"Прадпрымальнікі, якія проста сядзяць, прысуджаныя да павольнага памірання"
Прадпрымальнікам раяць аб'яднацца, рабіць свае аптовыя кампаніі і развівацца, бо слабыя заўсёды сыходзяць.
Умовы невыканальныя, кажуць прадпрымальнікі пра сертыфікацыю вопраткі. Адныя распрадаюць тавар, іншыя гатовыя сысці на рынкі суседніх краін. Што ж будзе з беларускімі гандлярамі і рынкамі?
Эканаміст Леанід Заіка ўвогуле лічыць, што прадпрымальнікі мусяць знікнуць як клас, незалежна ад Мытнага саюза.
"У эканамічным плане яны маюць межы развіцця. І заўсёды ідзе працэс цэнтралізацыі капітала, слабыя сыходзяць, а нашы прадпрымальнікі — гэта вынаходніцтва савецкага часу".
Прадпрымальніца з Мінска Кацярына Чыжык перайшла на бялізну і абутак беларускіх вытворцаў. Праблем з атрыманнем сертыфікатаў не мае. Але пагаджаецца, што для іншых місія невыканальная. Сертыфікацыяй мусіць займацца аптавік ці вытворца, лічыць яна.
"Яны павінны аб'яднацца неяк. Напэўна з'явяцца нейкія буйныя фірмы, якія будуць пастаўляць прадукцыю. Тады пацерпіць спажывец, бо будзе звужаны асартымент. 5-6 пастаўшчыкоў на краіну не змогуць забяспечыць яго".
Цяпер ідзе захоп рынка буйнымі гандлёвымі кампаніямі, а дробным гандлярам становіцца ўсё цяжэй канкурыраваць.
Прадпрымальнікі мусілі развівацца. Спачатку ён гандлюе гароднінай, потым джынсамі, потым адкрывае маленькую краму, тлумачыць Леанід Заіка.
"Ім можна параіць аб'яднацца, рабіць свае аптовыя кампаніі і рознічныя сістэмы. Так, як яны сядзяць і проста гандлююць на рынках, пазіраючы ў маленькае акенца, яны прысуджаныя да павольнага памірання. Ну што ж... мір праху іх".
Праблема з сертыфікатамі штучная, лічыць эканаміст, зробленая на пустым месцы. Бо пытаннем сертыфікатаў павінны займацца вытворцы і аптавікі. У Расіі ж, якая цяпер жыве па тых жа законах, што і Беларусь, ніхто не мае гэтых дакументаў і нашым прадпрымальнікам не дае.
"Увесь ідыятызм сістэмы мытнага ўзаемадзеяння ў тым, што прадпрымальнікаў зрабілі ахвярнымі казламі. Яны проста пасярэднікі, яны прадаюць тавары, якія зробленыя кімсьці іншым".
Наколькі гатовыя аб'ядноўвацца прадпрымальнікі, сказаць цяжка. Пакуль яны проста чакаюць і выжываюць, як прызвычаіліся за апошнія 20 гадоў.
Кацярына Чыжык: "Мы прыйшлі ў 1990-х, каб выжываць, і нічога не прасілі ў дзяржавы, акрамя кавалка асфальта на "Дынама". А потым нас пачалі ўводзіць у цывілізаваныя рамкі. Некаторых штрафавалі, некаторых вельмі моцна каралі. Не было паслядоўнага развіцця. Не было законаў, каб прадпрымальнікі маглі развівацца. Наадварот, было нешта новае, страшнае, прадпрымальнікі толькі паспявалі адбівацца і не верылі ў будучыню".
А таму і не развіваліся паводле законаў рынку. А цяпер могуць загінуць, не вытрымаўшы новых умоваў. У што, праўда, не верыць кіраўнік прадпрымальніцкага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Прадпрымальнікі плацяць шмат падаткаў, асабліва ў раёнах, дзе акрамя іх, больш ніхто не гандлюе, ствараюць інфраструктуру, гандлёвыя цэнтры і працоўныя месцы. 120 тысяч прадпрымальнікаў плацяць адзіны падатак:
"Але ёсць мінусы. Улада лічыць, што мы вывозім валюту. Але ж і апранаем насельніцтва. Замяніць прадпрымальнікаў зараз немагчыма. Некалькі буйных фірм не змогуць замяніць іх. Кожны прадпрымальнік мае свайго пакупніка. Мы прыйдзем да дэфіцыту тавару, зніжэння асартыменту, росту коштаў".
Цікава, што ў Расіі і Казахстане, якія таксама ў Мытным саюзе, як і мы, праблема так востра не стаіць. На думку Шумчанкі, гэта таму, што дзяржава не зважае на прадпрымальнікаў такога калібра.
"У Расіі зусім іншыя ўмовы. Там ніхто не звяртае ўвагі на прадпрымальнікаў такога калібра. У Казахстане, паводле нашай інфармацыі, урад і прадпрымальнікі дамовіліся: дробных не кранаем, бо гэта прывядзе да калапсу. І там няма праблем, праблемы толькі ў нас".