Пружанскі сыр “Маасдам” каштуе амаль як галандскі

Ад 1 лістапада сыры, бананы, апельсіны, лімоны, рыба, фаршы ды кураціна выключаны са спіса сацыяльна значных прадуктаў.

У краме “Суседзі” Еўрарадыё заўважаюць, што кошты на бананы ды лімоны не выраслі. Наадварот!

“Мо нават і патаннелі: бананы каштавалі 14 000 рублёў, а зараз 10 000. У нас акцыі то на тую садавіну, то на гэтую. Нельга сказаць, што кошты выраслі на садавіну”, — кажа мне прадаўшчыца Святлана. Аднак яна заўважае, што цягам апошняга месяца найбольш у коштах раслі сыры.

“На адзін і той жа сыр за месяц кошт можа памяняцца два-тры разы. Было адзін раз на 150 рублёў. Тэндэнцыя падаражэння сыроў заўважна любому пакупніку. Калі ў мінулым месяцы кошт на сыр вышэйшага гатунку быў ну няхай 60 000 за кілаграм, дык зараз кошты выраслі да 70-80 000 рублёў. Канечне, засталіся сыры і за 50-60 000 рублёў”, — супакойвае дзяўчына.

На сталічным кірмашы “Камароўка” апельсіны і лімоны каштуюць, як і было.

За кіло апельсінаў просяць 15-18 000 рублёў, лімонаў — 18-25 000, а вось бананы трохі падаражэлі. Тыдзень таму кілаграм гэтай садавіны можна было набыць за 10-11 000 рублёў, зараз сустракаюцца кошты і 14 900 рублёў! А вось у краме “Ласунак” тыдзень таму кіло бананаў каштаваў 12 000 рублёў, зараз — 13 000 рублёў.

Цікава, што з ужо не сацыяльна значных прадуктаў заўважней даражэюць менавіта сыры.

Прадаўшчыцы сыроў на “Камароўцы” на пытанне, як у іх кошты змяніліся, дыпламатычна заўважаюць, што “кошты мяняюцца штодзень”.

Сярэдні кошт сыра на “Камароўцы” — каля 60 000 рублёў. Звычайны беларускі сыр “Расійскі” абыдзецца ўжо ў 67 000 рублёў. “Маасдам” Пружанскага сыраробнага камбінату каштуе ў сярэднім 83 тысячы, амаль як сыр такога ж сорту, але з Галандыі — 85 000 рублёў за кіло!

Як так?

На Пружанскім сыраробным камбінаце тлумачаць: розніцы ў коштах няма, бо… дарагая вытворчасць:

 “Бяром прадукцыю толькі экстракласа, больш доўгі перыяд выспявання. Сыравіна імпартная”, — у Пружанах дадаюць, што бліжэйшым часам будуць падымаць кошты!

“Бо трэба павышаць кошт сыравіны, а сыры на ўнутраны рынак некаторыя стратныя. Дарагія сыры даражэць не будуць, а звычайныя — прыкладна на 3%”, — кажуць у Пружанах.

У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Еўрарадыё заўважаюць, што калі кошты на больш не сацыяльна значныя прадукты будуць расці вельмі хутка, дык можна іх зноў уключыць у спіс сацыяльна значных.

"Калі на нешта рэзка папаўзуць уверх, можна ўсё вярнуць. Можна зноў іх пачаць рэгуляваць”.

Адзін з апошніх прадуктаў, які ў краіне адпускалі на свабоду, была гарэлка. У жніўні 2011 года яна каштавала 11-12 000 рублёў, а ў жніўні 2013 — ужо каля 40 000 рублёў. Тут кошты мяняюцца ледзь не штомесяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі