нямецкай мастачкай, якая пакінула Берлін яшчэ да 1989-га года.

"Белыя сцены нікому не цікавыя"

У 1960-х, неўзабаве пасля збудавання сцены, на заходнім баку сцяны пачалі з'яўляцца палітычныя лозунгі накшталт такога: "Германія павінна быць адзінай". Дарэчы, у той час пісаць іх на сцяне было вельмі рызыкоўна: лінія мяжы часам была невыразнай і нават палосы зямлі з заходняга боку сцяны фармальна належалі Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Больш-менш паўнавартасныя мастацкія творы пачалі запаўняць паверхню сцяны ў 80-х.

Адным з першых іх ствараў Т'еры Нуар. Ён размаўляе па-нямецку з добра прыкметным французскім акцэнтам. Нуар — француз, які большую частку свайго жыцця пражыў у нямецкай сталіцы. На радзіме ён не знайшоў цікавай працы і ў 1982 годзе вырашыў перабрацца ў Заходні Берлін. Пасяліўся ў так званым моладзевым цэнтры ў раёне Кройцберг і з 1984-га да 1989-га года размаляваў каля пяці кіламетраў сцяны.

"З нашага ваннага пакоя былі якраз вельмі добра відаць сцяна і салдаты каля яе. Было нязносна глядзець на гэтую нуду — а гэта была менавіта яна. І тады я вырашыў, што павінен зрабіць нешта супраць гэтага. Таму не магу сказаць, што я прыехаў у Берлін, каб распісваць сцяну, аднак так ужо склалася, — адзначае Нуар. — У Берліне я ўсё пачаў з самага пачатку — кар'еру мастака таксама. Праз тыдзень, як я прыехаў з Францыі, я зразумеў, што ўсе ўплывовыя людзі тут — мастакі. І калі мяне спыталі, ці ўмею я маляваць, я сказаў: вядома, умею! І тады я пачаў рабіць усё, каб запэўніць і гэтых людзей, і самога сябе, што я — мастак".

Искусство против стен: о жизни немецких художников до и после ноября 1989-го
Мастак Т'еры Нуар пачаў распісваць заходні бок сцяны яшчэ ў 1984 годзе. Берлін, Германія, 6 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

Нуар пачаў размалёўваць сцяну фарбамі, якія знаходзіў у смеццевых кантэйнерах. Тады выкідалі шмат астаткаў пасля рамонтных работ да 750-годдзя Берліна, і ён разам з калегам, таксама французскім мастаком Крыстофам Бушэ падбіраў іх для творчасці. Так з'явіўся яго вядомы стыль і тыповыя вобразы — вялікія яркія малюнкі галоў на сценах. Галоўнае правіла мастака — ніколі не змешваць фарбы, каб было тры асноўныя колеры і як мінімум дзве ідэі. Сцвярджае, што гэтага заўсёды было дастаткова для стварэння яго прац.

Па словах мастака, людзі спачатку даволі агрэсіўна рэагавалі на нахабнікаў, якія браліся распісваць сцены. "Раней пытанне было такім: хто за гэта плаціць? А я зноў і зноў тлумачыў: я тут побач жыву, я ніякі не французскі шпіён, мне за гэта не плацяць і я раблю гэта па ўласнай волі. У той час свет быў нейкі вельмі чорна-белы. Добрыя з аднаго боку, дрэнныя з другога боку, а паміж імі — сцяна. Я падумаў, гэта трэба змяніць: гэта наш шанц неяк палепшыць выгляд шэрага нядобрага кавалка бетону. Бо белыя сцены не цікавыя нікому".

Самы яркі ўспамін з жыцця мастака — ноч падзення сцяны 9 лістапада 1989 года. Пасля адкрыцця межаў ён з іншымі заходнегерманскімі мастакамі змог упершыню трапіць ва Усходні Берлін. Там ён планаваў размаляваць і ўсходні бок сцяны. З боку ГДР гэтая канструкцыя была складанай сістэмай мяжы, падступіцца да якой без рызыкі для жыцця было немагчыма. З той жа місіяй да сцяны прыйшлі і ўсходненямецкія мастакі. Нуар успамінае, што яго тады моцна здзівіў іх выгляд: "Доўгія кашулі да самых пят, пэндзлі, фарбы — "класічныя" мастакі, вельмі непадобныя на нас".

Дзякуючы малюнкам на Берлінскай сцяне пра яе — ужо крыху забытую бетонную мяжу ў цэнтры Еўропы — зноў загаварылі ў свеце. На Патсдамскай плошчы, дзе мы сустракаемся з Нуарам, у часы існавання сцяны яшчэ не было будынкаў — толькі палоска пяску каля сцяны, дзе бегалі сотні трусоў. "Гэта была нейкая мутацыя прыроды. А сцяна пасярод горада — нібы мутацыя культуры. Чаму трусы жывуць пасярод Берліна? Гэтаксама: чаму ў цэнтры Берліна стаіць сцяна?" — кажа мастак.

Искусство против стен: о жизни немецких художников до и после ноября 1989-го
Графіці на рэштках Берлінскай сцяны ў галерэі пад адкрытым небам East Side у Берліне на Мюленштрасэ, Германія, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

Посмак несвабоды і трохі настальгіі

Карола Фіргау родам з Усходняга Берліна. У 1987 годзе яна выйшла замуж і змагла перасекчы мяжу, каб пераехаць да мужа ў заходнюю частку. Легальна — бо пераезд не быў звязаны з палітычнымі матывамі. У той жа час, каб атрымаць дазвол на выезд, трэба было падпісваць стосы папер, а свае намеры матываваць сям'ёй, шлюбам і "сямейнымі абставінамі". Да падзення сцяны Фіргау вучылася маляванню ў свайго дзядзькі, а ў 90-х, атрымаўшы профільную адукацыю ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія, пачала паўнавартасна працаваць мастачкай.

Искусство против стен: о жизни немецких художников до и после ноября 1989-го
Мастачка Карола Фіргау родам з Усходняга Берліна. Яна не распісвала сцяну, яе карціны — пераасэнсаванне перажытага за дзесяць гадоў пасля падзення сцяны. Берлін, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

"У лістападзе 1989-га я якраз чакала дзіця. Яно нарадзілася праз два дні пасля гэтай падзеі, і мы жартам пастаянна называлі яго "дзіцем падзення сцяны". А тады я цалкам паглыбілася ў гэтую тэму ў мастацтве. Гэта адбівалася ў вершах, я спрабавала выказаць нейкую настальгію ў выяўленчым мастацтве. Будучы ў Мюнстэры, цяжарная, я сядзела перад тэлевізарам і думала, як бы мне хацелася быць у Берліне, дзе засталіся мая сям'я і сябры. А мае бацькі адкалолі тады для мяне маленькі кавалачак сцяны і падарылі майму сыну на дзень нараджэння. Мае родныя і сябры нарэшце змаглі прыехаць да мяне. А я — да іх. І гэта было неймаверна", — успамінае Карола.

У адрозненне ад Т'еры яна ніколі не распісвала Берлінскую сцяну. Падчас жыцця ва Усходнім Берліне малявала нешта толькі палітычна нейтральнае. Усе яе карціны пасля — гэта ўжо пераасэнсаванне перажытага дзесьці за дзесяць гадоў пасля падзення сцяны. У галерэі яна дэманструе нам серыю сваіх твораў, звязаных са сцяной. Спачатку гэта былі вершы, далей — невялікія замалёўкі, і ўжо потым — вялікія палотны. Яны ўмоўна падзелены на тры лагічныя часткі: дзяцінства Каролы, шлях яе станаўлення і ў канцы — падзенне сцяны.

Яе карціны — гэта відарыс з аб'ёмнымі элементамі і арыгінальнымі задумамі. На адным з твораў, напрыклад, намаляваная дзірка, па якой немагчыма зразумець, з якога боку гэта погляд на сцяну — з усходу ці захаду.

Адзін з вельмі блізкіх для Каролы твораў цяпер — верш, напісаны ў дзень, калі мастачка пакідала ГДР, а потым каліграфічна аформлены на палатне. Карола ўспамінае, калі перасякала мяжу, у яе быў білет на цягнік на пэўную дату і час, але не было нават грамадзянства, таму што яна страціла грамадзянства ГДР і яшчэ не паспела набыць заходнегерманскае.

"Я стаяла каля мяжы на Фрыдрыхштрасэ. Толькі я з маім заплечнікам, гітарай і чамаданам. Мне ўжо выдалі пасведчанне асобы, характарыстыку, і фактычна ў мяне не было грамадзянства ў дадзены момант. Я больш не была грамадзянкай ГДР, але і не была яшчэ грамадзянкай заходняй Германіі. Я была нікім. Я была толькі сабой", — успамінае Фіргау.

Искусство против стен: о жизни немецких художников до и после ноября 1989-го
Карола Фіргау дэманструе серыю сваіх твораў, звязаных з падзеннем Берлінскай сцяны, Берлін, Германія, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

Пра асаблівасці ўспрымання

"Гісторыю, якой ужо 30 гадоў, часам складана растлумачыць. Бо дыстанцыя паміж людзьмі, якія пытаюцца, і людзьмі, якія адказваюць, становіцца ўсё большай. Цяжка ўявіць, як усё было раней. Тады не было інтэрнэту, не было "Фэйсбука", для маладога пакалення гэта — проста каменны век. Усё было інакш — і ўсё ж, нягледзячы на адсутнасць інтэрнэту, сцяна ўпала. Таму што патрэба свабоды была мацнейшая за ўсё", — кажа Т'еры Нуар.

На працягу 30 гадоў гісторыя падзення сцяны набыла самыя розныя інтэрпрэтацыі ў мастацтве, бо кожны ўспрымаў яе індывідуальна — у залежнасці ад перажытага. Цікава, што тут яна знаходзіць адлюстраванне не толькі ў музыцы, карцінах і фільмах, а ўжо і ў кнігах. З вядомых — "Тыя словы, што мы не сказалі адно аднаму" Марка Леві, "Па той бок сіняй мяжы" Дорыт Лінке. Алюзіі на час існавання Берлінскай сцяны ёсць і ў рамане ўкраінскага пісьменніка Аляксандра Ірванца "Рівне / Ровно (Сцяна)": там сцяна, праўда дзеліць не Берлін, а Роўна.

Искусство против стен: о жизни немецких художников до и после ноября 1989-го
Графіці на рэштках Берлінскай сцяны ў галерэі пад адкрытым небам East Side у Берліне на Мюленштрасэ, Германія, 4 лістапада 2019 года / Калян Пастыка / hromadske

Карола Фіргау кажа, што тэма сцяны некаторы час была асноватворнай у яе творчасці, але цяпер, праз столькі гадоў, яна ўжо не ўплывае на яе так, як раней. Мастачка тлумачыць: "Я добра памятаю гэтую падзею, і ў ёй больш няма для мяне ніякага трагізму. Таму што, калі сцяна ўпала, гэта была велізарная радасць! Калі зараз я гляджу назад, я проста ледзьве ўсведамляю, наколькі гэта было маштабная, гістарычная падзея, якой, магчыма, больш ніколі не будзе. Я толькі думаю пра тое, як бы мне хацелася ў той час быць у Берліне".

Карола мяркуе, што ўсе яе згадкі пра падзеі таго часу цяпер хутка выходзяць з моды. Верш, які яна пісала да 25-годдзя падзення сцяны, праз пяць гадоў ужо не зусім актуальны, і цяпер, маўляў, яна напісала б інакш. Мастацтва Каролы цяпер зусім іншае, хоць і ўскосна таксама звязана з пераасэнсаваннем сцяны. Мастачка кажа, што цяпер яе галоўная мэта — данесці сваімі творамі радасць жыцця. Яна шмат піша пра нямецкае грамадства, аналізуе, наколькі адзіным яно цяпер з'яўляецца.

Затое графіці Т'еры Нуара захавалі першапачатковую форму і змест. Зараз свае знакамітыя галовы ён малюе не толькі ў Берліне, але і па ўсім свеце. Адзначае: як і тады, яны для яго з'яўляюцца сімвалам свабоды, сімвалам сцяны, якой больш не існуе. "Успрыманне цяпер залежыць ад узросту людзей. Маладыя людзі ходзяць па Берліне, не разумеючы, Усход гэта ці Захад. Гэта проста больш не мае значэння. Інакш — для пажылых людзей, якія яшчэ добра памятаюць тыя часы, калі людзям з Усходняга Берліна не дазвалялася ехаць у Заходні. Гэта ўжо настолькі ўрасло ў іх, што яны не могуць гэта змяніць", — кажа Нуар.

Да 30-годдзя падзення сцяны ў Берліне з'явілася незвычайная інсталяцыя — амаль 11 тысяч злепкаў поціскаў рукі, падвешаных на нітках. Гэта сімвалізуе тое, як людзі — знаёмыя і незнаёмыя — віншуюць адно аднаго з гэтай выдатнай датай, а колькасць злепкаў адпавядае колькасці дзён, якія прайшлі ад падзення сцяны.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі