Работніка банка ў Мінску затрымалі за графіці
Супрацоўніка банка ў Мінску затрымалі за графіці, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Паводле звестак міліцыі, 21 ліпеня каля 23:00 ім затэлефанаваў мінчук і распавёў, што пад мостам невядомы чалавек піша надпісы на плітках і слупах. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі ППСМ Фрунзенскага РУУС. Выявілася, што гэта 45-гадовы работнік аднаго са сталічных банкаў.
У сталічнай міліцыі сцвярджаюць, што работнік банка пісаў абразлівыя надпісы. На яго пачалі крымінальную справу за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці.
Іншага мужчыну затрымалі ў Цэнтральным раёне, калі ён рабіў надпісы на пешаходнай дарожцы каля 2:30 20 ліпеня. Гэта 35-гадовы мінчук, які нідзе не працуе.
Міліцыянты знялі на відэа допыт мужчыны:
— Я хацеў выказаць сваю думку.
— А палове трэцяй на асфальце?
— Ну, а па-іншаму не атрымліваецца.
Мужчына прызнаў сваю віну, суд прызначыў яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Другі затрыманы — гэта музыка TonqiXod Максім Субач. Як напісала ў Фэйсбуку намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, яго затрымалі, калі Максім паспеў напісаць "Хопіць баяцца Лу..." каля прыпынку грамадскага транспарту на Даўгінаўскім трактце, 30.
Нядбай прыводзіць сваё бачанне гэтай сітуацыі:
"Спынюся на некалькіх момантах: права на свабоду выказвання, сутнасць злачынства (хуліганства), прапарцыйнасць пакарання і парушанае права на абарону, якое тэарэтычна робіць незаконным прысуджанае пакаранне, а зняволенне робіць адвольным.
1) Максім — дзеяч культуры, і ягонае дзеянне можна і варта разглядаць з перспектывы свабоды выказвання. Спосаб, які абраў Максім, вынікае, сярод іншага, з наяўных абмежаванняў для крытычных выказванняў у публічнай прасторы (адсутнасць доступу да дзяржаўных СМІ, абмежаванні для масавых сходаў і неадпаведнасць закона аб масавых сходах міжнародным стандартам, якія, між іншага, Беларусь абавязалася выконваць, і г.д.).
2) Сутнасць “злачынства” — Максіма вінавацяць у хуліганстве, а хуліганства мяркуе наяўнасць адпаведнага матыву: адкрытае выказванне непавагі да нормаў грамадства. Ці меў надпіс “Хопіць баяцца Лу…” такі матыў? На мой погляд, не. Грунтуючыся на змесце надпісу можна сказаць, што ён не мае на мэце нікога абразіць (што не азначае, што меркаваны адрасат надпісу не можа абразіцца))). Але, вядома, тут мае значэнне меркаванне Максіма што да матыва, аднак яго меркаванне мы дагэтуль не можам пачуць. Цікава, што ў пратаколе судовага паседжання ўжытая фраза “не адмаўляў хуліганскі матыў” і гэта можа сведчыць таксама, што яму аўтаматычна гэты матыў прыпісалі. На жаль, у цяперашняй сітуацыі, не выслухаўшы Максіма, не выпадае давяраць пратаколам суда, бо мы ведаем, што судовая сістэма не зацікаўленая ў аднаўленні справядлівасці, а працуе як карны орган і выкарыстоўвае неспрактыкаванасць людзей у гэтых справах, узмацняючы яе і абмежаваннем доступу да абароны.
3) Прапарцыйнасць пакарання, а дакладней — у гэтым выпадку — яго непрапарцыйнасць. У гэтай сітуацыі можна абмежавацца штрафам і кампенсацыяй шкоды, але суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Касцян у якасці пакарання прызначыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што пакаранні ў электаральны перыяд відавочна маюць мэтай прэвентыўны ціск і запалохванне грамадзянаў.
4) І нарэшце — яшчэ адзін момант — парушанае права Максіма на абарону. 21 чэрвеня адвакатка намагалася патрапіць у ІЧУ для сустрэчы з Максімам, аднак ёй было адмоўлена “ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй”, што з’яўляецца парушэннем права Максіма на абарону, якое не можа быць абмежавана нават ва ўмовах надзвычайнага становішча. Больш за тое, любы працэс у адсутнасць прадугледжанай законам юрыдычнай дапамогі выключае законны прысуд, а значыць можна казаць, што ў выпадку з Максімам мы маем справу з адвольным утрыманнем у няволі.
Дадаткова варта звярнуць увагу на паводзіны службовых асобаў ЦІПа і ІЧУ на Акрэсціна і Цэнтральнага РАУСа: суд над Максімам адбыўся аб 11 раніцы 22 ліпеня, але на 21 гадзіну вечара 22 ліпеня ніводная з установаў не пацвярджала наяўнасць Максіма ў іх. Гэта азначае — акрамя перажывання сваякоў — немагчымасць перадаць перадачу, зноў-такі немагчымасць адвакату сустрэцца з Максімам, а ўрэшце — здзекі, якія можна прыраўнаць да катаванняў. Застаецца здагадвацца, ці гэта неахайнасць, ці свядомы крок. Але нішто не сведчыць пра тое, што гэта не свядомыя здзекі з Максіма і ягоных сваякоў і сяброў. Зрэшты, учора мы бачылі падобную (але больш жорсткую з увагі на папярэднюю гісторыю) сітуацыю з Паўлам Севярынцам, калі ягоным сваякам сказалі, што ўчора Паўла адпусцяць, а ў выніку потым сцвярджалі, што родныя нешта не так зразумелі.
А пакуль Максім не выйшаў і мы не пачулі ягоную версію, яму можна напісаць паштоўку:
Субачу Максіму Пятровічу
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў
1-ы зав. Акрэсіна, 36
Мінск, 220089".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.