Размеркаванне: з аўтатрактарнага — у міліцыю, з эканамічнага — у ВНУ

За два месяцы да асноўнага размеркавання і за два тыдні да папярэдняга аглядаем з універсітэтамі найлепшыя вакансіі.

З аўтатрактарнага — у міліцыю

Аўтатрактарны факультэт БНТУ гатовы адправіць выпускнікоў на мытню і ў міліцыю. Але самыя лепшыя заробкі — у аўтасалонах. Праўда, 20 чалавек забярэ трактарны завод, нягледзячы на крызіс.

“Гродзенская мытня некалькі чалавек узяла на сумоўе. Органы МУС абяцаюць нядрэнны заробак, ДАІ. Участковымі нашы не ідуць, у экспертызу ці ДАІ ідуць. Добрыя месцы па заробках — аўтасалоны. Там 5-7 мільёнаў”, — такія вакансіі на размеркаванне рыхтуе аўтатрактарны факультэт БНТУ.

На трактарным заводзе па ўсіх вакансіях, што ёсць на сайце завода, прапануюць ад 4 да 5 мільёнаў. У аўтасалоне плацяць больш.

З эканамічнага — назад ва ўніверсітэт

Эканамістам з Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта лепшыя месцы падрыхтавалі… у самім універсітэце.

“Звычайна, лепшым студэнтам, стыпендыятам прэзідэнцкага фонду даецца месца ва ўніверсітэце. Але яны могуць прынесці ліст з банка ці падатковай, і мы іх туды размяркоўваем. Тыя, хто добра вучыцца, маюць права размеркавацца па-за чаргой”.

На фізіка-матэматычным факультэце ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна пакуль усе вакансіі — у школах. Хаця тут вучаць таксама на “фізіка-праграміста” і “матэматыка-эканаміста”.

Псіхалагічны факультэт у Педагагічным універсітэце імя Танка ў Мінску накіроўвае ў школы, цэнтры творчасці і садкі. Пакуль тут ёсць толькі такія вакансіі для размеркавання.

З універсітэта транспарта ў Гомелі лепшых адпраўляюць у мінскі метрапалітэн. Гэтую вакансію студэнт-платнік Раман называе адной з лепшых, але сёлета пашанцуе толькі аднаму выпускніку.

З транспартнага — у Метрапалітэн

У выпуску Рамана пажадалі размеркавацца ўсе платнікі разам з бюджэтнікамі. А ён па папярэднім размеркаванні трапляе на Баранавіцкае аддзяленне чыгункі.

“Самому складана было знайсці працу. Чым вышэйшы бал, тым прэстыжнейшую працу могуць прапанаваць. Напрыклад, ёсць вакансія на мінскі метрапалітэн, туды трапляе той, у каго вышэйшы бал”.

Цяпер мінскі метрапалітэн прапаноўвае інжынеру амаль 6 мільёнаў.

Летась размеркаваліся 1,6 тысячы студэнтаў-платнікаў. Агулам у 2014 годзе беларускія ўніверсітэты падрыхтавалі 81 тысячу выпускнікоў.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі