“Працуем чатыры дні на тыдзень. І так ужо больш за год”

Паведамленні пра скарачэнне працоўнага тыдня на самых розных прадпрыемствах Беларусі з’яўляюцца з пачатку года. Некаторыя так працуюць нават больш за год:

“Па пятніцах мы не працуем. То бок — чатыры працоўныя дні ў нас. Прыкладна год ужо. Калі пачнём працаваць як усе? Адкуль жа мне ведаць, я не начальства”, — расказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай віцебскага завода “Віцязь”.

Абзвоньваю іншыя больш-менш вядомыя прадпрыемсівы. На Беларускім металургічным заводзе супакойваюць — у іх усё добра:

“Мы на поўную загрузку працуем. Нават колькасць супрацоўнікаў павялічваецца. І гэта пастаянна. У канцы мінулага года, праўда, інжынерна-тэхнічныя супрацоўнікі тыдзень адпачывалі, але гэта ўсё. Прадпрыемства працуе стабільна”.

Амаль тое самае чую ў прыёмнай МЗКЦ. Не дзіўна — на сёння гэта хіба самае паспяховае аўтамабільнае прадпрыемства краіны:

“Ні сёлета, ні ў мінулым годзе мы працоўны тыдзень не скарачалі. У нас усё добра”, — расказваюць на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

Далей не ўсё так цудоўна. На “Гомсельмашы”, пачуўшы пытанне пра скарочаны працоўны тыдзень, адказваюць “Вядома, мы працуем па скарочаным”. Але без падрабязнасцяў. На МАЗе адказваць проста адмаўляюцца.

“Пішыце афіцыйны запыт. Так проста я гэтую інфармацыю вам даць не магу. Пішыце запыт, дасылайце факсам, мы разгледзім і вырашым, што рабіць”, — кажуць там.

Выглядае, што калі праблемы з загружанасцю рабочых ёсць, то не самыя вялікія. Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук расказвае, што ў чэрвені-ліпені прычынай паляпшэння сітуацыі з гэтым стала тое, што шмат хто з рабочых сышоў у летнія адпачынкі. “Але людзі з іх вернуцца восенню. Што тады будзе, цяжка спрагназаваць. Цяпер кіраўнікі прадпрыемстваў яшчэ неяк знаходзяць працу для ўсіх, але бясконца гэта працягвацца не можа”, — расказвае Ярашук.

Ёсць яшчэ адзін спосаб, дзякуючы якому прадпрыемствы утрымліваюць поўны працоўны тыдзень — звальненні. Міністэрства фінансаў публікуе звесткі, згодна з якімі, толькі на МТЗ за першыя тры месяцы года звольнілі каля 1300 рабочых (засталося 17,5 тысячы).

На думку прафсаюзнага лідара, пакуль сітуацыю нельга назваць крытычнай і сёлета забастовак ды мітынгаў чакаць не варта. Аднак сітуацыя ўсё больш пагаршаецца. “Людзі атрымліваюць тыя грошы, якія не зарабілі. Дзяржава выплачвае заробкі, дзякуючы прыбыткам вялікіх паспяховых прадпрыемстваў. Тыя, каго не задавальняе невялікі заробак і няпоўны працоўны тыдзень, звальняюцца самі, знаходзяць лепшыя месцы. Іншых задавальняе і тое, што даюць. Таму выбуху чакаць не варта. Але сітуацыя будзе пагаршацца. Будзе больш звальненняў, непазбежная новая дэвальвацыя, каб разгрузіць склады. Вось тады рабочым стане насамрэч цяжка пратрымацца”, — прагназуе Ярашук.

Таму скарочаны працоўны тыдзень, гэта, відаць, яшчэ не самае непрыемнае, што будзе адбывацца з беларускімі прадпрыемствамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі