Прэм'ер-міністр Францыі прызнаў, што тэрактаў можна было пазбегнуць
Мануэль Вальс заявіў пра памылкі ў працы спецслужбаў.
Прэм’ер-міністр Францыі Мануэль Вальс прызнаў, што ў працы спецслужбаў па супрацьдзеянні тэрарызму былі дапушчаныя памылкі, у выніку чаго на працягу трох дзён загінулі 17 чалавек.
У эфіры тэлеканала BFM ён сказаў, што французскаму ўраду неабходна прааналізаваць гэтыя падзеі, перадае Радыё "Свабода".
Нагадаем, што 7 студзеня ў Парыжы пры нападзе на сатырычны часопіс Charlie Hebdo загінулі 12 чалавек, у тым ліку восем журналістаў. Падазраваныя ў тэракце браты Саід і Шэрыф Куашы былі забітыя ў пятніцу ў французскім горадзе Дамартэн-ан-Гаэль, дзе яны ўзялі закладніка. Падчас паліцэйскага штурму закладнік быў вызвалены.
У пятніцу ж на ўсходзе Парыжа загінулі чацвёра з васьмі закладнікаў, захопленых у габрэйскай краме ў раёне Венсэн. Нападнік Амедзі Кулібалі быў забіты падчас паліцэйскай аперацыі. У чацвер у парыжскім прыгарадзе Манруж невядомы застрэліў супрацоўніцу паліцыі.
Некаторыя эксперты ў галіне бяспекі лічаць, што напад на сатырычны часопіс Charlie Hebdo можна было б прадухіліць, калі б спецслужбы ўзмацнілі кантроль за братамі Куашы. Французскаму сілавікам было вядома, што яны ўваходзілі ў радыкальную ісламісцкую групоўку і, знаходзячыся ў Емене, кантактавалі з актывістамі "Аль-Каіды на Аравійскім паўвостраве". На думку іншых экспертаў, у Францыі жывуць больш за пяць тысяч ісламістаў і арганізаваць пільнае назіранне за ўсімі немагчыма.