Першае размеркаванне: дзяржзаявак не хапіла, таму адпусцілі да прыватніка
А тыя, каму хапіла, едуць працаваць у Крупкі майстрамі па азеляненні за 2,8 мільёна.
Першыя размеркаваныя сёлета — студэнты, якія навучаюцца 4,5 года замест 5. Іх размеркавалі ў снежні-студзені. Спрабуем даведацца, ці задаволеныя маладыя спецыялісты першым працоўным месцам.
Крызіс дапамог
Васіліне з БДТУ пашанцавала, не хапіла дзяржаўных заявак, таму маладога інжынера садова-паркавага будаўніцтва размеркавалі да прыватніка.
Васіліна: “Я адразу ўзяла заяўку ад прыватніка. І мяне туды адправілі, бо проста не хапіла дзяржаўных заявак. Дзяржаўных заявак было, напэўна, 14, а нас 23”.
А яе аднакурсніцу Лідзію накіравалі адпрацоўваць майстрам у Крупкі. Хаця яна інжынер садова-паркавага будаўніцтва.
Лідзія: “У Крупках, там ЖРЭА, і ад яго аддзел па добраўпарадкаванні, на месца майстра. На гэтую пасаду можа ісці спецыяліст з сярэднеспецыяльнай адукацыяй. Проста нас выпускаюць многа, і месцаў не хапае, таму так размяркоўваюць. Але я збіраюся ў магістратуру, таму там планую працаваць нядоўга. Жыллё даюць”.
ВНУ задаволеныя першымі размеркаванымі
Ва ўніверсітэтах чакаюць асноўнага размеркавання, якое праходзіць у красавіку-траўні. Пакуль у Беларускім тэхналагічным размеркаваліся 3 факультэты. Адміністрацыя у цэлым задаволеная.
“Пакуль тых, хто вырашыў выплаціць сродкі за навучанне, няма, але яны з’яўляюцца пазней. Мы ж таксама глядзім на жаданне студэнта. У Мінску, звычайна, застаюцца тыя, у каго інжынерна-эканамічныя спецыяльнасці, лесагаспадарчыя — больш у рэгіёнах”.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт пакуль размеркаваў толькі эканамістаў. Усе заяўкі закрылі, бо маленькі выпуск. Заяўкі на красавік, калі будзе асноўнае размеркаванне, ужо прыходзяць. Але колькі іх будзе і ці паўплывае крызіс — не вядома.
Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова размеркаваў пакуль толькі сацыяльных работнікаў. Толькі студэнтаў з дзецьмі вызвалілі ад адпрацоўкі.
У Інстытуце журналістыкі БДУ таксама размеркавалі першых выпускнікоў з кафедры Тэхналогій камунікацыі. Па словах студэнтаў, усе паехалі туды, куды хацелі.
Летась універсітэты выпусцілі 21 тысячу маладых спецыялістаў, якія вучыліся за кошт бюджэту, падлічвае Белстат. З іх размеркавалі 20 тысяч, засталіся працаваць толькі 19,2 тысячы чалавек. Гэта 94% ад усіх размеркаваных.
Фота: izvestiaur.ru