На птушкафабрыцы "Беларуснафта-Асобіна" знікла 17 тон курэй

На птушкафабрыцы "Беларуснафта-Асобіна" знікла 17 тон курэй

11 студзеня на складзе гатовай прадукцыі забойнага цэха РУП "Беларуснафта-Асобіна" прайшла інвентарызацыя. Падчас яе выявілася, што знікла 17 тон мяса птушкі — на суму амаль у 57 тысяч рублёў, піша tut.by

Работнікі птушкафабрыкі кажуць, што спачатку недастачу хацелі павесіць на іх, але цяпер абяцаюць правесці расследаванне.

Работніца прадпрыемства Лідзія распавяла журналістам, што начальнік скклада прынёс рабочым спіс. Там насупраць кожнага прозвішча стаяла сума, якую трэба заплаціць. Некаторыя работнікі падпісвалі і згаджаліся. Аднак 4 лютага прайшоў сход з удзелам гендырэктара, які заявіў, што сам усё праверыць. 

Работнікі птушкафабрыкі распавядаюць, што кампенсацыя з аднаго чалавека складала ад 700 да 1000 рублёў.

Сямёра работнікаў звярнуліся да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Па іх словах, недастачу падзялілі на ўсіх матэрыяльна адказных — 59 чалавек, пагражаючы звальненнем. Судаленка мяркуе, што патрабаванне наймальніка незаконнае. Ён дапамог работнікам падрыхтаваць заяву ў камісію па працоўных спрэчках, пагражаючы падаць у суд. 

У прэс-службе ПА "Беларуснафта", чыім даччыным прадпрыемствам з'яўляецца птушкафабрыка, кажуць, што ніякіх загадаў аб прыцягненні работнікаў да матэрыяльнай адказнасці пакуль не выдавалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі