Навошта беларускія вайскоўцы чапляюць на машыны георгіеўскія стужкі (відэа)

Георгіеўская стужка стала самым папулярным сімвалам сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Выкарыстоўваюць яе і некаторыя жыхары Беларусі. Асабліва чорна-аранжавыя стужкі кідаюцца ў вочы, калі аглядаеш аўтамабільныя паркоўкі ля мінскіх ваенных часцей. Тое, што адзначаныя георгіеўскімі стужкамі машыны належаць вайскоўцам, сумневаў няма: у салонах бачым элементы ўніформы ці вымпелы нашых часцей.

Дарэчы, аглядаючы службовыя аўтамабілі на тэрыторыі ўнутранага двара Міністэрства абароны, чорна-аранжавых стужак не заўважаем.

Навошта нашы вайскоўцы пачапляюць сёння гэты сімвал? Магчыма, яны працягваюць такім чынам святкаваць 9 траўня. А можа быць, акрэсліваюць сваю пазіцыю ва ўкраінскай вайне, падтрымліваючы анексію Крыма і сепаратыстаў на ўсходзе суседняй краіны. А гэта ўжо трывожна.

Дрэнных прыкладаў такога кшталту хапае ў суседняй Украіне. Камандзір батальёна тэрытарыяльнай абароны “Данбас” Сямён Сямёнчанка ў інтэрв’ю Еўрарадыё папярэдзіў, што “ўкраінскія органы ўлады, спецслужбы, армія проста перанасычаныя расійскай агентурай”. У Беларусі, на думку Сямёнчанкі, тая ж сітуацыя.

Высвятляем, што наконт чорна-аранжавых стужак і поглядаў шараговых беларускіх вайскоўцаў думаюць у Генштабе Узброеных сіл нашай краіны.

“Вашыя асцярогі абсалютна не абгрунтаваныя. Таму што ўсё залежыць ад таго, хто і які сэнс укладае ў той ці іншы сімвал, — лічыць Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі. — Для нас гвардзейская стужка была, ёсць і застанецца сімвалам Вялікай перамогі і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за тое, гвардзейская стужка размешчаная на большасці юбілейных узнагарод, якія зацверджаныя ўказам кіраўніка нашай дзяржавы. У тым ліку на медалях “70 гадоў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў” і “70 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Гэтая стужка была, ёсць і будзе галоўным атрыбутам святаў, ніхто яе не адмяняў і не адменіць”.

Еўрарадыё: “Сёння праз падзеі ва Украіне змяніўся кантэкст выкарыстання гэтага сімвала. Вы лічыце, што беларускія афіцэры ўкладаюць у гвардзейскую стужку менавіта сэнс перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне?”

Уладзімір Макараў: “Так, безумоўна. Толькі Вялікая перамога ў Вялікай Айчыннай вайне супраць фашызму. Афіцэры былі, ёсць і застаюцца з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і выбітным беларускім народам. Нашая армія ставіць у прыярытэт нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь, на першым месцы сярод якіх — абарона незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Дзеля справядлівасці паведамім, што чорна-аранжавыя стужкі пачэпленыя далёка не на кожнае аўто беларускіх вайскоўцаў, гэта не татальная мода. А на старонках у сацсетках курсантаў Ваеннай акадэміі РБ нячаста сустрэнеш пасты ў падтрымку ўкраінскіх сепаратыстаў і анексіі Крыму.

Сёння ў Расіі чорна-аранжавую стужку называюць георгіеўскай і лічаць яе галоўным сімвалам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прапагандаваць чорна-аранжавы сімвал пачалі ў пуцінскую эпоху. А заснаваны ён быў у Расійскай Імперыі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Цікава, што стужку такіх жа чорна-аранжавых колераў выкарыстоўвалі і некаторыя калабарацыяністы (напрыклад, уласаўцы), якія супрацоўнічалі з Гітлерам.

У савецкія гады стужку называлі Гвардзейскай і ніяк не звязвалі яе з царскай эпохай. З 40-х гадоў Гвардзейскую стужку пачалі выкарыстоўваць у ваенна-марскім флоце СССР і на некаторых узнагародах.

Ва Украіне праз канфлікт з Расіяй георгіеўскую стужку сёння называюць “каларадскай”, а людзей, якія яе пачапляюць — “каларадасамі”. Пра адрозненні георгіеўскай і гвардзейскай стужак мала хто ведае. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі