Прышчэпка ад гвалту: Ганна Севярынец — пра тое, што не бывае зменаў без пакутаў
Павел Севярынец пакараны сямю гадамі ўзмоцненага рэжыму. Як ні жорстка гэта гучыць, але гэта адзін з соцень і тысяч прысудаў, агучаных за апошнія месяцы. Спіс пакутнікаў-палітвязняў расце з кожным днём.
Як простаму чалавеку вытрымаць выпрабаванні? Ці памятае Беларусь сваіх пакутнікаў? Ці гатовыя былі Павел Севярынец і яго сваякі да такога прысуду? Што матывуе ката да здзекаў? Ці дарэчныя сёння гумар і пазітыў? Адказвае пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец.
Пра сілы для стасункаў з вучнямі і іншымі людзьмі
— Цяпер значна больш сіл даводзіцца выдаткоўваць на стасункі з іншымі людзьмі. Каб выйсці з дома з нармальным тварам і з ім зайсці да дзяцей у клас ці да Паўла ў кабінку спатканняў. Мы, аптымісты — такія ж людзі, як і ўсе. Перажываем тое ж, што і ўсе, і таксама нам бывае страшна, жудасна, жахліва. Сілы яшчэ ёсць і будуць, бо настаўнік у класе не можа сабе дазволіць ані істэрыкі, ані панікі, ані рыданняў. Гэтыя скілы ў нас пракачваюцца яшчэ ў першыя гады працы ў школе. Разумееш, якія цягліцы мацаваць і як адпачываць, каб выйсці да людзей у нармальным настроі.
Пра прысуд Паўлу Севярынцу
— Я адразу спытала: а чаму сем год, а не сто? Для мяне гэтыя лікі аднолькавыя. Я не магу ўнутры сябе разважаць пра сем год як пра час, які пройдзе ў цяперашнім становішчы. Я не веру ў гэта, таму лічба не важная. Больш мяне ўразіла калонія ўзмоцненага рэжыму: усё ж папярэднія тэрміны Павел праводзіў на “хіміі”. Сіл у яго меней, чым раней: усё ж такі ўзрост, і Павел не самы здаровы чалавек: у яго праблемы з суставамі пасля стаяння ў карцары на Акрэсціна ў сырасці і вадзе, таксама галаўныя болі ўвесь час. Але ў нас няма адчування, што Павел не вытрывае.
Пра прышчэпку ад гвалту
— Гэтыя рэчы цяжка прапускаць праз сябе. Раней я лічыла сябе прызвычаенай да іх, працуючы з дакументамі 1937 года. Я чытала пратаколы допытаў па справе пісьменнікаў, расстраляных у Курапатах. Я чытала пратаколы допытаў катаў ад 1938 года, дзе апісаныя катаванні. Я разумею, што тое, што нашае грамадства перажывае сёння, у нашай гісторыі ўжо было: адны катуюць, а іншыя гэта трываюць. Але калі ты гэта чуеш ужывую і разумееш, што гэта адбываецца ў тваім горадзе… Гэта вельмі цяжка ўсё.
Але не бывае сітуацый, у якіх такое цягнецца доўга. Каты стамляюцца, бо чалавек ёсць чалавек. Бясконца такое рабіць можа толькі невялікая колькасць людзей. У любога чалавека ёсць сумленне, або страх перад магчымым пакараннем, або страх перад тым, што ты ніколі не раскажаш гэта дзецям. Я проста ведаю, што гэта трэба вытрываць і перажыць, гэта як прышчэпка нашаму грамадству: пакутлівая, цяжкая, жудасная.
Гэта трэба перацярпець, таму што гэта ўсё намі дапушчана, мы самі да гэтага давялі. Трэба адпакутаваць у памежным варыянце, каб потым гадоў на сто ў нашых дзяцей і ўнукаў была прышчэпка ад гэтага ўсяго. Пакуль што не страляюць не таму, што не хочуць: я ўпэўненая, што думкі такія былі. Гэта маленькая перамога чалавецтва над жорсткасцю, адрэфлексаваны 1937 год. Калісьці перасталі есці адно аднаго і прыносіць у ахвяры багам. Градус жорсткасці спадае: няма масавых расстрэлаў і шыбеніц на вуліцах.
Загад як апраўданне для катаў
— Янка Брыль заўважыў: калі загадаць беларусу быць беларусам, ён будзе цудоўным беларусам. Але гэта працуе і ў іншы бок. Для чалавека, які жыве цяпер побач з намі ў адной краіне, загад — гэта загад. То-бок “ён не вінаваты, яму загадалі”. Потым з чыстымі вачыма яны будуць шчыра плакаць, што выконвалі загад.
Пасля перамогі матэрыяльна краіна адновіцца хутка, бо беларусы аднаўляліся хутка і не з такіх пеклаў! Але праца з мараллю: што такое добра і блага, як можна і нельга, які загад выконваць ці не — майго жыцця дакладна не хопіць, каб пасталела пакаленне, чыстае ад заганаў, якія прысутнічаюць у нас разам з нашымі прыўкраснымі якасцямі.
Пра павагу беларусаў да пакутнікаў
— Чалавек пасля смерці жыве даўжэй у памяці дзяцей, суседзяў, краіны, свету. У кантэксце гісторыі інтэрнэт захоўвае інфармацыю лепей за любыя архівы, пакуль застаецца электрычнасць. Па кожным з нас застаецца тое, што мы зробім, і гэта потым ужо не зменіш.
Мы на шляху да Беларусі, мы расцём. Нельга сказаць, што пакутнікі за Беларусь растварыліся ў небыцці: за кожным сочаць, увесь час расце колькасць людзей, якія іх памятаюць. Вуліцы, што называюцца імёнамі забойцаў, будуць называцца імёнамі забітых.
Як адшукаць у рэчаіснасці пазітыў і падставы для радасці?
— Цяпер патрэбныя гумар і весялосць. У нас ёсць пазітыўны парадак дня, але ён цяпер непублічны. Мне хочацца данесці разуменне, што жыве краіна і жывуць людзі, жыццё працягваецца і наперадзе святло. Павел сам у гэта верыць, але без падмацавання цяжка. Цяпер мы ўсе адно да аднаго мусім ставіцца з адказнасцю. Мы перажываем цяжкія часы, і мы адказныя адно за аднаго ў нашым маральным стане. Мы мусім рыхтавацца да таго, каб выходзіць да людзей з публічным словам.
Пра пакуты як чыннік выспявання чалавека як асобы
— Беларусь змяняе нас да лепшага: тых, хто хоча перамен. Мы змяняемся ў добры бок: кожны з нас і нацыя ў цэлым. Быкаў пісаў: “Чалавека робяць пакуты, без іх ён трава”. Дзеці мусяць плакаць, вучыцца эмпатыі, перажываць гора і разумець яго ў іншых. У горы чалавек вырастае больш правільным. Мы ўсе ў мурашніку.
Людзі — найлепшы паратунак ад рэчаіснасці
— Трэба ісці да сябе, да людзей. Прыкладам, у камеры Валадаркі Павел дапамог хлопцу па 328-м артыкуле прыйсці да Бога, хлопцу стала лепей. У чалавека няма іншага паратунку, як быць побач з людзьмі: братамі па Хрысту, калегамі, паплечнікамі. Нельга заставацца аднаму і здавацца, бо наперадзе шчаслівае жыццё. Шмат пройдзена, столькі ўкладзена. Нас і так пазабіваюць, не трэба самім дадаваць.
Пра магчымую дату будучай перамогі
— Я перастала думаць пра тое — калі, бо гэта падкошвае мяне саму, калі ты ставіш сабе нейкія даты. Я зразумела сваю адказнасць перад людзьмі: яны ж таксама вераць у хуткую перамогу. Няхай калі, але ў мяне няма ўнутранай магчымасці думаць, што перамогі не будзе. Яна будзе тады, калі трэба. Новы год я збіраюся сустракаць з іншым прэзідэнтам — зноў нейкая дата.
Як праца над кнігай стала абавязкам
— Я прымушаю сябе сядзець над творчасцю. У мяне ёсць пэўная колькасць папер, якія трэба пераводзіць у электронны выгляд. Я іх сабе назапасіла калісьці. Я прывязваю сябе да крэсла: хаця б раз на тыдзень што-небудзь зрабіць, каб кніжка рушыла далей. Гэта дакументальнае, у мяне доўг перад Міхасём Чаротам, я мушу выдаць гэтую кніжку. Раней я паглыблялася і калупалася ў сваіх 1920-х, а цяпер гэта ўжо нават не ратуе. Цяпер гэта проста абавязак, каб я разумела, што кніга робіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.