Муфцій Беларусі: Не апраўдваю тэрарыстаў, але журналісты вінаватыя
Чаму мусульмане крыўдзяцца на карыкатуры з прарокамі? І ці ёсць у мусульман пачуццё гумару?
7 студзеня трое ўзброеных мужчын напалі на будынак французскага сатырычнага штотыднёвіка "Charlie Hebdo". Былі забітыя 12 чалавек, сярод іх 8 журналістаў і 2 паліцэйскіх. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў муфція мусульман Беларусі, як яны ставяцца да таго, што адбылося і да саміх карыкатур. Муфцій Беларусі Алі Варановіч пра трагедыю ў Парыжы даведаўся за паўгадзіны да нашай размовы.
Еўрарадыё: Што вы думаеце з нагоды трагедыі ў Парыжы?
Алі Варановіч: Я ўспамінаю падзеі 5-6 гадовай даўніны, калі Здзвіжкоў у газеце "Згода" хацеў перадрукаваць карыкатуры і тады яго асудзілі на 3 гады. Таму ў Беларусі ўсё спакойна. (Еўрарадыё: У 2006 годзе газета "Згода" напісала артыкул з карыкатурамі, у тым ліку, з выявай прарока Мухамеда. В.а. рэдактара Здзвіжкова асудзілі на 3 гады за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці) Таму што жартаваць з рэлігіяй насамрэч нельга. Я не падтрымліваю тых, хто тэракты ў Парыжы здзейсніў. Але я ў большай ступені падтрымліваю беларускі ўрад, таму што такія рэчы, як жарты з рэлігіяй, трэба караць. Караць законным чынам, асуджаць. А бязмежная свабода сумлення можа прывесці і да такіх вынікаў.
Еўрарадыё: Вы бачылі карыкатуры французскага выдання?
Алі Варановіч: Краем вока глядзеў. Але на самой справе, не задаваўся мэтай іх шукаць.
Еўрарадыё: Вас асабіста яны крыўдзяць і чым?
Алі Варановіч: Само паняцце "карыкатура на прарока" крыўдзіць. Кожны мусульманін павінен любіць прарока больш за ўсіх людзей. А тут, разумееце, хтосьці адважваецца публікаваць нейкія карыкатуры. У прынцыпе, мяне крыўдзіць нават само паняцце карыкатура на Ісуса або Майсея ці некага яшчэ з вялікіх прарокаў. Нельга гэтага дапускаць.
Еўрарадыё: Любы жарт, звязаны з прарокам будзе крыўдзіць Вас, як мусульманіна?
Алі Варановіч: Вядома. Гэта ж не жарты, нельга так жартаваць. Я нават чытаў, калі прарока выявілі ў паўаголеным выглядзе. Гэта абуральна.
Еўрарадыё: Над чым жартуюць мусульмане, ці ёсць у мусульман пачуццё гумару?
Алі Варановіч: Пачуццё гумару ёсць. Можна жартаваць на сямейныя пытанні, яшчэ нейкія. Але не пытанні рэлігіі. Над богам, прарокамі нельга жартаваць.
Еўрарадыё: Як вы думаеце, ці ёсць у журналістаў права выказваць сваё меркаванне так, як яны хочуць?
Алі Варановіч: Наконт правоў я не спецыяліст у французскіх законах. Напрыклад, наша беларуская дзяржава Здзвіжкову паказала, дзе яго ёсць права. Кожны журналіст павінен прадугледзець, да чаго прывядуць яго публікацыі. Я не кажу, што яны заслугоўваюць такога пакарання, якое яны панеслі. Я не апраўдваю гэтых тэрарыстаў. Але ў прынцыпе, журналісты вінаватыя. Я чытаў, што яны на іншыя рэлігіі друкавалі карыкатуры — гэта таксама дрэнна!
Еўрарадыё: Так, але дзіўна, што я не чуў, каб каталікі крыўдзіліся на карыкатуры. Чаму мусульмане так крыўдзяцца на рэлігійны гумар?
Алі Варановіч: Разумееце, ёсць нейкія на самай справе забароненыя тэмы. І таму іншы бок, тыя ж журналісты, павінен прадугледжваць гэтую рэакцыю і несці маральную адказнасць за тое, што яны робяць. Калі пра маю маму пачнуць жартаваць або карыкатуры маляваць, я б таксама пакрыўдзіўся. А чаму іншыя не крыўдзяцца, гэта ў іх трэба спытаць.
Еўрарадыё: Наколькі я разумею Вас, любы малюнак прарока будзе крыўдным, усё адно, жарт гэта ці не?
Алі Варановіч: Прарокаў наогул нельга выяўляць ні ў добрым, ні ў дрэнным выглядзе. Наогул нельга! А тым больш у дрэнным — у карыкатуры. Але нават малюнак у добрым выглядзе выклікаў бы абурэнне.
Еўрарадыё: Патлумачце, чаму?
Алі Варановіч: Таму што мусульмане не пакланяюцца прарокам. А ўзнікненне якіхсьці малюнкаў можа прывесці да пакланення гэтым малюнкам. Таму, у прынцыпе, малюнкі прарокаў былі забароненыя.
Еўрарадыё: Калі мусульмане не пакланяюцца прарокам, то чаму крыўдзіць, калі нехта жартуе над імі?
Алі Варановіч: Таму што яны любяць і паважаюць прарокаў. А пакланяюцца яны толькі богу. У нас вельмі моцны падзел, ёсць Алах — бог, Усявышні, якому пакланяемся. Ёсць прарокі, яны данеслі да нас яго адкрыцці. Мы іх любім і паважаем, але не пакланяемся.
Фота: arraid.org
Двое мужчын у масках, узброеныя аўтаматамі напалі на рэдакцыю "Charlie Hebdo" 7 снежня. За гадзіну да нападзення ў Твітар-акаўнце штотыднёвіка была апублікаваная карыкатура на лідара тэрарыстаў "Ісламскай дзяржавы" з подпісам: "З найлепшымі пажаданнямі".
На самой карыкатуры напісана: Пажаданні ад Аль-Багдадзі таксама: "І асабліва здароўя".
Справа ў тым, што ў СМІ паведамлялася, што Аль-Багдадзі забіты пры авіяналёце.