Прабівацца ва ўчастковыя камісіі апазіцыя не надта і збіраецца

У Беларусі будзе створана 6 129 участковых выбарчых камісій. Гэта, нагадаю, тыя людзі, якія першымі лічаць галасы — колькі за якога кандыдата выбаршчыкаў прагаласавала. Колькі сваіх прадстаўнікоў гатовыя накіраваць у гэтыя камісіі дэмакратычныя кандыдаты? І ці займаюцца яны ўвогуле гэтым пытаннем, бо падаваць заяўкі на ўключэнне ў склад участковых камісій можна толькі да 23 жніўня.

Кіраўнік выбарчага штаба Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў упэўнены, што актывістам “Гавары праўду” не месца ва ўчастковых камісіях. Чаму?

“Бо калі ўсе нашу людзі будуць уключаныя, да прыкладу, ва ўчастковыя камісіі, то яны не здолеюць займацца агітацыйнай кампаніяй. А сумяшчаць гэта будзе цяжка. А вось у назіранне мы будзем уключацца. Таму, думаю, пэўная колькасць у камісію падавацца будзе, але не шмат”, — тлумачыць Дзмітрыеў.

Праўда, Дзмітрыеў супакойвае, што створаная кампанія “Права выбару”, якая аб’ядноўвае “Гавары праўду”, Партыю БНФ, Рух “За свабоду”, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і БХД. Ад іх сумеснымі высілкамі ва ўчастковыя камісіі будзе накіравана каля 500 чалавек. Нагадаю, камісій — звыш 6 тысяч.

Не складалі спісаў і яшчэ не ведаюць, колькі чалавек накіруюць у склад участковых камісій і ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прызнаецца яе лідар Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Пакуль не гатовы сказаць, колькі іх будзе, але самае галоўнае, каб гэта былі падрыхтаваныя людзі і маглі якасна адпрацаваць”.

На кароткачасовым назіранні збіраюцца канцэнтравацца і ў штабе лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Яго намеснік Алег Гайдукевіч кажа, што ёсць тыя, хто сам хоча патрапіць у камісію — ім дадуць такую магчымасць. Іншыя ж хай спачатку агітуюць галасаваць за лідара партыі, а потым назіраюць за галасаваннем. Нам жа, маўляў, паабяцалі дэмакратычнасць і празрыстасць гэтага працэсу!

“Калі забяспечыць дэмакратычнасць і празрыстасць, то кароткатэрміновых назіральнікаў дастаткова для гэтага (каб кантраляваць працэс падліку галасоў, — Еўрарадыё). Калі з моманту пачатку датэрміновага галасавання, з улікам заканадаўства, з улікам таго, што сказалі Лазавік і Ярмошына, што будзем прысутнічаць пра падліку галасоў, то гэтага для нас дастаткова”, — разважае Гайдукевіч-малодшы. 

У штабе Віктара Цярэшчанкі ўвогуле разгубіліся, пачуўшы пытанне пра колькасць людзей, якіх збіраюцца накіроўваць ва ўчастковыя камісіі. І спачатку пачынаюць казаць тое, што рашэнне і спісы будуць дні праз два. Але, пачуўшы ад мяне пра планы канкурэнтаў засяродзіцца на назіранні, а не працы ў камісіях, радасна ўхапіліся за гэтую ідэю.

“У нас не палітычная партыя, а ініцыятыўная група грамадзян, якая падтрымлівае вылучэнне Цярэшчанкі. Мы ідзем крыху іншым шляхам, і нам прасцей было б вырашаць пытанне менавіта шляхам часовых… тых, хто будзе назіраць за выбарамі”, — крыху сумбурна адказваюць Еўрарадыё ў штабе вылучэнца-эканаміста.

У адрозненне ад калег-апанентаў левыя з партыі “Справядлівы свет” наадварот аддаюць перавагу ўдзелу ў камісіях перад назіраннем.

“Сябра камісіі лепш, чым проста назіральнік, — даводзіць кіраўнік выбарчага штаба Сяргея Калякіна Валерый Ухналёў. — Ён мае нашмат больш магчымасцяў: як бачыць тое, што адбываецца, так і паспрабаваць уплываць. Усё ж такі, сябра камісіі можа і пытанне паставіць і ўнесці ў павестку дня пасяджэння камісіі, і непасрэдна ў дзень галасавання глядзець, як адбываецца галасаванне і ўносіць прапановы, як павінен праходзіць падлік галасоў — гэта ж зусім іншая справа!”

Левыя плануюць вылучыць у склад камісій не менш за 300 чалавек. Але вылучыць і быць уключаным у склад камісіі — гэта таксама “зусім іншая справа”. 

Будуць сваіх людзей вылучаць у склад участковых камісій і ў Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Улаховіча. Колькі — невядома, калі — невядома, але будуць. Дамагчыся больш уцямнага адказу ад кіраўніка выбарчага штабу “казацкага вылучэнца”, аднаго, як гэта ні дзіўна, кіраўнікоў “Белай Русі” Міхаіла Абразцова не атрымліваецца. Як і тлумачэння, чаму яны ніводнага чалавека не вылучалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі…

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі