Меркаванне: Што агульнага ў пасяджэння ЦВК і пікета ля ГУМа
Журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі пабываў на дзвюх абсалютна розных падзеях. Нібыта розных. У сваёй калонцы ён дзеліцца назіраннямі.
Першая падзея — рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты. У Доме ўрада, з вялікай колькасцю разнастайнага начальства пад кіраўніцтвам самой Лідзіі Міхайлаўны. Усе ў прыгожых касцюмах, цэнтральныя тэлеканалы, дагляд рэчаў на ўваходзе, папярэдняя акрэдытацыя. Гэта па форме. Па змесце — нудоціна яшчэ тая. Больш за дзве гадзіны “абласныя лазавікі” манатонна агучвалі старанна напісаныя тэксты з лічбамі і цытатамі пра тое, як яны правяралі подпісы за кандыдатаў. Адзінай радасцю сярод гэтага былі перлы кшталту "Это физически не укладывается ни в какой ум!" аўтарства кіраўніка магілёўскага выбаркама. Такім чынам ён ацаніў якасць подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі.
Парадаваць публіку ўсе шанцы мела таксама Жанна Раманоўская, якую хоць і не зарэгістравалі, але выказацца дазволілі. Былая настаўніца спеваў на радасць журналістаў збіралася заспяваць з трыбуны мулявінскую “Малітву”, але ў апошні момант спаслалася на пашкоджаны голас. А шкада.
Карацей, выглядала пасяджэнне ЦВК як занудная спроба яго сябраў давесці сабе і іншым легітымнасць выбараў. Напрыканцы Лідзія Міхайлаўна так і сказала: “Мы заўсёды працуем на прызнанне выбараў. А вось прызнаваць іх альбо не — гэта ўжо залежыць ад Захаду”.
Другой падзеяй быў супрацьвыбарчы пікет Мікалая Статкевіча ля ГУМа. Харошы быў, у прынцыпе. 200 чалавек, рэпарцёры, анлайны, камеры (БТ, дарэчы, таксама культурна так усё здымала, стэндапы рабілі). Лябедзька прыйшоў, Някляеў, Міхалевіч сціпла на дзве хвіліны (сарваў апладысменты). Статкевіч нават на парапет ГУМа ўзлез, у мегафон пакрычаў. Крычаў, праўда, у асноўным пра старое. Пра тое, што выбараў няма і хадзіць на іх няма сэнсу. Быццам у Беларусі гэтага за 20 гадоў яшчэ нехта не зразумеў. Але людзям падабалася — больш за дзве гадзіны слухалі. Фатаграфаваліся, сэлфі бамбілі, проста дакрануцца падыходзілі. Пад пільным наглядам і аховай міліцыі.
— Ой, а что это тут происходит?
— Статкевич. С людьми разговаривает.
— Вы что? Он жив? Я думала, он умер.
— Жив, как видите.
— Как интересно. Пойду послушаю.
Cтавіцца народ да Статкевіча цяпер як да бога. Ну, ці як да Брэда Піта мінімум. Сам бачыў, на ўласныя вочы.
Ішоў у рэдакцыю пасля пікета позна ўвечары і думаў, што ў прынцыпе харошая карцінка будзе ў выніковай нядзельнай “Панараме”. Спачатку ЦВК пакажуць з канцылярскімі справаздачамі, паказальным разносам Цярэшчанкі, трохі Караткевіч мільгане ў якасці альтэрнатывы, а на завяршэнне сюжэта стэндап з разгулу дэструктыўнай апазіцыі на фоне незадаволенага Статкевіча з мегафонам і бела-чырвона-белых сцягоў. Ідылія, не? Асабліва павінна спадабацца назіральнікам з АБСЕ. Паспрабуй ім потым дакажы, што ў выбарчую кампанію праціўнікам рэжыму слова не давалі.
Спектакль, карацей. Не ўдзельнічае ў ім толькі Лукашэнка, які 10 верасня займаўся нашмат больш прыемнай і зразумелай для электарату справай — сустракаўся з найлепшай біятланісткай свету і проста вельмі прыгожай жанчынай. Гэта таксама пакажуць па ўсіх каналах. Толькі асобна ад Ярмошынай, Улаховіча, Гайдукевіча і Статкевіча з Караткевіч.
Алесь Пілецкі — спецыяльны карэспандэнт Еўрарадыё, спецыялізуецца на грамадска-палітычнай тэматыцы. Асвятляў прэзідэнцкую кампанію 2010 года, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў Польшчы і Чэхіі, падзеі на Майдане у Кіеве зімой 2013-14 гадоў, саміт “Усходняга партнёрства” у Вільні і Мінскі саміт "Нармандскай чацвёркі" ў лютым 2015-га.
Фота nn.by