"Мы ідзём у нікуды": Інстытут гісторыі губляе навукоўцаў
Супрацоўнікі Інстытута гісторыі. Злева направа — Кацярына Крывічаніна, Андрэй Мацук, Васіль Варонін.
У жніўні 49 супрацоўнікаў Інстытута гісторыі падпісалі калектыўную заяву з патрабаваннем рэфармавання палітычнай сістэмы і спынення гвалту з боку сілавікоў. Чацвёра з падпісаных былі затрыманыя за ўдзел у пратэстах, яны атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы.
Пасля гэтага адміністрацыя інстытута вырашыла не працягваць працоўныя кантракты некаторым гісторыкам. Сярод тых, хто хутка пазбавіцца працы, — актывісты і сябры прафсаюза з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Рашэнне аб непадаўжэнні кантрактаў абурыла іншых навукоўцаў. У знак пратэсту гісторыкі Васіль Варонін, Уладзімір Тугай, Андрэй Мацук, Вадзім Аніпяркоў, Андрэй Унучак вырашылі не працягваць кантракты з установай: тэрмін іх дзеяння заканчваецца 31 снежня 2020 года.
— Шэраг супрацоўнікаў інстытута выступае супраць звальнення калег, якіх звальняюць не з прафесійных прычын. Прычыны іх звальнення, хутчэй, палітычныя.
Сутнасць нашай заявы зводзіцца да таго, што мы салідарныя з гэтымі супрацоўнікамі, і калі яны будуць звольненыя, то мы гатовыя пайсці ў знак салідарнасці з імі, — расказвае Еўрарадыё гісторык Васіль Варонін. — Да 31 снежня ўключна мы ўсе працуем, але з першага студзеня некаторыя не будуць працаваць. Напрыклад, Андрэй Мацук і Вадзім Аніпяркоў прынялі рашэнне не заключаць кантракт з наступнага года. Я таксама прыняў рашэнне, што не буду працаваць у інстытуце. Усе падпісаныя гатовыя сысці, калі звольняць некалькі чалавек, якія былі актывістамі па частцы адстойвання правоў супрацоўнікаў, якія трапілі пад адміністрацыйныя спагнанні.
Кацярына Крывічаніна — старшыня прафсаюзнага камітэта інстытута, Аляксей Шаланда — яе намеснік. У жнівеньскай заяве супраць гвалту іх прозвішчы стаялі першымі. Адміністрацыя інстытута вырашыла не падаўжаць з імі кантракт.
— Гэта звязана з агульнай сітуацыяй у краіне. Гісторыкі не адзіныя, каго вышпурваюць з працы. Мы гэтых людзей вельмі добра ведаем — гэта прафесіяналы, людзі з сумленнем. Няправільна, што іх звальняюць вось такім чынам, і мы хочам выказаць сваю падтрымку, — працягвае Васіль. — Я мяркую, што грамадзяне краіны маюць права на мірны пратэст. Асабліва калі для гэтага ёсць падставы — а я думаю, што такія падставы ёсць.
Гісторыкі пакуль не ведаюць, што будуць рабіць пасля звальнення. У навуковых колах ужо разглядалі магчымасць арганізацыі незалежнага гістарычнага інстытута, але Васіль Варонін тлумачыць, што стварыць яго пакуль што не ўдаецца з шэрагу прычын:
— Сітуацыя такая, што на сённяшні дзень гістарычная навука знаходзіцца пад крылом дзяржавы. Недзяржаўных гістарычных і даследчых устаноў проста няма. Гэта сітуацыя досыць дзіўная: гістарычная навука цалкам кантралюецца дзяржавай.
— На цяперашні момант мы ідзём у нікуды. Ніякіх іншых прац, дзе мы б выкладалі хоць бы на паўстаўкі, у нас няма, — расказвае Еўрарадыё калега Васіля Вароніна Андрэй Мацук. — Але з прафесіі я дакладна не пайду. Выканаўца абавязкаў дырэктара Вадзім Лакіза сказаў нам напісаць заяву. Мы напісалі, яна гучыць так: "Паведамляю Вам, што адмаўляюся ад прапанаванага працоўнага кантракта як выраз салідарнасці са звольненымі калегамі, а таксама кіруючыся маральнымі крытэрыямі і прафесійнай этыкай".
Пасля нашай заявы нам прапаноўвалі кантракты на тры гады. Гэта выглядала крыху смешна, склалася адчуванне, што такім чынам хацелі, каб мы перадумалі.
У СМІ згадвалася, што супрацоўнікі інстытута ўжо звольненыя, але гэта не так.
— Ніхто нікога пакуль што не звольніў, — тлумачыць гісторык Андрэй Радаман. — Людзі ў знак салідарнасці выказалі сваю пазіцыю. Працягваць ці не працягваць працоўныя адносіны — гэта выбар кожнага чалавека. Больш за тое, мы не настойваем, каб людзі праяўлялі тыя ж формы салідарнасці, якія праяўляем мы. Праяўленне формаў салідарнасці можа быць рознае.
Што зменіцца ў інстытуце пасля звальнення навукоўцаў? На думку гісторыка Андрэя Радамана, навуцы гэта не пойдзе на карысць:
— Нашым сябрам, якія застануцца тут працаваць, будзе цяжка. Мы не ведаем, як будуць рэдагавацца кнігі пасля першага студзеня 2021 года. Мы не ведаем, як зменяцца патрабаванні дырэкцыі адносна таго, як супрацоўнікі павінны адказваць на запыты ад органаў улады, — гэта ўжо іншае пытанне. Магу сказаць абсалютна шчыра: я не бачу замены, напрыклад, Аляксандру Жлутку, Андрэю Мацуку, Васілю Вароніну і гэтак далей. Гэта спецыялісты, якія па сваім кірунку вядучыя ў краіне.
Андрэй Мацук тлумачыць, што ў Інстытуце гісторыі існуе практыка планавых скарачэнняў супрацоўнікаў. Але тое, што звальняюць найлепшых з найлепшых, — нонсэнс для ўсіх.
— Скарачэнні бываюць, але калі б звольнілі на падставе пераатэстацыі, я б яшчэ зразумеў. Але звальняюць менавіта тых навуковых супрацоўнікаў, у якіх стаж па 15-20 гадоў. Не прапаноўваюць кантракты тым людзям, якія маюць грамадзянскую пазіцыю. Гэтыя людзі асабліва каштоўныя, сюды не возьмеш студэнта, каб ён пачаў выконваць тую ж работу. На мой погляд, калі звальняюць такіх людзей, то інстытут, безумоўна, панясе страты. Толькі ўзнікае пытанне: ці цікавіць гэта кагосьці з чыноўнікаў?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.